Унікальная традыцыя памінаньня продкаў захавалася ў вёсцы Высокае на Магілёўшчыне. Там на Радаўніцу магілы пакрываюць абрусамі і накрываюць бяседны стол. Празь некалькі кілямэтраў тут ужо пачынаецца зона адсяленьня.
Магілу абавязкова накрыць. Як жывыя сустракаюцца з памерлымі на Магілёўшчыне. ФОТАРЭПАРТАЖ

1

2
Наведаць родных штогод прыходязць ня толькі тутэйшыя, але і тыя, хто даўно зьехаў і жыве ў іншых гарадах і краінах.

3
Зранку сваякі прыходзяць з абрусамі, капамі і ручнікамі. Прыбіраюць, вешаюць на крыж ручнік, накрываюць магілы і кладуць кветкі, яйкі і цукеркі.

4
Усе магілы павінныя быць пакрытыя. Гэтыя покрывы можна выкарыстоўваць толькі на могілках. Калі покрыва старэе, то яго можна ці аддаць бедным, ці спаліць, выкарыстоўваць іншым чынам нельга.

5
Раней покрывы былі вышываныя, цяпер шмат у продажы, таму людзі купляюць у краме.

6

7
“Тут пахаваны хлопец, бацька яго недзе зьнік, а ён неяк вярнуўся са школы, там нешта здарылася ў яго з аднаклясьнікамі, і павесіўся. А вось таксама тры магілы: дачка павесілася, 27 гадоў было. А праз адну яе маці ляжыць, шла нападпітку па кладачцы праз ручаёк, упала і не змагла падняцца. А гэта „аўганец“, магіла з зорачкай, у раёне два чалавекі загінулі”, -- апавядае гісторыі пахаваных мясцовы жыхар Генадзь.

8

9
Аляксандар — перасяленец зь вёскі Савінічы, зьнішчанай пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Тут у яго пахаваныя бацька і дзед з бабай. «Але цяпер накрываць на стол мы ня будзем, паеду на савініцкія могілкі ў зону, там мае асноўныя сваякі».

10

11

12
Генадзь і Надзея прыходзяць на могілкі да дзяцей, цешчы і далёкага сваяка. Дачка Вераніка нарадзілася ў 1985 годзе. «Праз год здарылася Чарнобыльская аварыя, — кажа Генадзь. — Наша вёска за некалькі кілямэтраў ад забруджаных тэрыторыяў. У 20 гадоў у Веранікі дыягнаставалі рак 4-й ступені...» Празь некалькі гадоў празь няшчаснае каханьне застрэліўся і сын Генадзя і Надзеі.

13
Тацяна цяпер жыве пад Масквой, але штогод зь сям’ёй прыяжджае сюды, да бацькоў і іншых сваякоў. «Яны чакаюць нас у госьці, мы прыходзім да іх і памінаем. Кажуць, які мы стол накрылі, так іх там і памінаюць. Радаўніца — сьвята, яны радуюцца там і чакаюць нас тут. Муж, калі першы раз пабачыў, як мы з торбамі сюды ідзем, падумаў, што гэта эвакуацыя на вёсцы».

14

15

16

17
За сталы звычайна сядаюць у абед. Мясцовыя згадваюць, што раней тут быў адзін стары вернік. Ён праходзіў з кадзілам, далей званіў у бубен, і толькі тады ўсе сядалі. Цяпер такіх людзей няма. Таму сядаюць, хто як прыедзе.

18
Самае галоўнае ў традыцыі, кажуць тутэйшыя, што яны ўсе разам тут зьбіраюцца і ня толькі са сваякамі. Тут і аднаклясьнікаў сустрэнеш, і суседзяў былых.

19
Алена згадвае, што калісьці тут было шумна, багатыя сталы, сядзелі дапазна, гулялі нават у лапту, карты і шахматы. Апошнім часам маладзейшыя адмаўляюцца есьці на могілках. «Але як я скажу сваёй 70-гадовай цёці Валі, сталаму чалавеку, якая ўсё жыцьцё хадзіла на могілкі і абедала, адмовіцца ад гэтай традыцыі».

20
Валянціна Міхайлаўна і Віктар Яфімавіч нядаўна адсьвяткавалі «залатое вясельле». На могілках у Высокім у іх пахаваны сын, які памёр ад сардэчнага прыступу.

21
Спадарыня Юлія Яфіменка прыйшла да мужа і ягоных сваякоў. Яна нарадзілася пад Шчучынам у вёсцы Еўлашы. Пасьля вучылася ў Астрыне на кінамэханіка, там пазнаёмілася з будучым мужам і пераехала ў Высокае. Тут спадарыня Юля ўпершыню сустрэлася з такой традыцыяй памінаньня.

22
Калі заканчваецца абед, покрывы прыбіраюць. Абрусы, якімі накрываюць могілкі, у той жа дзень праць нельга, толькі на наступны.