Хакейная зборная Беларусі, якая сёлета выступае ў першым дывізіёне сусьветнага чэмпіянату, што праходзіць у Казахстане, здабыла сабе права вярнуцца ў элітны дывізіён.
Беларускія хакеісты ў гульні з камандай Казахстану прайгравалі 0:2, але здолелі зраўняць лік, давёўшы гульню да овэртайму.
Дзякуючы гэтаму, нават у выніку прайграўшы 2:3, беларуская каманда здабыла неабходны для вяртаньня ў элітную шаснаццатку адзін пункт.
Посьпеху беларусаў дапамагла сэнсацыйная перамога Літвы над Паўднёвай Карэяй 2:1. Пасьля гэтай паразы карэйская каманда страціла шанцы на выхад у элітны дывізіён.
У апошні гульнёвы дзень Беларусь згуляе з Паўдзённай Карэяй, але вынік гэтага матчу ўжо не паўплывае на разьмяшчэньне камандаў у турнірнай табліцы.