Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму каталікам варта радавацца, калі ў пілігрымкі пойдзе і міліцыя


Масавая пілігрымка каталікоў на Будслаўскі фэст, 2013 год
Масавая пілігрымка каталікоў на Будслаўскі фэст, 2013 год

Савет Міністраў сваёй пастановай № 49 аб аплаце паслуг за масавыя мерапрыемствы, у тым ліку працу міліцыі, нарабіў розгаласу ў каталіцкіх колах. Тут і там чуваць плач, быццам не шараговая для нашай краіны пастанова выйшла, а сёмы анёл выліў келіх гневу. Закрычалі гуртам: «Усё прапала, усё! Канец працэсіям нашым і пілігрымкам!». Ці: «Паў, паў Бабілён, горад вялікі!» І лямант распачаўся ў гэтай беднай зямлі пустэльнай.

Што ж здарылася?

Згодна з пастановай № 49, арганізатар масавай акцыі мусіць заплаціць міліцыі за ахову грамадзкага парадку

  • 76,5 рубля — калі ў акцыі бяруць удзел да 10 чалавек
  • 637,5 рубля — ад 11 да 100 чалавек
  • 3825 рублёў — ад 101 да 1000 чалавек
  • 6375 рублёў — больш за 1000 чалавек

Многія каталікі цяпер кажуць, як той Міканор Іванавіч Босы, што «Няма ў нас валюты, няма, Богам клянёмся». Кажуць, што ніколі ў жыцьці яны не зьбяруць такой сумы, каб аплаціць паслугі міліцыі ў пілігрымцы.

Шкада вам грошай нашай няшчаснай бюджэтнай міліцыі, так і скажыце. Калі заплаціць органам, ну нікуды ж тыя грошы з краіны ня дзенуцца, тут недзе па нашай тэрыторыі будуць хадзіць туды-сюды. Гэта ж наш агульны дом. Нешта і нам перападзе, можа быць. Хаця ня факт.

Прапаную ня плакаць, а радавацца.

Варта замяніць слова «праблема» на «выклік» ці «прыгода» — і ўся гэта сытуацыя паўстане ў іншым сьвятле.

Першае. Сквапнасьць і срэбралюбства — грэх. Можа, рука Божая была на той злашчаснай пастанове — каб дапамагчы хрысьціянам перамагчы спакусы прыхаваць для сябе кругленькую суму на чорны дзень. Прызнайцеся: сто разоў чулі мы пра тое, што «аддай усё, што маеш, і ідзі за Мной», але ўсё вагаліся, думалі, разважалі... Тут жа рашуча можна скінуць зь сябе гэтыя залатыя ланцугі і выправіцца ў пілігрымку з чыстым сумленьнем і пустымі кішэнямі, якія часта — духоўны сынонім.

Аплочваем паслугу — можам патрабаваць нешта ўзамен. Напрыклад, душы

Ілюстрацыйнае фота. Міліцыя на Будслаўскім фэсьце, 2013 год
Ілюстрацыйнае фота. Міліцыя на Будслаўскім фэсьце, 2013 год

​Другое, але самае істотнае. Многія хрысьціяне забыліся пра абавязак «прапаведаваць Эвангельле ўсялякаму стварэньню» і словы апостала «Гора мне, калі не прапаведую».

Калі мы, напрыклад, замаўляем паслугу міліцыі «Ахова грамадзкага парадку» і шчодра плацім (шалёныя грошы!), то маем права патрабаваць розныя вычварэньні. Ну ведаеце, як у публічным доме. Напрыклад, я супраць, каб міліцыя ў пілігрымцы ехала ўсьлед ці збоку на аўтамабілі. Як так можна ахоўваць грамадзкі парадак? Пакуль яны будуць так катацца, невядома што можа здарыцца ў шэрагах пілігрымаў! Самае надзейнае, каб усе міліцыянты (пажадана як мага больш) ішлі разам з каталікамі — 2, 3, 4, 5, 6 ці 9 дзён, як ідзе «самая жвавая» пілігрымка Баранавічы — Будслаў.

Што можа быць лепш, чым сьвежанькія, свабодныя вушы, якія ня чулі можа ніколі пра Добрую Навіну, Хрыста, збаўленьне і розныя цуды? Каму лепш прапаведаваць, якая аўдыторыя больш удзячная — свае ж браты і сёстры, якія «вось гэта ўсё» сто разоў чулі і на любы твой аргумэнт могуць адказаць пунктамі катэхізісу, ці небаракі-міліцыянты, якія наогул «ня ў тэме»?

Гебэльс некалі казаў (а можа, і ня Гебэльс): «Дайце мне газэту — і я ператвару людзей у чараду сьвіней!» Мне на гэтую сытуацыю хочацца ўсклікнуць: «Дайце мне ў пілігрымку на дзевяць дзён пару міліцыянтаў — і я ператвару іх у хрысьціян!» Хай бы кожны пілігрым узяў на сябе перад доўгім падарожжам абавязак — навярнуць да нашай сьвятой веры як мінімум аднаго міліцыянта. Каб было, як у «Дзеях апосталаў», калі Піліп патлумачыў эўнуху, што там адбылося з Уваскрэсеньнем, і эўнух папрасіў ахрысьціцца, і зроблена было так. Рэчак і азёр па дарозе да Будслава хапае, каб акунуць туды галовамі супрацоўнікаў унутраных спраў.​

Любіць тых, каго ня любяць 89%

Ілюстрацыйнае фота. Беларуская міліцыя падчас візыту маскоўскага патрыярха Кірыла ў Менск, чэрвень 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. Беларуская міліцыя падчас візыту маскоўскага патрыярха Кірыла ў Менск, чэрвень 2015 году

​Трэцяе. Яшчэ больш істотнае.

Адно з галоўных заданьняў хрысьціян — любіць адзін аднаго. У Эвангельлі было яшчэ і пра любоў да ворагаў. Скажаце, міліцыя ня ворагі простаму люду? Скажаце, іх і так любяць? Ды ну, хто іх любіць? Тыя 89% насельніцтва ва ўзросьце ад 18 да 50 гадоў, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці (хай сабе і тры гады таму)?

Ці, можа, любоўю палымнеюць сэрцы тых, хто летась учыніў больш за 4 мільёны правапарушэньняў і таксама быў пакараны міліцыяй?

Ведаеце, колькі было правапарушэньняў дзесяць гадоў таму? Каля 2 мільёнаў. Рост у два разы. Адпаведна і «народная любоў» узрастае.

Пілігрымка разам зь міліцыянтамі, можа, адзіны шанец паспрабаваць любіць тых, каго ня любяць 89% насельніцтва ўзростам ад 18 да 50 гадоў.

Папа Францішак нястомна заклікае паклапаціцца пра тых, хто прыгнечаны, бедны, няшчасны, ну такіх небарак, якія «прах пад нагамі». Хто ў нашай краіне больш прыгнечаны і няшчасны, чым міліцыянты? Іх і дыскрэдытуюць увесь час, і інфармацыйныя войны супраць іх разьвязваюць, і «інфармацыйны накат» учыняюць, як казаў Ігар Шуневіч.

Ох, бедныя... Ідзіце з намі ў пілігрымку — і знойдзеце супакой душам вашым, мы вас дакладна не пакрыўдзім!

Тым больш што міністар у гэтай жа публікацыі казаў, што міліцыянты — «такая ж частка народу, як і астатнія грамадзяне».

Таму нічога дзіўнага, калі па прыходзе ў Будслаў мы разам будзем крычаць і радавацца «Міліцыя з народам!», ведучы, як з палону ў Эгіпце, групу «навернутых» да сьвятой веры міліцыянтаў.

Варта было бы, пакуль ёсьць час, ня плакаць і пісаць прашэньні, а распрацаваць мэтадычныя рэкамэндацыі ў эвангелізацыі міліцыянтаў, індывідуальным падыходзе з улікам іх выхаваньня, адукацыі, узросту і прафэсійных асаблівасьцяў. І будзе нам усім шчасьце і мірнае неба над галавой.

Як варыянт

Хрыстос хадзіў дзе хацеў, навучаў, аздараўляў там, дзе лічыў патрэбным. Казаў ня тое, што ад яго чакалі. Часам па пяць тысяч чалавек зьбіраў у адным месцы. Пры гэтым не прасіў ніякага дазволу на масавае мерапрыемства ў акупацыйных рымскіх уладаў.

Скончылася гэта ўкрыжаваньнем. Але ў нашым выпадку за «непадпарадкаваньне» пагражае толькі штраф. Такі там страх!

У Бібліі на гэты конт ёсьць добрая парада на кожны дзень, яна паўтараецца ў Сьвятым Пісьме 365 разоў: «Ня бойцеся».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG