Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчук ратуе сьвет у баевіку «Беларусьфільму» паводле Чаргінца. І гэта на поўным сур’ёзе


Кадр з фільму «Чорны сабака», Беларусьфільм 2019
Кадр з фільму «Чорны сабака», Беларусьфільм 2019

Выбухі, здрады, тэрарысты, пагроза сусьветнага каляпсу і выратаваньне ў апошні момант — Нацыянальная кінастудыя зноў узялася за тое, што ў яе не атрымліваецца.

У беларускім пракаце прайшоў баевік «Чорны сабака» па матывах твораў Мікалая Чаргінца з расейскім акторам Уладзімірам Епіфанцавым у галоўнай ролі. Праўда, спачатку тэлевэрсію карціны «Беларусьфільму», зьнятай у капрадукцыі з прыватнай кінакампаніяй па заказе Міністэрства культуры, прадэманстравалі на канале «НТВ-Расея» і толькі пасьля рашыліся на беларускую прэм’еру. І хоць па-добраму «Нацыянальная кінастудыя» ў гэтым кантэксьце гучыць іранічна, для афіцыйнага беларускага кінэматографу «Чорны сабака» зьяўляецца надзвычай заканамерным праектам.

Ён жа зьняты паводле Мікалая Чаргінца!

Не, а чаму новы баевік кінастудыі нельга назваць нацыянальным фільмам — ён жа зьняты паводле Мікалая Чаргінца! І большая частка здымак праходзіла на родных прасторах, і ў здымачнай групе працавалі беларусы, і другарадныя ролі выканалі беларускія акторы, і апроч Расеі месца дзеяньня — Менск, і кінастудыя — не абы якая, а нацыянальная.

А між тым «вострасюжэтны фільм», вельмі сымптаматычны для айчыннай кінасфэры, паказвае, як прафэсійна зьнівэляваць дачыненьне да краіны вытворчасьці і зрабіць як мага больш унівэрсальнае кіно. Ну, унівэрсальнае — гэта значыць з расейскімі нумарамі машын і Масквой для расейскага тэлеканалу.

Паспрабуй у гэтых канфігурацыях пашукай месца для інтарэсаў беларускага кіно

Міністэрства культуры завідна прадбачлівае: пры абвяшчэньні так званага лота на рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў у характарыстыках будучага фільму адразу прапісвае наяўнасьць дзьвюх вэрсій — чатырохсэрыйнай для тэлебачаньня і поўнага мэтру для кінапракату. А паколькі перад кіно стаіць задача зарабіць, у тым ліку на ўтрыманьне такой вялікай структуры як «Беларусьфільм», арыентацыя на расейскі рынак і прэтэнзія на дынамічныя жанры, бачна, становяцца на міністэрскім пітчынгу бяспройгрышным варыянтам (і паспрабуй у гэтых канфігурацыях пашукай месца для інтарэсаў беларускага кіно і айчыннага гледача — усё дарэмна).

Ірэна Кацяловіч
Ірэна Кацяловіч

І калі б яшчэ пераможцы конкурсу, то бок звычайна Нацыянальная кінастудыя, былі здольныя замест шаблёнаў у няскладным выкананьні рабіць вартыя ўвагі жанравыя фільмы. Сюжэт трывіяльны: маёр Андрэй Рубцоў падчас выкананьня спэцыяльнай апэрацыі ў Сырыі, накіраванай супраць міжнароднай злачыннай групоўкі і ў прыватнасьці злоснай пагрозы сусьветнай стабільнасьці Грэга Брынэра, губляе сваіх паплечнікаў, але сам цудам выратоўваецца (вы б бачылі, як ліха, з выбухамі і агнём, пастаноўшчыкі разьбілі верталёт — уся ваколіца павінна была амярцьвець, але не Рубцоў, які знаходзіўся ўнутры). Пасьля вяртаньня на радзіму ён аказваецца на скрыжаваньні тых, хто яму верыць, хто ня верыць і хто хоча яго забіць, помсьціць за калег, перамагае тэрарыстаў (адпаведна выратоўвае ад атакаў Заходнюю Эўропу — такому герою і маштабы прыстойныя) і вяртаецца да сям’і.

Усё па традыцыі работы «Беларусьфільму» над баевікамі — з кіраваньнем гатовымі кінатрафарэтамі, дрэнна прапісанай матывацыяй, нелягічнымі дзеяньнямі, недацягнутай напружанасьцю і сьляпой мэханістычнасьцю, за якой эмацыйнае насычэньне толькі маецца на ўвазе.

І ўсё няўцямна

Колькі амбіцый у стварэньні правераных замежнымі баевікамі «атракцыёнаў», што па азначэньні мусяць захапіць гледача і не адпусьціць ад экрану, — і ўсё няўцямна. Галоўны герой вяртаецца ў прытомнасьць закаваным у наручнікі ў пакоі для допытаў і ў адказ на крыкі сьледчага нічога ня можа ўспомніць.

Але драматургія шэпча: час праявіць сябе яшчэ аднаму станоўчаму герою — дасланай з Масквы супрацоўніцы міжнароднай антытэрарыстычнай арганізацыі Вользе Сьмірновай (яе, як і галоўнага героя, сыграла расейская акторка, не беларусак жа выбіраць). Яна просіць расчапіць наручнікі, прыносіць Рубцову яго таблеткі, пяшчотна задае пытаньне і цуд! — ён усё ўспамінае.

Рубцоў і спэцслужбы павінны выратаваць сьвет

Фільм у выніку закручваецца вакол няслабых страсьцей: міжнароднага гандляра зброяй, «ісламскай дзяржавы», Сырыі, дзе памірае мірнае насельніцтва, падрыхтоўкі сэрыі тэрарыстычных актаў па ўсёй Эўропе — а проста так, без перадгісторыі і кантэксту, і злавесных злачынных груповак, дзе надзейнасьць правяраюць загадам прыстрэліць чалавека. А Рубцоў і спэцслужбы, зразумела, павінны выратаваць сьвет.

Каб толькі беларусьфільмаўскія пастаноўшчыкі маглі ахапіць такія шыроты. А то ў іх сцэнары пляны міжнародных тэрарыстаў залежаць ад падпісаньня дакумэнтаў па лягістычным цэнтры ў Мінску, якім кіруе — проста супадзеньне — цесьць маёра Рубцова. А бомбы, якія павінны трапіць у Эўропу, стаяць унутры фургонаў навідавоку, бо гэта ж лёгка правезьці празь мяжу выбуховыя рэчывы. І сырыйская дзяўчынка падчас атакі крычыць «Мама!» на рускай мове.

Глядзіш, як тут увасабляецца, напрыклад, «выратаваньне ў апошні момант» (і гэта не спойлер, усё, вядома ж, канчаецца хэпі-эндам і прагулкай узьяднанай сям’і ў парку), вынайдзенае яшчэ Дэйвідам Грыфітам у пачатку мінулага стагодзьдзя, і бачыш квінтэсэнцыю дарэмных дамаганьняў «Беларусьфільму» да папулярных кіношных патэрнаў, якія нават сто гадоў таму абыгрываліся значна больш умела.

Нельга здымаць кіно пра выратаваньне сьвету зь беларусьфільмаўскімі бюджэтамі

Патасныя сьмерці («Я ўсё роўна не жылец, а ты ратуй сябе і знайдзі Брынера»), настаўленыя адзін на аднаго пісталеты як у Сэрджыё Леонэ (і тут выратаваньне ў апошні момант і гераічная сьмерць як выкупленьне), асабістыя трагедыі («Андрэй, ты жывы!») ствараюць ня драму і саспэнс, а хутчэй іх імітацыю. Ну ня здолелі аўтары выпрацаваць мастацкую ўмоўнасьць, у якой усё гэта выглядала б не натужліва, а арганічна, а матывацыя адпавядала б узроўню драматычнасьці падзей. Таму што нельга так нядбайна ставіцца да сцэнара і здымаць кіно пра выратаваньне сьвету зь беларусьфільмаўскімі бюджэтамі.

І каб «Чорны сабака» быў першым блінам камяком, дык не ж: кінастудыя ўпарта спрабуе здымаць дынамічныя жанры з задзейнічаньнем піратэхнічнага аддзелу і каскадэраў — паглядзець хоць на апошнія фільмы сэрыі «Дзяржаўная мяжа» ці «Сьляды на вадзе», — а іх суправаджаюць адны і тыя ж хібы, у прыватнасьці неадпаведнасьць жаданьняў магчымасьцям. Але НТВ ж купілі! — і праўда, узровень танных ва ўсіх сэнсах сэрыялаў, якія адзін за адным па шаблёнах кляпаюцца для расейскіх тэлеканалаў, як раз падыходзіць Нацыянальнай кінастудыі, якая ўжо даўно ня вяжацца з высокімі мэтамі.

Беларусы, дарэчы, лёгка пераўвасабляюцца ў сырыйцаў

У цэлым «Чорны сабака» сымбалізуе не прыярытэты сучаснага «Беларусьфільму» і нават не памкненьні Міністэрства культуры, а ў першую чаргу ўмовы, у якіх аказалася ўся сфэра. У якіх студыя бярэцца за праект, што скрозь складаецца са знаёмых гледачу формаў, ні кроку ўлева, ні кроку ўправа, і становіцца згусткам шаблёнаў, дзе сувязь з Беларусьсю толькі намінальная, як бы вымушаная. У якіх студыя зьвязвае свой фільм з Расеяй, каб выгадна прадаць гатовы прадукт. У якіх галоўныя ролі прапануюцца расейскім акторам, а другарадныя — беларусам (беларусы, дарэчы, лёгка пераўвасабляюцца ў сырыйцаў). У якіх карціне дастаткова ўзроўню НТВ, а на большае можна і не разьлічваць. У якіх усё гэта стала нормай і ніхто не саромеецца выпускаць нізкаякасны прадукт з тытрам «Па заказе Міністэрства культуры Беларусі».

Вось гэты крыўдны парадак дня, што па-нармальнаму ненармальны, але, на жаль, лягічны ў кантэксьце афіцыйнага беларускага кінэматографу, больш не выклікае ні зьдзіўленьня, ні абурэньня. Гэта ж так натуральна для Нацыянальнай кінастудыі Беларусі здымаць кіно для самага прымітыўнага расейскага гледача.

Ірэна Кацяловіч

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG