Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў штрафамі заяўнікаў мітынгу-канцэрту, прымеркаванага да 101-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Акцыя прайшла 24 сакавіка 2019 году ў Кіеўскім сквэры Менску.
Палітыкаў прыцягнулі да адказнасьці за тое, што не заплацілі міліцыі за ахову мітынгу-канцэрту.
Арганізатары ў адказ гавораць пра «няякасныя паслугі» міліцыі і абураюцца:
«А за што было плаціць? За тое, што незаконна затрымлівалі ўдзельнікаў канцэрту?»
Да адказнасьці прыцягнулі лідэра руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, кіраўніка АГП Мікалая Казлова, старшыню БСПДГ Ігара Барысава і сустаршыню БХД Вольгу Кавалькову. Усіх 29 красавіка выклікалі ў Цэнтральны раённы суд Менску.
У суд прыйшлі толькі Юрась Губарэвіч і Вольга Кавалькова. Першымі суд аштрафаваў на 30 базавых велічынь (гэта 765 рублёў) Юрася Губарэвіча і Мікалая Казлова (завочна). Іх прызналі вінаватымі ў парушэньні артыкулу 32.24-2 закону «Аб масавых мерапрыемствах». Працэс вёў судзьдзя Іван Касьцян.
Вольгу Кавалькову судзьдзя Юлія Густыр таксама аштрафавала на 765 рублёў за парушэньне артыкулу 32.24-2 закону «Аб масавых мерапрыемствах». Справу ў дачыненьні да Ігара Барысава не разглядалі.
Усяго міліцыянты Цэнтральнага РУУС Менску хочуць атрымаць з арганізатараў мітынгу-канцэрту 250 базавых велічынь, гэта 6375 рублёў. Першапачаткова дамова аб ахове была заключана ў памеры 150 базавых велічынь, гэта 3825 рублёў, але пасьля сьвяткаваньня ў міліцыі палічылі, што колькасьць удзельнікаў была большай за заяўленую і павялічылі аплату яшчэ на 100 базавых велічынь.
Чаму арганізатары адмовіліся плаціць міліцыянтам?
Паводле Юрася Губарэвіча, міліцыянты з Цэнтральнага РУУС ня выканалі сваіх абавязкаў у ахове акцыі. Палітык прывёў у прыклад тое, як на мітынгу-канцэрце былі затрыманыя яго ўдзельнікі Зьміцер Дашкевіч і Віталь Рымашэўскі.
«Іх затрымалі, дакладней сказаць, схапілі невядомыя ў цывільным, прычым на тэрыторыі, якую нібыта ахоўвалі міліцыянты. Потым Дашкевіча і Рымашэўскага павезьлі ў невядомым кірунку. Я адразу зьвярнуўся да міліцыянтаў, прасіў патлумачыць сытуацыю і ўмяшацца, але чалавек, які кіраваў імі, не адказаў і нават не назваўся, што таксама ёсьць парушэньнем дамовы, бо паводле яе міліцыянты мусяць камунікаваць з арганізатарамі масавага мерапрыемства», — заявіў суду Юрась Губарэвіч.
Паводле палітыка трэцім парушэньнем дамовы былі дзеяньні міліцыянтаў у форме, якія пасьля канцэрту затрымлівалі тых удзельнікаў, якія прыйшлі на сьвята зь бела-чырвона-белай сымболікай.
«Хаця бел-чырвона-белыя сьцягі не забароненыя. Гэта першы дзяржаўны сьцяг Беларусі, пад ім Лукашэнка прымаў прысягу прэзыдэнта. Затрыманьні людзей за гэтую сымболіку было таксама грубым парушэньнем дамовы», — мяркуе Юрась Губарэвіч.
Лідэр руху «За свабоду» паведаміў суду, што ўжо на другі дзень пасьля мітынгу-канцэрту, 25 сакавіка, два з чатырох яго арганізатараў, Ігар Барысаў і Вольга Кавалькова, зьвярнуліся ў Цэнтральнае РУУС з прэтэнзіяй за няякаснае выкананьне абавязкаў міліцыянтамі. У гэтай прэтэнзіі затрыманьне на мітынгу Зьмітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага было названае «выкраданьнем невядомымі», зазначалася, што яно «адбывалася на вачах дзяцей, але супрацоўнікі міліцыі не спынілі гэтыя незаконныя дзеяньні».
«Адказ на гэтую прэтэнзію мы атрымалі толькі 24 красавіка і пачалі аспрэчваць яго ў межах Грамадзянскага кодэксу», — паведаміў Юрась Губарэвіч. Палітык лічыць, што Цэнтральны раённы суд Менску мае спыніць разгляд ягонай адміністрацыйнай справы да заканчэньня гэтай спрэчкі.
Што да рахункаў, выстаўленых арганізатарам сьвята мэдыкамі і камунальнікамі, дык яны, паводле Юрася Губарэвіча, былі своечасова аплачаныя. «Усяго давялося заплаціць блізу 440 рублёў», — паведаміў суду палітык.
Сьведчылі міліцыянты
Сьведкам ад міліцыі на працэсе над Юрасём Губарэвічам выступіў міліцыянт Дзяніс Зінавенка, юрысконсульт гарадзкой управы міліцыі. Паводле сьведкі, міліцыянты з Цэнтральнага РУУС цалкам выканалі свае абавязкі аховы мітынгу-канцэрту на Дзень Волі, а вось арганізатары акцыі дагэтуль не аплацілі іхных паслуг, чым парушылі дамову. Колькасьць удзельнікаў канцэрту сьведка вызначыў у 1400 чалавек, што на 400 болей, чым было заяўлена. Таму, паводле сьведкі, на 100 базавых велічынь быў павялічаны рахунак, выстаўлены арганізатарам. Сьведка прызнаў, што ў законе мэханізму аспрэчваньня колькасьці ўдзельнікаў акцыі не прадугледжана.
Юрась Губарэвіч заявіў пасьля суду, што будзе абскарджваць пастанову.
«Відавочна, што ўлады ідуць па шляху ўзмацненьня пакараньня нават за дазволеныя масавыя акцыі. А тое, што суды выносяць такія пастановы, не дачакаўшыся высьвятленьня спрэчак заяўнікаў у міліцыяй у межах Грамадзянскага кодэксу — гэта грубае парушэньне палітычных правоў грамадзянаў Беларусі», — сказаў пасьля суду Юрась Губарэвіч.