Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон, выступаючы вечарам 25 красавіка ў Парыжы, заявіў, што насьпела рэформа Шэнгенскага пагадненьня, у рамках якога жыхары 26 краінаў Эўропы могуць перамяшчацца ўнутры саюза без памежных і мытных фармальнасьцяў.
«Мы павінны карэнным чынам пераасэнсаваць нашу міграцыйную палітыку. Агульныя межы, Шэнгенскае пагадненьне, Дублінскія пагадненьні — усё гэта больш не працуе», — заявіў Макрон. Ён асабліва падкрэсьліў, што неабходна зьмяніць пытаньне прыёму краінамі ЭЗ зьнешніх мігрантаў і праводзіць агульную для ўсяго ЭЗ міграцыйную палітыку. «Улічваючы цяперашні стан спраў у гэтай галіне ў Эўразьвязе, мы павінны праявіць цьвёрдасьць», — адзначыў ён.
Макрон таксама заявіў, што гэтае права жыхароў краіны на Шэнгенскую зону павінна суправаджацца «салідарнай адказнасьцю», якую краіна павінна несьці ў сфэры аховы агульнаэўрапейскіх межаў. І калі, на думку Макрона, нейкія краіны робяць недастаткова для таго, каб гэтыя межы ахоўваліся, «гэтым краінам давядзецца пакінуць Шэнген».
Што гэта за краіны — Макрон не патлумачыў. Але France 24 адзначае, што прэзыдэнт мог намякаць на Польшчу і Вугоршчыну, дзе права-кансэрватыўныя ўлады нядаўна адмовіліся прымаць мігрантаў з Сырыі і іншых краінаў, дзе працягваюцца ваенныя канфлікты.