Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за 30 гадоў у Менску ня будзе традыцыйнага «Чарнобыльскага шляху»


Арганізатары традыцыйнага шэсьця — Чарнобыльскага шляху — сабралі журналістаў на прэс-канфэрэнцыю 25 красавіка, за дзень да меркаванай даты акцыі, і паведамілі, што вырашылі адмовіцца ад традыцыйнага шэсьця і мітынгу, бо ня хочуць плаціць міліцыі больш як 5000 рублёў за ахову.

«Справа ня ў тым, што няма грошай. Справа ў тым, што мы прынцыпова адмаўляемся плаціць», — падкрэсьліла сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова.

Замест Чарнобыльскага шляху арганізатары прапануюць браць удзел у «Чарнобыльскім тыдні» — у іншых мерапрыемствах, лекцыях і прэзэнтацыях.

Кавалькова адзначыла, што на Чарнобыльскі шлях падавалі заяўку, бо «калі не змагацца, нічога ня будзе». Але, як адзначылі арганізатары, улады спазьніліся з адказам на заяўку і не прадставілі дамову — «зрабілі ўсё, каб сарваць акцыю».

Як падкрэсьліў Вячаслаў Сіўчык з руху салідарнасьці «Разам», аргкамітэт адразу назваў непрымальнай пастанову аб аплаце паслугаў міліцыі, бо «яна ніколі не дазволіць беларусам пратэставаць». Ён мяркуе, што гэтай пастановай улады «ўзялі і забаранілі Чарнобыльскі шлях». Вольга Кавалькова ў тым ліку перадавала зварот міністру юстыцыі аб супярэчаньні тром артыкулам Канстытуцыі цяперашніх правілаў арганізацыі мітынгаў і аплаты паслугаў міліцыі. Яна падкрэсьліла, што і заезды раварыстаў, і забегі маратонцаў цяпер могуць стаць немагчымымі праз гэтыя правілы.

Прадстаўнік партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук сказаў, ён сам прыйдзе да Акадэміі навук, каб выказаць салідарнасьць з тымі, хто хацеў пайсьці на марш.

Сіўчык адзначыў, што будзе вітаць мужнасьць любога, хто выйдзе выказацца пра сытуацыю з Чарнобыльскай катастрофай і іншымі тэмамі акцыі (у ліку якіх будаўніцтва БелАЭС, акумулятарнага і цэлюлёзнага заводу). У той жа час арганізатары падкрэсьлілі, што не заклікаюць да несанкцыянаванага пратэсту.

Прэс-канфэрэнцыя арганізатараў шэсьця. (Зьлева направа) Вячаслаў Сіўчык, Тацяна Новікава Зьміцер Кучук, Вольга Кавалькова
Прэс-канфэрэнцыя арганізатараў шэсьця. (Зьлева направа) Вячаслаў Сіўчык, Тацяна Новікава Зьміцер Кучук, Вольга Кавалькова

Менгарвыканкам раней дазволіў шэсьце па звычайным маршруце і наступны мітынг: збор а 18:00 перад Акадэміяй навук, шэсьце ад 18:30 па вуліцы Сурганава да помніку ахвярам Чарнобылю і мітынг у Парку дружбы народаў.

Але арганізатары заявілі, што ня маюць грошай на аплату паслугаў міліцыі. Паводле нядаўняга закону, арганізатары мусілі б сплаціць праваахоўнікам каля 7500 рублёў. Арганізатары прапаноўвалі зладзіць ахову самастойна (тым больш, да аховы Дня Волі былі прэтэнзіі праз выкраданьні ўдзельнікаў «людзьмі ў цывільным»), улады не пагадзіліся. Правілы яны называюць «сэгрэгацыяй па маёмасным прынцыпе».

Каб знайсьці выйсьце з сытуацыі, аргкамітэт спрабаваў наладзіць кантакт з гарадзкімі ўладамі і праваахоўнікамі, але пагутарыць зь імі ўдалося толькі а 10-й раніцы 25 красавіка — за дзень да акцыі.

Праваахоўнікі назвалі нават крыху меншую суму, чым чакалі арганізатары: 5737 рублёў. Прадстаўнік ГУУС адзначыў, што зусім вызваліць ад сплаты за ахову яны ня могуць.

Арганізатары не падпісалі дамову. Згодна заканадаўству, міліцыя ўсё роўна можа выставіць арганізатарам рахунак, таксама іх могуць аштрафаваць або пасадзіць на суткі за «парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства».

Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

  • У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
  • З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.

  • З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
  • У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.

Чарнобыль: Поўная храналёгія падзеяў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG