Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бангалор-4, Бангалор-5, Бангалор-6. У Менску падвоілі колькасьць месцаў для мітынгаў


Дзень Волі ў парку Дружбы народаў, 2013 год
Дзень Волі ў парку Дружбы народаў, 2013 год

Квэст для менчукоў: дзе парк Грэкавай, Тучынскі сквэр і сквэр Жукава?

Менскі гарвыканкам унёс зьмены (PDF) у сваё рашэньне 2011 году, якое вызначала «пастаянныя месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Новае рашэньне прынялі 28 сьнежня, але апублікавалі толькі 26 студзеня — калі і набыло моц.

Раней сьпіс быў такім:

1. Цэнтральная сцэнічная пляцоўка парку Дружбы народаў (ля плошчы Бангалор);

2. летні тэатар парку 50-годзьдзя Кастрычніка (каля стадыёна «Трактар»);

3. пляцоўка каля фантана ў Кіеўскім сквэры.

Цяпер першы пункт пашырылі да ўсяго парку ў межах вуліцаў Арлоўскай – Багдановіча – Кульман – Карастаянавай. І дадалі яшчэ тры пункты:

4. Пляцоўка каля ўваходу ў парк імя Грэкавай (па іншы бераг Чыжоўскага вадасховішча ад заапарку і «Чыжоўка-Арэны»);
5. сквэр Жукава (за мостам, дзе вуліца Чыгуначная праходзіць пад праспэктам Жукава, за 1 км ад мэтро «Грушаўка» і «Міхалова»);
6. Тучынскі сквэр (ля сажалкі на вуліцы Харкаўскай — на захад ад мэтро «Маладзёжная»).

Цяперашняя рэдакцыя закону «Аб масавых мерапрыемствах» (абнаўленьне якога ўлады называлі «жэстачайшай лібэралізацыяй») дазваляе праводзіць у гэтых шасьці месцах у Менску мітынгі паводле паведамляльнага прынцыпу (у іншых гарадах улады таксама вызначаюць «дазволеныя месцы»).

Гэта значыць, не пазьней як за 10 дзён паведаміць уладам пра жаданьне правесьці акцыю — і мітынгаваць (сплаціўшы міліцыі, мэдыкам і дворнікам за іхныя паслугі на акцыі). Праўда, улады ўсё роўна могуць забараніць акцыю, калі «заяўка не адпавядае заканадаўству» або калі нехта ўжо заявіў мітынг у гэтым месцы ў той жа час.

Мітынгаваць можна і ў іншых месцах. Але тады трэба загадзя атрымліваць дазвол, а паведамляльны прынцып ня дзейнічае. І ёсьць месцы, дзе адназначна абвешчаная забарона мітынгаваць (але забарона працуе не заўсёды: фармальна нельга ля станцыяў мэтро і на праспэкце Незалежнасьці, але часам дазваляюць ля мэтро «Акадэмія навук» на тым самым праспэкце).

Бывае, што правілы разгляду заявак парушаюцца — так было ў тым ліку з Днём Волі ў 2017 годзе, калі рашэньне аб забароне акцыі агучылі не за 5 дзён, а за 11 гадзінаў, але вінаватых не пакаралі, а акцыю брутальна разагналі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG