Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта намёк, што Беларусі ёсьць чым адказаць». Экспэрт пра пагрозу прыпыніць транзыт расейскай нафты


Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з урадам 11 красавіка прыгразіў паставіць на рамонт нафтаправоды і нафапрадуктаправоды і такім чынам прыпыніць транзыт расейскай нафты. Чым выклікана такая заява?

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Расеі «знахабіліся да такой ступені, што пачынаюць выкручваць нам рукі».

Дзеяньні расейскіх партнэраў, скіраваныя на закрыцьцё рынку для Беларусі, ён параўнаў з «санкцыямі»:

«Тое дабро, якое мы робім для Расеі, нам пастаянна вяртаецца злом. Ужо зрабіліся нахабнымі да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі».

​Лукашэнка даручыў віцэ-прэм’еру ў выпадку неабходнасьці паставіць на рамонт нафтаправоды і нафтапрадуктаправоды.

«Калі трэба паставіць на рамонт нафтаправоды і нафтапрадуктаправоды, якія ідуць празь Беларусь, стаўце і рамантуйце», — сказаў Лукашэнка.

Пра які нафтаправод казаў Лукашэнка?

Паводле экспэрта ў галіне энэргетыкі Тацяны Манёнак, гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба».

Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.

Па паўночнай галіне «Дружбы» расейская нафта пастаўляецца на ААТ «Нафтан».

Нафтапрадуктаправод, які праходзіць праз тэрыторыю Беларусі, належыць расейскай кампаніі «Транснафтапрадукт». Па ім прапампоўваецца каля 9 мільёнаў тон расейскага дызэльнага паліва.

Чаму раптам нафтаправод трэба спыніць на рамонт?

Паводле Тацяны Манёнак, гомельская «Дружба» заўсёды падтрымлівае нафтаправод у добрым стане, інвэстуе ў яго вялікія грошы.

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

«Чаму раптоўна ўзьнікла пытаньне, што яго трэба спыніць наогул на рамонт? Тэхнічная ці палітычная падаплёка ў гэтым рамонце? Вельмі шмат пытаньняў.

Я думаю, што гэта проста жаданьне беларускага боку папярэдзіць Расею, што ў Беларусі таксама ёсьць рычагі ўзьдзеяньня на цяперашнюю сытуацыю.

Пакуль што выніку няма ні па коштах на газ, ні па кампэнсацыі падатковага манэўру, зьявіліся новыя бар'еры на шляху паставак беларускай прадукцыі ў Расею. Гэта вымушае так эмацыйна рэагаваць».

Аднак, калі афіцыйны Менск зробіць радыкальныя крокі і перашкодзіць транзыту ў бок Эўропы, то Беларусь таксама будзе страчваць, бо Расея можа прыпыніць пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

«Таму гэта ўсяго толькі папераджальныя заявы, намёкі, што ёсьць чым адказаць у гэтай сытуацыі».

Тацяна Манёнак лічыць, што наўрад ці справа дойдзе да спыненьня паставак нафты. Паводле Манёнак, Беларусь пакуль ня мае рэальнай альтэрнатывы расейскай нафце.

«Калі б яна мела, то была б магчымасьць рабіць больш рашучыя крокі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG