Прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр, які кіраваў Суданам 30 гадоў, пакінуў сваю пасаду. У краіне пачаліся кансультацыі наконт стварэньня «пераходнай рады».
Чатыры месяцы таму Амар аль-Башыр сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску, за год да таго яны сустракаліся ў суданскай сталіцы Хартуме, ужо плянаваўся наступны візыт Лукашэнкі ў Судан.
Паводле Лукашэнкі, у Беларусі і Судану «цудоўныя палітычныя стасункі».
Нават раней за 2020 год Лукашэнка плянаваў стварыць у Судане машынабудаўнічы цэнтар, паставіць туды першыя камплекты беларускай тэхнікі для зборкі; збудаваць сельскагаспадарчы комплекс для вытворчасьці мяса і малака; арганізаваць цяплічны комплекс для вырошчваньня гародніны і расады ў закрытым грунце; пачаць здабычу золата ў Судане супольна беларускімі кампаніямі і суданскімі спэцыялістамі, каб «спрасьціць узаемаразьлікі між нашымі дзяржавамі». Беларусы ўжо дапамагаюць шукаць золата ў Судане, зьбіраліся шукаць нафту і ваду.
Што будзе з гэтымі праектамі цяпер, пакуль не паведамлялася.
Экспэрты ААН лічаць, што Судан парушыў санкцыі гэтай арганізацыі адносна закупу ўзбраеньняў, выкарыстоўваючы супроць антыўрадавых паўстанцаў у правінцыі Дарфур ракеты і самалёты, дастаўленыя Беларусьсю.
30 гадоў ва ўладзе, генацыд і раскол краіны
Амар Хасан Ахмад аль-Башыр рэгулярна фігуруе ў сьпісах самых жорсткіх дыктатараў сьвету, часта яго называюць самым жорсткім у Афрыцы. Бывала, што аль-Башыра называлі наогул найгоршым дыктатарам сьвету — напрыклад, такім яго назваў у сярэдзіне 2000-х часопіс Parade. Нью-Ёркская газэта Epoch Times паставіла аль-Башыра на 5-е месца ў сьвеце — сьледам за ім ішоў якраз Лукашэнка.
Аль-Башыр прыйшоў да ўлады ў 1989 годзе ў выніку вайсковага перавароту, з таго часу захаваў пасаду.
У 2009 годзе ён стаў першым дзейным кіраўніком дзяржавы, на якога быў выдадзены ордэр на арышт Міжнародным крымінальным судом. Яго прызналі вінаватым у кіраваньні кампаніяй масавых забойстваў, гвалтаваньняў і рабаваньняў у правінцыі Дарфур, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавецтва.
Канфлікт у Дарфуры, які трывае з 2003 году, паводле ацэнак ААН, забраў жыцьці 300 тысяч чалавек. ЗША і шэраг міжнародных арганізацыяў прызналі дзеяньні суданскіх уладаў у Дарфуры генацыдам.
Незалежнасьць ад Судану ў 2011 годзе абвясьціў Паўднёвы Судан, у якім у 2013 годзе пачалася ўласная грамадзянская вайна.
Судан і Паўднёвы Судан цяпер адны з найбяднейшых краінаў сьвету. Напрыклад, паводле Міжнароднага валютнага фонду, на 2018 год валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва складаў 6306 даляраў у Беларусі (88 месца са 187 краінаў сьвету), 808 даляраў у Судане (171) і 303 даляра ў Паўднёвым Судане (187 са 187).