Праціўніцу будаўніцтва акумулятарнага заводу Тацяну Фесікаву спрабавалі затрымаць міліцыянты ў яе доме ў Берасьці. Каля дому сабраліся іншыя праціўнікі будаўніцтва. Жанчыне стала кепска, яе шпіталізавалі лекары хуткай дапамогі.
Што адбылося?
Як паведаміў Свабодзе праваабаронца Раман Кісьляк, цягам дня міліцыянты знаходзіліся ля дому Фесікавай і спрабавалі трапіць у яго. Пра гэта праваабаронцу паведамілі суседзі жанчыны.
Калі Фесікава прыехала дадому, міліцыянты дапыталі яе наконт зьяўленьня ў берасьцейскім раёне Тэльмы налепак «Свабоду Маісею Мазько».
Жанчыну спрабавалі затрымаць. Іншыя праціўнікі будаўніцтва заводу, якія сабраліся каля дому Фесікавай, не далі гэта зрабіць, матывуючы гэта тым, каб непаўналетні яе сын не застаўся адзін дома. Міліцыянты выклікалі інспэктара па справах непаўналетніх.
20:50 Праціўнікі будаўніцтва пільнуюць дзеяньні міліцыянтаў у доме Фесікавай. Яны тлумачаць гэта спробай папярэдзіць «падкіданьне чагосьці» жанчыне.
21:00 Фесікавай выклікалі хуткую дапамогу, сказаў у жывым эфіры блогер Сяргей Пятрухін.
21:15 У дом Фесікавай прыехала кіраўніцтва берасьцейскай міліцыі. Праціўнікі заводу сустрэлі іх аплядысмэнтамі і крыкамі «Ганьба».
21:30 Фесікаву шпіталізуюць, сказаў у жывым эфіры лекар«хуткай дапамогі». Частка праціўнікаў заводу будуць суправаджаць жанчыну да шпіталя, каб жанчыну не затрымалі там.
Чаму затрымлівалі?
Паводле Кісьляка, затрыманьне зьвязанае з пратэстам супраць акамулятарнага заводу 31 сакавіка. Кісьляк лічыць, што гэта спроба ціску на праціўнікаў будаўніцтва, як і ранейшае затрыманьне Маісея Мазько і яго сына Дзяніса.
Тацяна Фесікава працавала лекарам у Берасьцейскай абласной лякарні. Калі яна далучылася да пратэстаў супраць акумулятарнага заводу, яе звольнілі.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.