Некалькі сотняў чалавек сабраліся 9 красавіка каля офіса кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Кіеве.
Раней апанэнты Зяленскага заявілі ў сацсетках, што патрабуюць ад кандыдата здаць у незалежнай лябараторыі аналізы, каб пацвердзіць адсутнасьць наркатычнай залежнасьці. Актывісты заяўляюць, што не давяраюць вынікам аналізаў, якія Зяленскі здаў на мінулым тыдні ў прыватнай лябараторыі. Яны лічаць, што саўладальнік той лябараторыі зьяўляецца паплечнікам кандыдата ў прэзыдэнты.
За некалькі гадзін да пачатку акцыі ў штабе Зяленскага сьцвярджалі, што 9 красавіка пад адным зь іхных офісаў плянуюцца правакацыі. Па дадзеных каманды Зяленскага, у вышэйшых навучальных установах сталіцы набіраюць студэнтаў для ўдзелу ў акцыі і прапануюць за гэта грошы.
3 красавіка Ўладзімер Зяленскі запатрабаваў медычнай экспэртызы абодвух кандыдатаў як перадумову дэбатаў паміж імі, каб «даказаць народу, што сярод іх няма ні алькаголікаў, ні наркаманаў».
Парашэнка пагадзіўся на заклік Зяленскага правесьці такія дэбаты ў Нацыянальным спартыўным комплексе «Алімпійскі» ў Кіеве і заявіў, што чакае Зяленскага для такога аналізу ў мэдпункце НСК «Алімпійскі» ужо раніцай 5 красавіка. У штабе Зяленскага ў адказ заявілі, што не давяраюць дзяржаўнай лябараторыі, і заклікалі Парашэнку звярнуцца ў «незалежную лябараторыю».
Вядомы ўкраінскі баксёр Уладзімір Клічко заклікаў кандыдатаў прайсьці допінгавы кантроль у спэцыялістаў WADA. Яго прапанову падтрымаў прэзыдэнт Парашэнка. У штабе Зяленскага заявілі, што іх кандыдат больш ня будзе здаваць аналізы.