Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалілі Дзяніса Мазько, праціўніка акумулятарнага заводу, якога з бацькам затрымалі нібыта за патроны і выбухоўку


Праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем Дзяніс Мазько вызвалены з ізалятару часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, Дзяніса Мазько вызвалілі 7 красавіка ў 19.00.

Дзяніс Мазько быў затрыманы ў ноч на 5 красавіка ў межах крымінальнай справы, распачатай у дачыненьні да ягонага бацькі Майсея Мазько паводле ч. 2 арт. 295 КК — «незаконныя дзеяньні з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасах і выбуховых рэчывах».

2 красавіка ў Берасьці ў аўтамабілі «Фольксваген-Пасат», якім кіраваў Майсей Мазько, быў знойдзены пакет з патронамі, брыкетам невядомага рэчыва і прадметам, падобным на запал выбуховага прыстасаваньня. Майсей Мазько быў вызвалены з ІЧУ 6 красавіка а 1-й гадзіны ночы, але справы не спынілі.

«Дзяніс заяўляе, што ня мае ніякага дачыненьня да гэтых прадметаў, — сказаў Кісьляк. — Лічу, гэты пакет спэцыяльна падкінулі, каб дыскрэдытаваць мірны пратэст супраць акумулятарнага заводу. Той, хто зрабіў гэта, хоча выставіць нас перад краінай тэрарыстамі».

На думку праваабаронцы, улады ня хочуць, каб усе праціўнікі заводу былі на волі ў поўным складзе — ён адзначыў, што ў нядзелю быў затрыманы адзін зь лідэраў пратэсту Дзьмітры Бекалюк, а 5 красавіка спрабавалі затрымаць актывістку Тацяну Фесікаву (ёй стала блага, хуткая дапамога адвезла яе ў шпіталь).

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG