Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За патроны і выбухоўку завялі крымінальную справу на праціўніка берасьцейскага акумулятарнага заводу


Маісей Мазько
Маісей Мазько

Актывіст берасьцейскай ініцыятыўнай групы супраць акумулятарнага заводу Майсей Мазько затрыманы пасьля таго, як у яго машыне знайшлі патроны, брыкет рэчыва, падобнага да выбухоўкі, і запал.

Пра гэта Свабодзе паведаміў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк.

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта па Берасьцейскай вобласьці Дзьмітры Іванюк пацьвердзіў Свабодзе, што Майсей Мазько сапраўды затрыманы.

«На яго заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 295 Крымінальнага кодэксу. Мазько затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Цяпер праводзяцца працэсуальна-сьледчыя дзеяньні, у межах якіх адбываюцца і ператрусы», — распавёў Дзьмітры Іванюк.

Санкцыя артыкулу прадугледжвае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

3-га красавіка ад раніцы праходзіць ператрус дома ў ягонага сына Дзяніса Мазько.

Аўтамабіль, на якім ехаў Майсей Мазько, спынілі 2 красавіка а 15.30 супрацоўнікі ДАІ пад Берасьцем. Як расказаў праваабаронца Раман Кісьляк, супрацоўнікі ДАІ спачатку сказалі, што машына Мазько падобная да машыны з Высокага.

«Пабачылі ў салёне чорны пакет і спыталі, што ў ім. Мазько сказаў, што ня ведае, і разгарнуў, а там прадметы, падобныя да патронаў», — расказаў праваабаронца.

Хутка прыехалі супрацоўнікі Сьледчага камітэту, экспэрты. У пакунку былі знойдзеныя яшчэ брыкет невядомага рэчыва, падобнага да выбухоўкі, і запал.

Паводле Кісьляка, аўтамабіль, на якім ехаў Мазько, належыць не яму, а манастыру, дзе ён працуе заўгасам.

Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы, якая пратэстуе супраць заводу, кажуць, што лічаць сытуацыю з Майсеем Мазько правакацыяй супраць пратэстоўцаў.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у Сьледчы камітэт.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG