Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: патроны, з-за якіх затрымалі праціўніка акумулятарнага заводу, зьяўляюцца боепрыпасамі


Майсей Мазько
Майсей Мазько

Патроны, знойдзеныя ў машыне, у якой ехаў адзін з ініцыятараў мясцовага рэфэрэндуму супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем Майсей Мазько, «зьяўляюцца боепрыпасамі да некалькіх відаў пісталетаў, вінтовак, карабінаў і ружжаў».

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Берасьцейскай вобласьці Дзьмітры Іванюк.

«Гэта ўстаноўлена экспэртнымі дасьледаваньнямі, — сказаў Дзьмітры Іванюк.— Таксама прызначаная выбуховатэхнічныя экспэртыза, якая вызначыць, ці зьяўляецца брыкет выбуховым рэчывам».

Паплечнікі па пратэстах супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем перакананыя, што патроны і выбухоўку ў машыну Мазько падкінулі.

Актывіста Майсея Мазько затрымалі 2 красавіка. Машыну, у якой ехаў Мазько, спыніў патруль ДАІ. Майсею патлумачылі, што неабходна праверыць нумары рухавіка і кузава, а таксама агледзець салён. Неўзабаве пасьля гэтага каля пасажырскага сядзеньня даішнікі знайшлі скрутак памерам 5 на 10 сантымэтраў. А ў ім — прадметы, падобныя да паляўнічых патронаў і выбухоўкі.

У дачыненьні да Майсея Мазько заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэксу. Мазько затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Праводзяцца працэсуальна-сьледчыя дзеяньні.

Артыкул, па якім падазраюць Майсея Мазько, прадугледжвае пакараньне ад двух гадоў папраўчых прац да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG