Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астаповіч: «Улады адмовілі нам у складаньні новага навуковага пашпарта Курапатаў»


Дэмантаж крыжоў у мэмарыяльным комплексе Курапаты
Дэмантаж крыжоў у мэмарыяльным комплексе Курапаты

Летась у кастрычніку Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры перадало ў Міністэрства культуры дакумэнты для інвэнтарызацыі амаль чатырох дзясяткаў аб’ектаў Народнага мэмарыялу ў Курапатах.

Сярод іх 37 безыменных і іменных крыжоў, у тым ліку крыж Вацлаву Ластоўскаму, а таксама так званая «лава Клінтана» і памятны знак беларускім габрэям, расстраляным у Курапатах.

Да кожнага крыжа ці знака было прыкладзенае фота, апісаньне, інвэнтарны нумар і каардынаты. Было прапанавана ўзгадніць і надаць законны статус элэмэнтам добраўпарадкаваньня, пастаўленым грамадзкасьцю ў Курапатах.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Чым скончылася гэтая ініцыятыва, Свабодзе расказаў старшыня таварыства Антон Астаповіч.

«Праца была зробленая задняй датай: крыжы ўжо стаялі, лаўка таксама і г.д. Таму мы шукалі шляхі розныя легітымізацыі аб’ектаў. Але ў такім выглядзе не прайшло. Праўда, параілі: тыя ж самыя крыжы можна паспрабаваць легалізаваць праз складаньне новага навуковага пашпарта. Аднак у сувязі з тым, што вакол Курапатаў захоўваюцца пратэставыя настроі, — асабіста я зьвязваю толькі з гэтым — на ўзроўні мясцовай выканаўчай улады адмоўлена ў нашым удзеле ў складаньні такога навуковага пашпарта. На гэтым усё...»

Пры гэтым Антон Астаповіч лічыць, што з фармальнага гледзішча грамадзкія работы ў Курапатах сапраўды адбываліся па-за межамі заканадаўства. Па яго словах, гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць, але ніхто з актывістаў нічога не ўзгадняў у афіцыйных структурах, дазволы на ўстаноўку крыжоў ня браліся.

Кіраўнік Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры кажа, што з маральнай пазыцыі ён супраць дэмантажу крыжоў, але, калі казаць аб прававым полі, улады могуць усё досыць лёгка разьвярнуць на сваю карысьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG