Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пра Каліноўскага: «Гэта супольная спадчына Беларусі, Польшчы і Літвы»


Раскопкі на гары Гедзіміна, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў Каліноўскага
Раскопкі на гары Гедзіміна, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў Каліноўскага

Прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз пракамэнтаваў выказваньні аб тым, што беларуская дзяржава паводзіць сябе пасіўна ў справе парэшткаў Кастуся Каліноўскага.

Сьцісла

  • Літоўскія археолягі і гісторыкі ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага і яшчэ двух дзясяткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–1864 гадоў.
  • Таямніцы 150-гадовай даўніны адкрыў апоўзень на гары Гедзіміна ў Вільні ў 2016 годзе.
  • Раскопкі пачаліся ў студзені 2017-га, іх вынікі агучаныя ў сакавіку 2019
  • Літоўскія дасьледчыкі сьцьвярджаюць адсутнасьць інтарэсу да ідэнтыфікацыі парэшткаў і іх мэмарыялізацыі зь беларускага афіцыйнага боку.
  • Перапахаваньне парэшткаў паўстанцаў заплянавалі на восень 2019 году на могілках Росы.
  • Надмагільныя надпісы плянуюцца па-літоўску і па-польску, толькі на магіле Каліноўскага па-беларуску.

«На мой погляд, гэта памылковае ўражаньне. Для Беларусі Кастусь Каліноўскі — значны гістарычны дзеяч. У гэтым ня можа быць сумневаў. Не трэба дзяліць, каму ён больш належыць. Гэта супольная спадчына, якая аб’ядноўвае народы Беларусі, Польшчы і Літвы. З гэтага пункту гледжаньня мы сыходзілі і сыходзім. Такі ж падыход знаходзім і з літоўскага боку, якому мы вельмі ўдзячны за поўную гатоўнасьць супрацоўнічаць. Мабыць, уражаньне склалася таму, што мы канцэнтравалі намаганьні на канкрэтных справах і не так актыўна інфармавалі СМІ аб сваіх кроках. Але гэта не азначае, што нічога не робіцца», — заявіў Свабодзе Анатоль Глаз.

Ён паведаміў, што яшчэ ў лістападзе 2018 года беларускія дзяржаўныя экспэрты афіцыйна прыяжджалі ў Вільню, дзе азнаёміліся з дасьледаваньнямі парэшткаў удзельнікаў паўстаньня 1863 года, правялі плённыя сустрэчы з літоўскімі калегамі, зрабілі свае высновы.

«Зараз мы абмяркоўваем з літоўскім бокам магчымасьці сумеснай працы для больш дакладнай ідэнтыфікацыі астанкаў. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра магчымасьць дасьледаваньня астанкаў старэйшага брата Кастуся Каліноўскага, пахаванага ў Беларусі», — сказаў Анатоль Глаз.

Паводле Анатоля Глаза, сёньня ў МЗС адбылася сустрэча з амбасадарам Літвы, дзе абмяркоўваліся «і іншыя практычныя крокі ў супрацоўніцтве па гэтай тэме». Сярод іх — надпісы на беларускай мове на магілах пры перапахаваньні.

«Мы вельмі зацікаўлены ў дасягненьні гістарычнай справядлівасьці адносна гэтай асобы і гатовы актыўна ўзаемадзейнічаць і з нашымі літоўскімі, і польскімі партнэрамі, і з беларускай супольнасьцю».

Закіды літоўцаў і адказ беларусаў

У Літве створаная дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў Каліноўскага пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Саўлюса Сквярняліса. У яе працы бярэ ўдзел доктар гуманітарных навук, былы дырэктар Інстытуту гісторыі Літвы Альвідас Нікжантайціс.

Паводле яго, калі літоўскі і польскі бок дамаўляюцца аб нюансах мэмарыялізацыі, то афіцыйная Беларусь гэта папросту ігнаруе. Альвідас Нікжантайціс сказаў Свабодзе, што за ўвесь час працы камісіі зь беларускага афіцыйнага боку «ня выяўлена ні кроплі інтарэсу».

«Прыехалі аднойчы спэцыялісты зь Беларусі, але гэта была нефармальная сустрэча», — сказаў Альвідас Нікжантайціс.

Намесьнік дырэктара ў навуковай працы Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза сказаў Свабодзе, што «гэта няпраўда».

«Інтарэс праяўляецца. Працуе і МЗС, і іншыя ўстановы. Наша група езьдзіла зь Беларусі ў Літву: археоляг, антраполяг, спэцыялісты, экспэрты-крыміналісты. Была афіцыйна накіраваная зь дзяржаўных арганізацый, устаноў Беларусі група, якая сустракалася ў Літве ў МЗС, і нашы дыпляматы былі куратарамі гэтай сустрэчы. Дык як можна казаць, што яна неафіцыйная ці нефармальная?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG