Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзьвярыма пальцы нікому не заціскаюць». Жодзінская чыноўніца пра агульнагарадзкі збор грошай


На сайце Жодзінскага гарвыканкаму паведамляецца, што гарадзкія ўлады падтрымалі добраахвотны збор сродкаў на добраўпарадкаваньне гораду. Яго ініцыявала рада кіраўнікоў арганізацыяў гораду, сярод якіх старшыня гарвыканкаму Дзьмітры Заблоцкі.

Таксама Жодзінскі гарвыканкам прыняў адмысловае рашэньне ад 15 сакавіка «Пра добраахвотнае пералічэньне сродкаў».

Гараджанам прапануецца цягам году рабіць штомесячныя адлічэньні са сваіх заробкаў. Адпаведныя лісты разасланыя ў арганізацыі.

Пра збор сродкаў паведаміў таксама блогер NEXTA.

Сабраныя грошы пойдуць на закуп электроннага табло для паліклінікі і на добраўпарадкаваньне гораду. Пра гэта сказала карэспандэнту Свабоды начальнік аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і справаў моладзі Жодзінскага гарвыканкаму Ірына Карповіч.

«Суботнікі са зборам сродкаў праводзяцца ўвесь час, гэта проста крыху іншая форма», — сказала Ірына Карповіч.

«Штомесяц па рублю будзе менш адчувальна»

Чыноўніца зьняпраўдзіла інфармацыю з сацыяльных сетак, што са звычайных грамадзянаў будуць зьбіраць па 5 рублёў, а з начальнікаў па 10. Маўляў, грошы будуць зьбіраць штомесяц, але па невялікай суме.

«Проста так гэта будзе людзям менш заўважна, чым адзін раз выцягнуць з гаманца 10 рублёў і здаць. А калі штомесяц па рублю, то гэта будзе менш адчувальна. Гэта той жа суботнік, толькі абраная іншая форма».

На якія мэты пойдуць сабраныя на такім «суботніку» грошы? Паводле Ірыны Карповіч, ёсьць прапанова «ўпарадкаваць чаргу ў гарадзкой паліклініцы праз набыцьцё абсталяваньня для арганізацыі электроннай чаргі».

«Каб зьняць напружанасьць у мэдычнай установе, гэта зусім рэальна і пад’ёмна зрабіць такімі арганізацыйнымі спосабамі ў рамках разьвіцьця „разумнага“ гораду», — мяркуе Карповіч.

Помнік БелАЗу ў Жодзіне
Помнік БелАЗу ў Жодзіне

«Бюджэтных сродкаў няма ў дастатковай колькасьці»

Паводле Ірыны Карповіч, частка грошай пойдзе на добраўпарадкаваньне гораду. Яна сьцьвярджае, што сёлета вылучана вельмі малое бюджэтнае фінансаваньне на гэтыя мэты, менш за 30% ад леташняга.

«А заявак ад жыхароў вельмі многа. Хочуць і асфальт да кожнага дому, і гульнёвыя пляцоўкі. Кожны хоча жыць прыгожа ў добраўпарадкаваным горадзе. І таму гэтыя грошы пойдуць на закрыцьцё такіх вострых просьбаў. Бюджэтных сродкаў няма ў дастатковай колькасьці, і мы ня можам закрыць усе патрэбы, зь якімі зьвяртаюцца жыхары».

Гэта ўжо ня першы год, калі ў Жодзіне з жыхароў зьбіраюць грошы на суботнік.

Паводле прадстаўніцы гарвыканкаму, раней на іх набылі мамограф для гарадзкой лякарні і добраўпарадкавалі парк. Яшчэ абяцалі паставіць статую на ўезьдзе ў горад.

«Гэта статуя будзе, яна праходзіць узгадненьне ў экспэртнай радзе вобласьці. Гэта будзе вобраз Маці Божай. Усё, што чыноўнікі абяцалі, будзе зроблена».

«Калі чалавека не пераканалі, ён нуль паставіць»

Ірына Карповіч сказала, што нікога прымушаць да здачы сродкаў ня будуць. І здаваць можна і па рублю, і па 50 капеек, то бок нейкіх даведзеных сумаў няма.

«Калі людзі кажуць, што іх прымусілі — ну як прымусілі? Заціснулі ў куце і білі? Дзьвярыма пальцы заціскалі? Можна дзейнічаць толькі мэтадам прапаганды і перакананьня. Калі мяне пераканалі і я прасякнулася, я напішу там: 10 рублёў у месяц зь мяне вылічвайце. Калі чалавека не пераканалі, ён нуль паставіць. І яму ніхто нічога ня зробіць».

Паводле Ірыны Карповіч, сабраныя грошы будуць выдаткоўвацца на рашэньне выканкаму.

«Я заўсёды востра рэагую на камэнтары ў сацыяльных сетках. Ня можа быць размовы пра тое, што грошы могуць быць патрачаныя не туды. Ніхто не дазволіць ніякаму чыноўніку накіраваць грошы не паводле прызначэньня», — сказала прадстаўніца Жодзінскага гарвыканкаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG