Сэрыю інтэрвію Свабоды з жыхарамі Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны, якія 31 сакавіка выбіраюць сабе прэзыдэнта, працягвае гутарка з праваслаўнымі сьвятарамі — пра рэлігію, расейска-ўкраінскую вайну, палітыку, царкоўную эканоміку і штодзённае жыцьцё.
Карэспандэнты Свабоды перад выбарамі прэзыдэнта Ўкраіны наведалі вёскі за 15–40 кілямэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Жыцьцё беларусаў Гомельшчыны і ўкраінцаў Чарнігаўшчыны шмат у чым падобнае: нізкія пэнсіі і заробкі, дэпрэсіўны стан вёсак і гарадкоў. Розьніца — у думках, спадзяваньнях, жыцьцёвай філязофіі. Суразмоўцамі Свабоды былі бізнэсовец, пэнсіянэры, сьвятары, дзяржаўны службовец, юрыстка.
Сьвятары расказалі:
- Дзе адпяваюць украінскіх салдатаў, загінулых на Данбасе.
- Як людзі і цэрквы пераходзяць з Маскоўскага патрыярхату ў аўтакефальную царкву.
- Хто фінансуе рамонт храмаў, калі дзяржава не дае грошай.
- Чаму ня хочуць, каб было «як у Беларусі».
- Што будзе з праваслаўнай царквой ва Ўкраіне.
Пра адпяваньне загінулых на Данбасе ўкраінскіх ваяроў
Вёска Седнеў (Седнів) Чарнігаўскага раёну на тысячу жыхароў мае тры праваслаўныя царквы. Дзьве — Маскоўскага патрыярхату і адну — раней Кіеўскага, а цяпер Праваслаўнай царквы Ўкраіны. Георгіеўская царква пабудаваная ў 1747 годзе. Гэта адзіная царква на тэрыторыі Чарнігаўшчыны, дзе можна знаходзіцца са зброяй. Такая традыцыя — у мінулым у Георгіеўскай царкве асьвячалі зброю перад вайсковымі паходамі казакоў.
Уваскрасенская царква збудаваная ў 1690 годзе.
Яна належыць да УПЦ Маскоўскага патрыярхату. Паміж храмамі каля 500 мэтраў.
У Георгіеўскай царкве здымалі савецкі мастацкі фільм «Вій». Тут на труне лятала Панначка, ды выпала з дамавіны і зламала нагу. Храм — помнік гісторыі і архітэктуры, ахоўваецца дзяржавай. Але стан яго не найлепшы. Дзяржава на рэстаўрацыю грошай не дае — сьвятар і парафіяне рамантуюць царкву як могуць. У сэзон могуць падкінуць капейку турысты.
У Георгіеўскім храме служыць айцец Тыман. Ён кажа, што з пачаткам ваеннай агрэсіі на Ўсходзе і пасьля атрыманьня аўтакефаліі ў іхнай царкве стала больш людзей — перайшлі з Маскоўскага патрыярхату.
«Бо цэрквы Маскоўскага патрыярхату адмовіліся маліцца за ўкраінскіх жаўнераў, не чытаюць малітваў ні за здароўе, ні за супакой душы. З нашага сяла, хто пайшоў на вайну, цяпер усе, слава Богу, вярнуліся. У нашай царкве яны спавядаліся, атрымлівалі дабраславеньне. Пасьля выбараў, калі ўлада ня зьменіцца, то больш пяройдзе да нас, у аўтакефальную царкву», — лічыць сьвятар.
Айцец Тыман нармальна ставіцца да цэркваў Маскоўскага патрыярхату, толькі ня згодны з назвай.
«Калі вы расейская царква — то вы павінны так і называцца, а не ўкраінская. Бо вешаюць такую шыльду і людзей уводзяць у зман. Калі вы падпарадкоўваецеся Маскве — то пішыце на царкве „Расейская праваслаўная царква ва Ўкраіне“, але ніяк не УПЦ. Украінская царква ў нас на сёньня адна», — кажа сьвятар.
Пра царкоўны «бізнэс»
Айцец Тыман кажа, што сьвятары Маскоўскага патрыярхату казалі вернікам, што на Данбасе — грамадзянская вайна, што расейскіх вайскоўцаў там няма.
«На Данбасе няма ніводнага капэляна з Маскоўскага патрыярхату, а нашы, украінскія сьвятары — поруч з абаронцамі Радзімы. Нашы ўкраінскія храмы сталі ім, Маскоўскаму патрыярхату, косткай у горле яшчэ раней. Бо мы перашкаджаем іхнаму бізнэсу на царкве — у іх расцэнкі на хрост, шлюб, пахаваньне, а ў нас няма. Было такое, што бяз грошай яны адмаўляліся пахаваць чалавека ці пахрысьціць. Мы не адмаўляемся — колькі чалавек дасьць ці ня дасьць», — зазначае сьвятар.
Сам ён жыве за кошт ахвяраваньняў парафіян, дзяржава нічым не дапамагае. Ды і з ахвяраў вернікаў цяжка пражыць, калі ў храм ходзяць бедныя пэнсіянэркі. На нядзельнай службе сьвятар можа сабраць каля 50 грыўняў. Зімой, прызнаецца, браў крэдыты на харчаваньне — каб выжыць. Ён жыве з сынам і бацькам. Увесь даход — дапамога парафіян, турыстаў і сьціплая бацькава пэнсія.
Бізнэсу сьвятар ня мае, як і «мэрсэдэса», езьдзіць на мапэдзе. Раней айцец Тыман працаваў у дзяржаўных структурах, мэнэджэрам, дэпутатам сельскай рады. Паступова прыйшоў да сьвятарства — бо «балела сэрца за маю царкву». «Мяне паклікаў Бог, і я ня кіну людзей і сваю царкву», — кажа айцец Тыман.
Ён кажа, што да 1930-х гадоў, да савецкай улады, да Галадамору Седнеў быў цалкам «праўкраінскім калярытным мястэчкам з багатай гісторыяй». «Сьвятароў адсюль забралі, расстралялі, усё ўкраінскае было зьнішчана. З 60-х гадоў сюды завозілі расейцаў, статус мястэчка зьмянілі на вёску — адмыслова, каб прынізіць. Рэпрэсіі, Галадамор... Тут з карэнных жыхароў цяпер засталося можа дваццаць сем’яў. Моладзь едзе на заробкі ў Польшчу і Чэхію, хто будзе хадзіць у храм?» — разважае сьвятар.
Томас для Ўкраіны, паводле айца Тымана, — «гэта справядлівасьць, якая павінна была прыйсьці».
Пра вёску, якая перайшла ў аўтакефальную царкву
Нядаўна прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што больш за 500 парафіяў былой УПЦ МП далучылася да адзінай памеснай Праваслаўнай царквы Ўкраіны.
У інтэрнэце створана адмысловая мапа, дзе можна прасачыць пераход цэркваў.
На мапе пазначана, што ў Праваслаўную царкву Ўкраіны перайшла Сьвята-Пакроўская царква ў вёсцы Драздавіца Гараднянскага раёну Чарнігаўскай вобласьці.
Вёска знаходзіцца за дзясятак кілямэтраў ад расейскае мяжы. Пры наведваньні Драздавіцы аказалася, што будынку царквы тут няма ўвогуле — ні аўтакефальнай, ні Маскоўскага патрыярхату. Але ёсьць вернікі, якія плянуюць пабудаваць царкву і вырашылі, што яна будзе ўкраінскай — належаць да ПЦУ.
Стараста парафіі — Дзьмітрый Літвін. Ён апавядае Свабодзе, што раней у вёску прыяжджаў сьвятар Маскоўскага патрыярхату.
«Потым яны нас закінулі. Ці то мала плацім, ці то што — у асноўным фінансавыя праблемы ўзьнікалі ў таго бацюшкі. Рэч менавіта ў сьвятары. Для нас няма розьніцы, які патрыярхат, — галоўнае, каб сьвятар быў добры. Быў сход, сабралі подпісы, вырашылі, што будзем парафіяй Праваслаўнае царквы Ўкраіны. Да айца Андрэя, які да нас прыяжджае цяпер, людзі цягнуцца. Хаты асьвячае, дзяцей хрысьціць, на ўсе сьвяты завітвае. Бацюшкі з Маскоўскага патрыярхату больш бралі грошай з нас», — патлумачыў Дзьмітрый Літвін.
У Драздавіцы на месцы былога сельскага клюбу плянуюць пабудаваць праваслаўную капліцу.
Пра тое, як вайна штурхае ў памесную царкву
Благачынны (памочнік япіскапа, адміністратар ярархіі) Сноўскага і Гараднянскага раёнаў ПЦУ айцец Андрэй, пра якога добра адгукаліся людзі ў Драздавіцы, цяпер будуе храм ў раённым цэнтры Гарадня́.
Ён пацьвярджае: Драздавіца — першая вёска ў акрузе, жыхары якой афіцыйна перайшлі з падпарадкаваньня Маскоўскага патрыярхату да ПЦУ.
«Таксама ў вёсцы Смычын нядаўна перайшла да нас парафія. Людзі самі выявілі жаданьне перайсьці — у сувязі і з томасам, і з вайной на ўсходзе. Праводзіцца агульны сход, і калі большасьць галасоў „за“, адбываецца пераход, калі не — то не. Кожная дзяржава павінна мець сваю царкву. У Гарадні дзьве царквы — адна Маскоўскага патрыярхату, адна ПЦУ. Ніякага канфлікту няма, кожны ідзе куды хоча. Пройдзе час, усе пяройдуць, проста пакуль не сасьпелі», — лічыць айцец Андрэй.
Што кажуць вернікі Маскоўскага патрыярхату
Спаса-Праабражэнскі (ці Спаскі) сабор у Чарнігаве — адзін з найстаражытнейшых ва Ўкраіне. Ён быў заснаваны ў 1030-1036 гг. чарнігаўскім князем Амсьціславам. Цяпер храм адносіцца да Маскоўскага патрыярхату.
З айцом Георгіем, які служыць у саборы, пагутарыць не ўдалося. Спачатку ён праводзіў службу, потым храмавыя служкі паведамілі, што па ўсе камэнтары трэба зьвяртацца ў япархію.
Людзей на службе ў будзённы дзень няшмат. Жанчына, якая гандлюе сьвечкамі, кажа пра томас і будучыню сабору з крыўдай у голасе.
«Яны не будавалі гэты храм. Яны ня клалі падлогу тут — тут за стагодзьдзі ўжо падлога шэсьць мэтраў бэтону. Людзі прыходзяць, моляцца. Служба ідзе. Што будзе далей — аднаму Богу вядома», — кажа жанчына.
Замест гутаркі са сьвятаром яна прапаноўвае нам даведацца пра пазыцыю УПЦ МП з газэты, якую ўручыла нам. «Там усё напісана», — кажа жанчына.
На вуліцы пагутарылі з прыхаджанкай сабору. Яна пераехала ў Чарнігаў пяць гадоў таму з усходу.
«Я іду ў храм у сваёй патрэбе, да Ўсявышняга, а не дзеля палітыкі. Цяжка зразумець вось гэта ўсё. На ўкраінскай зямлі храм павінен быць украінскі, я думаю. Іду сюды, бо гэты храм стагодзьдзі стаіць. Часта думаю-думаю і ня ведаю, што вырашыць. Кажуць людзі: мяне хрысьцілі ў Маскоўскім патрыярхаце, няхай у Маскоўскім і адпяюць... Але я не магу сказаць, што я канкрэтна за той ці за гэты. Я іду ў праваслаўны храм, гэта галоўнае. Да сьвятых іду», — кажа пэнсіянэрка.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.