Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна хадзіць па Горадні і Менску зь бел-чырвона-белым сьцягам на #БНР101?


Дзень Волі, Менск, 2018 год
Дзень Волі, Менск, 2018 год

У Горадні і Менску адбудуцца сьвяточныя захады ў гонар 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ці можна хадзіць па вуліцах Горадні і Менску зь бел-чырвона-белым сьцягам?

З гэтым пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся ва УУС Горадзенскага аблвыканкаму і ў ГУУС Менскага гарвыканкаму.

Афіцыйны прадстаўнік Горадзенскай абласной міліцыі Ігар Белазёраў параіў удакладніць, ці забаронены бел-чырвона-белы сьцяг у мясцовых уладаў, якія давалі дазвол на акцыю.

Галоўны спэцыяліст аддзелу ідэалягічнай працы і справаў моладзі Горадзенскага гарвыканкаму Натальля Каротчыкава сказала, што камэнтароў праз тэлефон не дае.

«Адкрывайце закон аб масавых мерапрыемствах і чытайце, там усё сказана».

Прадстаўніца менскай міліцыі Натальля Ганусевіч сказала, што правілы паводзінаў падчас масавых мерапрыемстваў апублікаваныя на сайце ГУУС.

У гэтых правілах гаворыцца толькі, што падчас правядзеньня захаду забараняецца «карыстацца сьцягамі, вымпэлямі, не зарэгістраванымі ў вызначаным парадку».

Адзін з арганізатараў #БНР101 у Горадні Вадзім Саранчукоў паведаміў Свабодзе, што на тэрыторыю сьвяткаваньня можна праходзіць з сымболікай, датычнай тэматыкі сьвята (бел-чырвона-белыя сьцягі, герб «Пагоня», транспаранты тэматыкі БНР).

Таксама можна праходзіць зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і гербам «Пагоня» на дазволеную ўладамі акцыю 24 сакавіка ў менскім Кіеўскім сквэры.

«Мы асобна абумоўлівалі, што выкарыстаньне бел-чырвона-белай сымболікі нічым ня будзе абмежавана на тэрыторыі самой пляцоўкі падчас сьвята. Былі заўвагі з боку міліцыі, што калі будзе нейкае арганізаванае шэсьце ці нешта тое, што не ўмалёўвацца ў апісанае заяўнікамі, то яны пакідаюць магчымасьць дзейнічаць паводле сваіх інструкцыяў. Але мы дадаткова зьвярнулі ўвагу: калі людзі разыходзяцца са сьвята з элемэнтамі нацыянальнай сымболікі на адзеньні, са стужкамі ці значкамі, то ім ня будуць чыніцца перашкоды», — сказаў карэспандэнту Свабоды старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч.

Ня ўзьдзейнічаць на міліцыянтаў, не хаваць твары

У звароце менскай міліцыі, які апублікаваў Tut.by, забаронена:

  • узьдзейнічаць на супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, а таксама ахоўнікаў;
  • ствараць пагрозу навакольным і грамадзкаму парадку, а таксама падбухторваць да гэтага;
  • хаваць свае твары, у тым ліку пад маскамі.

Паводле Юрыя Губарэвіча, цяпер вядзецца падрыхтоўка пляцоўкі, прыбіраюцца аўтамабілі, ў тым ліку тыя, якія зімавалі непадалёк, камунальныя службы наводзяць чысьціню. Сама пляцоўка будзе агароджаная турнікетамі і будзе мець 3-4 уваходы.

«Міліцыя сказала, што калі б захад быў колькасьцю менш за 500 чалавек, то можна было б абысьціся і без агароджы. Калі большая колькасьць удзельнікаў, то іхныя ўнутраныя нарматывы патрабуюць выстаўляць па пэрымэтры агароджы і пункты пропуску. Сама пляцоўка можа зьмясьціць ад 5 да 10 тысяч чалавек».

Частку пляцоўкі арганізатары адводзяць пад фуд-корт, дзе рамесьнікі будуць прадаваць свае тавары, а таксама кнігі, каву і гарбату. На гэта ўжо ёсьць 15 заявак.

«Будзе змантаваная сцэна ў куце пляцоўкі, бліжэйшым да кінатэатру „Кіеў“. Магутнасьць музычнага абсталяваньня каля 15 Квт. Паміж гуртамі выступяць вядомыя асобы, палітыкі. А ў рэзалюцыі будзе адлюстравана палітычнае пасланьне», — сказаў Юры Губарэвіч.

Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG