Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На помнік Коласу ў Стоўпцах ёсьць дазвол Лукашэнкі. Але няма грошай


Помнік на магіле Якуба Коласа ў Менску
Помнік на магіле Якуба Коласа ў Менску

Помнік славутаму песьняру ў Стоўпцах маюць паставіць у сквэры каля школы № 3, на вуліцы Цэнтральнай, але па-за цэнтрам гораду. Пра гэтае рашэньне 21 сакавіка Свабодзе паведаміла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Стаўпецкай акругі Алена Анісім.

Якуб Колас нарадзіўся 22 кастрычніка 1882 году ў засьценку Акінчыцы Менскага павету Менскай губэрні. Цяпер гэта тэрыторыя Стоўпцаў.

Дэпутатка сказала, што яна асабіста не зусім згодная зь месцам для помніка.

«У Стоўпцах ёсьць вуліца Якуба Коласа. Мабыць, было б лепей мець манумэнт на гэтай вуліцы. Але тут галоўнае слова за мясцовым кіраўніцтвам. А яно хоча надаць большую значнасьць новаму мікрараёну. Там пабудавалі дзіцячы садок, царкву, паліклініку. Да таго ж мікрараён знаходзіцца на ўезьдзе ў Стоўпцы з боку Менску. Пэўная лёгіка тут таксама ёсьць», — сказала дэпутатка.

Анісім дадала, што дазвол паставіць манумэнт даў кіраўнік дзяржавы. Пасьля гэтага Міністэрства культуры абвясьціла конкурс праектаў помніка народнаму паэту Беларусі. Паводле міністэрства, кошт помніка ня можа перавышаць 200 тысяч рублёў, якія выдаткуе Стаўпецкі раённы выканаўчы камітэт.

«І вось тут узьнікае праблема. Міністэрства культуры адразу абвясьціла, што манумэнт будуць узводзіць коштам раёну. Але раёну гэта вельмі цяжка пацягнуць. Нават калі і правесьці суботнік, і зьвярнуцца па дапамогу да тутэйшых бізнэсоўцаў», — кажа Анісім.

Паводле яе, помнік песьняру — дзяржаўная справа, а таму «лягічна залучыць у яе сродкі з агульнадзяржаўнага бюджэту».

«А то атрымліваецца, што раён будзе плаціць, а ягонага прадстаўніка нават не ўключылі ў журы конкурсу. Што ж гэта за падыход?» — дзівіцца дэпутатка.

На наступным тыдні яна зьбіраецца сустрэцца зь міністрам культуры Юрыем Бондарам, каб абмеркаваць, як лепш выйсьці з сытуацыі.

Магчымасьці Стаўпецкага раёну

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, на 2018 год

  • з 39 тысячаў насельніцтва Стаўпецкага раёну ў эканоміцы ўдзельнічаюць толькі 17 тысячаў,
  • абʼём прамысловай вытворчасьці складае ўсяго 0,8% ад абʼёму ўсёй вобласьці,
  • на складах знаходзіцца 43,8% прадукцыі ад абʼёму месячнай вытворчасьці,
  • індэкс інвэстыцыяў у асноўны капітал склаў 76,5% параўнальна з папярэднім годам,
  • удзельная вага стратных прадпрыемстваў — 17,5%,
  • экспарт за межы Беларусі летась склаў усяго 38,5 тысяч даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG