Блогер Андрэй Павук стаў падазраваным у справе паводле ч. 1 арт. 340 Крымінальнага кодэксу па факце заведама ілжывага паведамленьня пра міну ў будынку райвыканкаму ў гарадзкім пасёлку Акцябарскі, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Хто такі Андрэй Павук?
Андрэй Павук цяпер вядомы ў сувязі з крэатыўнымі акцыямі й пэрформансамі ў ягоным родным пасёлку Акцябарскім (мястэчку Рудобелцы), спрэчкамі зь мясцовымі ўладамі. Яго і раней перасьледавалі за актывізм, у тым ліку судзілі з загадзя напісаным выракам. Таксама блогер вядзе YouTube-канал «Рудабельская паказуха», на які падпісаныя амаль 7 500 чалавек.
Упершыню ж ягонае імя стала вядомае шырокай публіцы празь песьню «Я из деревни» — кліп здымалі для конкурсу БРСМ, у выніку ён стаў інтэрнэт-мэмам.
Забралі тэхніку, падазраюць у ілжывым мінаваньні
Раніцай 20 сакавіка Павука затрымалі, праз 5 гадзінаў вызвалілі.
Паводле Андрэя Павука, сьледчы Арцём Угнявы «камусьці пастаянна тэлефанаваў, кансультаваўся». Падчас затрыманьня ў Сьледчым камітэце прысутнічаў начальнік упраўленьня крымінальнага вышуку Гомельскай вобласьці Віктар Чыкуноў. Ён сказаў, што ўсё адбываецца адпаведна закону і яны паспрабуюць учыніць як мага менш шкоды, расказаў Павук.
«Мне казалі, што павязуць у Гомель, пасьля ў Бабруйск, што мяне падазраюць у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства. Каля 15:30 мяне адпусьцілі», — сказаў А. Павук.
Павуку далі падпісаць дакумэнт, у якім напісана, што ён — падазраваны ў крымінальнай справе за заведама ілжывае паведамленьне пра мінаваньне будынку райвыканкаму ў гарадзкім пасёлку Акцябарскі. Максымальнае пакараньне за такое злачынства — да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Андрэй Павук лічыць, што сёньняшнія ператрус і затрыманьне — афіцыйная падстава забраць тэхніку, праверыць яго дзейнасьць і паспрабаваць знайсьці зачэпкі для перасьледу.