Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Павука затрымалі — нібы паведамляў пра бомбу ў райвыканкаме

абноўлена

Андрэй Павук, архіўнае фота
Андрэй Павук, архіўнае фота

Вольга Павук, жонка блогера і актывіста Андрэя Павука, паведаміла на Facebook пра яго затрыманьне: нібыта зь ягонага кампутара адправілі паведамленьне пра бомбу ў райвыканкаме. Таксама ёсьць пракурорская санкцыя на ператрус у іхнай кватэры.

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу па ч. 1 арт. 340 Крымінальнага кодэксу Беларусі за ілжывае паведамленьне аб мініраваньні будынка Кастрычніцкага райвыканкаму, паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласьці Марыя Крываногава.

«Паведамленьне аб закладзенай выбуховай прыладзе паступіла сёньня раніцай на электронную пошту Гомельскага абласнога ўпраўленьня МНС РБ. На месцы здарэньня працуе сапёрна-піратэхнічная група. Работнікі і наведвальнікі райвыканкаму эвакуяваныя», — напісала Крываногава.

Паводле гэтага артыкулу, Андрэю Павуку пагражае штраф, арышт або пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў.

У кватэры блогера праходзіць ператрус

Вольга Павук на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» з 12.40 вяла прамую трансьляцыю зь месца ператрусу.

Пастанову пра ператрус жыльля ёй прад’явілі, але на рукі не далі, паведамляе БелаПАН. Яна пасьпела заўважыць, што ў дакумэнце ўказаны няправільны адрас, а таксама тое, што ў зьдзяйсьненьні злачынства падазраецца «неўстаноўленая асоба».

З кватэры Павука канфіскавалі кампутарную тэхніку, мабільныя прылады і носьбіты інфармацыі.

Супрацоўнік міліцыі ў форме папрасіў Вольгу спыніць відэаздымку на той падставе, што яна выдае дадзеныя папярэдняга сьледзтва. Спачатку яна адмовілася гэта зрабіць, але каля 13.30 ўсё ж спыніла здымкі, баючыся, што ў яе канфіскуюць тэлефон.

Андрэй Павук цяпер вядомы ў сувязі з акцыямі ў ягоным родным пасёлку Акцябрскім, спрэчкамі зь мясцовымі ўладамі. Яго і раней перасьледавалі за актывізм, у тым ліку судзілі з загадзя напісаным выракам.

Упершыню ж ягонае імя стала вядомае шырокай публіцы празь песьню «Я из деревни» — кліп здымалі для конкурсу БРСМ, у выніку ён стаў інтэрнэт-мэмам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG