Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол-бухгальтар: «прымушэньне да незалежнасьці»


Міхаіл Бабіч
Міхаіл Бабіч

На прэсавай канфэрэнцыі пасла Расеі, прысьвечанай пятай гадавіне далучэньня Крыму да Расеі, самыя важныя заявы тычыліся зусім ня гэтай падзеі.

Спадар Бабіч халодна канстатаваў, што Масква разумее пазыцыю Менску па Крыме, заявіў, што размовы пра магчымае паўтарэньне ў Беларусі крымскага сцэнару — «інфармацыйная дывэрсія», што ніякай карэляцыі паміж падзеямі ў Крыме і адносінамі з Беларусьсю няма, паводле пасла і ў Крыме падзеі разьвіваліся б інакш, калі б не «дзяржпераварот ва Ўкраіне і пагроза жыцьцё і здароўю грамадзянаў».

Няма карэляцыі дык няма, гэта радуе. Але варта прыгадаць, што ў нашумелым інтэрвію РИА-Новости пасол Бабіч пра магчымасьць крымскага сцэнару для Беларусі як раз гаварыў прамым тэкстам: «Усім, мне здаецца, даўно хацелася б зразумець: хто робіць замах на беларускі сувэрэнітэт і ад каго яго хочуць абараніць? Калі гэта пагроза з Захаду, па аналёгіі зь вядомымі "каляровымі рэвалюцыямі" і дзяржаўнымі пераваротамі, то Расейская Фэдэрацыя як саюзьнік, калі паступіць такая просьба, будзе разам зь Беларусьсю адстойваць гэты сувэрэнітэт усімі даступнымі сродкамі».

Усялякага кшталту палітычныя крызісы час ад часу шмат дзе ў сьвеце здараюцца, некаторыя зь іх можна трактаваць як перавароты, прынамсі, Масква пакідае за сабой права іх так трактаваць. Так што сёньняшнія запэўніваньні пасла наконт немагчымасьці крымскага сцэнару для Беларусі не выглядаюць поўнай гарантыяй.

Маскоўская бухгальтэрыя

Але галоўным на прэсавай канфэрэнцыі Міхаіла Бабіча быў працяг яго рытарычнага двубою з МЗС Беларусі, а фактычна, з афіцыйным Менскам наагул.

Анатоль Глаз, архіўнае фота
Анатоль Глаз, архіўнае фота

Рэзкі адказ прэсавага сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза на прыгаданае інтэрвію пасла РФ РИА-Новости быў дэманстрацыяй таго, што пры неабходнасьці і афіцыйны Менск можа размаўляць разухабістай мовай прэсавай сакратаркі МЗС Расеі Марыі Захаравай. У межах брутальнай палітычнай культуры, якую вызнаюць і Масква, і Менск, вэрбальная агрэсія — часам гэта не грубасьць, а сумная неабходнасьць. Асабліва для таго, хто аб’ектыўна слабейшы.

Спадар пасол падхапіў саркастычнае вызначэньне Анатоля Глаза, які назваў яго «бухгальтарам, які падае надзеі», і сказаў: «Калі тваёй краіне трэба, каб пасол на пэўны час стаў бухгальтарам, а калі гэта яшчэ добры бухгальтар, які падае надзеі, то гэта гарантуе, што тваю краіну не аблічаць, не ашальмуюць. А наадварот — эканамічныя адносіны са сваім партнэрам будуць празрыстыя і зразумелыя. У гэтай сувязі ацэнка беларускага МЗС для нас вельмі высокая, яна пацьвярджае, што з бухгальтэрыяй мы ўсё ж такі разабраліся».

Пакуль не выглядае, што разабраліся. Хаця альтэрнатыўныя разьлікі беларускага боку відавочна былі б вельмі дарэчнымі. Але баюся, што яны ня будуць сьведчыць пра поўны ці хаця б прыблізны балянс. З расейскага боку падлікі прамыя — канкрэтныя зьніжкі на энэрганосьбіты, даходы Беларусі, якія яна мае ад адмысловых умоваў гандлю на расейскім рынку.

Беларуская бухгальтэрыя

З беларускага боку, калі яны будуць прадстаўленыя — падлікі ўскосныя: зьніжкі для Беларусі даюць даходы і расейскім партнэрам беларускіх прадпрыемстваў, расейцы таксама маюць адмысловыя ўмовы доступу на беларускі рынак, зьніжкі — яны ў параўнаньні з сусьветнай цаной, але ў параўнаньні з унутрырасейскай дык гэта істотная пераплата і г. д.

Ёсьць таксама нематэрыяльны складнік, на што намякаў у сваім адказе прэсавы сакратар МЗС Беларусі — колькі каштуе сяброўства Беларусі ў шматлікіх саюзах з Расеяй, у тым ліку і вайсковых? Гэта вымяраецца цаной альтэрнатывы — наколькі Расею задаволіла б прынамсі нэўтральная Беларусь, колькі б ёй гэта каштавала, у тым ліку і ў грошах, і ня толькі ў іх.

Цяпер Расея вуснамі пасла Бабіча дае адказ у стылі «злога сьледчага» — нічога саюзьніцтва Беларусі Расеі не дае, нічога яно Беларусі не каштуе, ніякай альтэрнатывы ў Беларусі няма, таму Расея нічога альтэрнатывай для Беларусі вымяраць ня будзе. Ёсьць толькі балянс прамых грашовых патокаў, які зусім не на карысьць Беларусі.

Валер Карбалевіч ў інтэовію naviny.by дасьціпна назваў гэта «​ультыматумам Бабіча», па аналёгіі з «ультыматумам Мядзьведзева» ад 13 сьнежня мінулага году. Тады Мядзьведзеў прапановаў Беларусі дылему: альбо прасунутая інтэграцыя разам з разнастайнымі «пернікамі», альбо «кансэрватыўны сцэнар» — захаваньне цяперашняга ўзроўню інтэграцыі і цяперашняй форму эканамічнага ўзаемадзеяньня.

«Ультыматум Бабіча» і цана незалежнасьці

«Ультыматум Бабіча» у яго крайняй форме прадугледжвае выбар для Беларусі паміж дзьвюма «прасунутымі» варыянтамі: адзін — прасунутая інтэграцыя, як і ў Мядзьведзева, другі — «прасунутае» пазбаўленьне Беларусі ўсіх, у тым ліку і цяперашніх формаў прамой расейскай эканамічнай дапамогі.

«Злы сьледчы», як і было сказана, дэманстрацыя таго, што «ультыматум Мядзьведзева» — гэта яшчэ ня самае горшае, што можа быць.

Фактычна, калі палітыка Крамля будзе ісьці менавіта па сцэнары «злога сьледчага», гэта азначае «прымушэньне да незалежнасьці». Альбо да поўнай залежнасьці. Выбар паміж гэтымі варыянтамі.

Наўрад ці насамрэч гэта рэальная палітыка Масквы. Гэта спосаб гандлю — прыгразіць самым горшым, каб моўчкі прынялі кепскае, але ня самае горшае.

Але гэта і выклік. Раней многія людзі праэўрапейскіх поглядаў марылі пра спыненьне падтрымкі Масквой беларускай улады. Парадаксальна, але гэта можа адбыцца па ініцыятыве самой Масквы. І ёсьць пытаньне, наколькі гатовае да гэтага грамадзтва — ня толькі ўлада ці апазыцыя, а грамадзтва ў цэлым.

Пра гэта раней неяк ня думалі, і ўлада таксама. Маўляў, неяк выкруцімся, выкручваліся ж дагэтуль. Можа і выкруцяцца і выкруцімся.

Раней ніхто асабліва не займаўся бухгальтэрыяй «гамбурскага рахунку», двухбаковых адносінаў, пры якіх ніводзін з бакоў ня робіць іншаму ніякіх падарункаў і палёгкаў.

А варта ведаць, колькі каштуе незалежнасьць. Бо ня выключана, што гэтую цану і давядзецца заплаціць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG