75 гадоў таму быў вызвалены лягер сьмерці «Азарычы» (Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласьці). За сакавіцкі тыдзень 1944 году тут загінула ня менш за 9 тысяч чалавек. Ад голаду, холаду, хваробаў і нацысцкіх куляў.
У канцы лютага — пачатку сакавіка 1944 году ў лягер сьмерці «Азарычы» сагналі каля 50 тысяч чалавек, палова зь іх — дзеці. Тысячы вязьняў засталіся тут навек.
Людзей наўмысна заражалі тыфусам, не давалі ежы, пітва, забаранялі распальваць агонь, каб сагрэцца.
Нямецкае камандаваньне мела намер выкарыстоўваць тыфус як біялягічную зброю супраць савецкіх войскаў. Лягер сьмерці «Азарычы» стварылі якраз з такой мэтай.
На дрыгве за калючым дротам халоднымі сакавіцкімі днямі былі ануляваныя ўсе чалавечыя справы міласэрнасьці — накарміць галодных, апрануць голых, вылечыць хворых, наведаць вязьняў і пахаваць мёртвых.
Чырвоная армія вызваліла Азарычы 19 сакавіка 1944-га. Шмат вязьняў памерлі пасьля вызваленьня ад зьнясіленьня, тыфусу ці падарваліся на мінах.
1. Сагрэць замерзлых
Аляксею Цітавічу Бобрыку 82 гады. У час вайны жыў у Малых Літвінавічах. У лягер сьмерці яго прыгналі разам з маці і 4-гадовым хворым братам — ён не хадзіў. Яго маці несла ў лягер на руках.
«Надвор’е было, як цяпер, — холадна, слота. Загналі за калючы дрот. Там нават не было дзе сесьці — балота, вада стаяла. Мама набрала нейкіх галінак, спрабавала нас сагрэць. Вогнішча нельга было паліць. Ноччу спаць не маглі — дрыжэлі ад холаду, сядзелі на тых галінках. Вакол ляжалі мёртвыя людзі. Старыя хутка паміралі ад хвароб, голаду і холаду. Каб мы там больш прабылі, ня выжылі б», — кажа Аляксей Цітавіч.
2. Накарміць галодных
У лягеры не давалі есьці. Раз-пораз за калючым дротам зьяўляўся аўтамабіль. Нацысты кідалі ў натоўп людзей боханы хлеба з апілак.
«Мне трапіў той бохан у плячо. Вельмі балела, бо хлеб быў, як з цэмэнту», — кажа Аляксей Цітавіч Бобрык.
Пасьля вайны голад не адступіў. У 15-гадовым узросьце Аляксей ужо працаваў у калгасе, галодны араў зямлю.
«Першы раз нармальна паеў, калі забралі ў войска. Мы там вучыліся на кіроўцаў. Гэта была прэстыжная прафэсія», — кажа былы вязень.
«Немцы прывозілі хлеб на грузавіках. Боханы кідалі ў натоўп, са сьмехам, зьдзекамі, стараючыся пацэліць каму па галаве, каму ў твар. І калі гэта ўдавалася, рагаталі», — успамінае Ўладзімір Мышак.
«Маці пайшла па хлеб — вярнулася з разьбітым тварам. Ёй бохан хлеба трапіў у твар. Аднойчы яна недзе раздабыла кавалак каніны. Што гэта было за мяса, якое смачнае! Да гэтага часу памятаю той смак! Здаецца, нічога больш смачнага ніколі ня ела», — прыгадвае 85-гадовая Кацярына Мітрафанаўна Гарбар.
«Мы хадзілі па лясах. Людзі там хаваліся ў буданах. Галодныя былі... Памятаю, у лесе нас пакармілі супам з проса на сыроватцы. Які быў смачны той суп, і цяпер памятаю. Гэта было самае смачнае з таго, што я еў», — кажа Ўладзімір Іванавіч Мятлушка.
3. Вылечыць хворых
«Брат мой, яму было чатыры гады, ня мог хадзіць — поўзаў. У лягеры ў нас была сьвярбячка. Пасьля вызваленьня нас вылечылі. Брат пасьля вайны выздаравеў толькі праз два гады — пачаў хадзіць», — кажа Аляксей Цітавіч Бобрык.
Кацярыне Мітрафанаўне Гарбар на момант знаходжаньня ў лягеры сьмерці было шэсьць гадоў. Яе забралі з маці і чатырохгадовым братам.
«Я хварэла на тыфус, не магла стаяць на нагах. Маці наламала нейкіх галінак, накідала нашу вопратку на іх, паклала мяне. Увесь час у лягеры я ляжала, была ў ліхаманцы. Памятаю толькі, як маці плакала нада мной, і яе сьлёзы капалі на мяне. Напэўна, таму я засталася жывой. Сьлёзы маці могуць і скалу прабіць. Што яшчэ магло мяне ажывіць?», — успамінае Кацярына Мітрафанаўна.
У лягеры былі склады з харчаваньнем. Пасьля вызваленьня людзі пачалі хапаць адтуль ежу, але яна была знарок атручаная — многія памерлі.
Кацярына выжыла. Але маці яе памерла ўжо пасьля вызваленьня — ад тыфусу.
«Мэдсястра спыталася, ці хачу я ўбачыць маму. Пайшлі па доўгім хляве. Пад прасьцінкамі ляжалі трупы. Яна адкрывала іх па чарзе. А я маму не пазнавала — усе былі аднолькавыя, лысыя, худыя, голыя... Іх было вельмі шмат. Мэдсястра кажа: пойдзеш далей? Кажу, што пайду. А потым стала каля сьцяны, спаўзла па ёй і самлела», — згадвае Кацярына Мітрафанаўна.
Яна выхоўвалася ў дзіцячым доме.
«Калі бываю ў Азарычах, на месцы лягера, пастаўлю вочы ў неба — і больш нікуды. І плачу, плачу», — кажа пэнсіянэрка.
4. Пахаваць памерлых
Пахаваць людзей нельга было. Нябожчыкі ляжалі паўсюль. «Добра памятаю нейкага старога чалавека, зь сівой барадой. Ён ляжаў побач з намі мёртвы. Ён быў засыпаны сьнегам. Тады якраз была страшная завіруха», — кажа Кацярына Мітрафанаўна Гарбар.
«Штодзень на тых месцах, дзе сядзелі людзі, рабілася ўсё больш узгоркаў, прысыпаных сьнегам — гэта былі трупы. У выніку іх зрабілася так шмат, што нельга было прайсьці, даводзілася пераскокваць праз гэтыя ўзгоркі замёрзлых людзей. Прывыклі. Ня ведалі, што зь імі рабіць. І што будзе з намі», — кажа Ўладзімір Міхайлавіч Мышак.
5. Вызваліць вязьняў
Пасьля вызваленьня людзям загадалі не выходзіць зь лягеру — тэрыторыя за калючым дротам была замінаваная. Але многія адважыліся ісьці — дома былі малыя дзеці. Падарваліся. Потым разьмінавалі адну сьцяжынку — па ёй пайшлі адзін за адным.
83-гадовая Кацярына Сяргееўна Буднік памятае, як у лягеры ўвесь час прасілі ў маці піць і есьці. Сядзелі халодныя, галодныя, набіралі ваду з гразьзю — так і пілі.
«Самае страшнае для мяне было вызваленьне, калі выходзілі зь лягеру, і тыя, хто ішоў першы, падрываліся на мінах. Проста перада мной ляцелі ўгору кавалкі чалавечых целаў. Не магу гэтага забыць», — кажа Кацярына Сяргееўна.
«Як мы там увогуле выжылі, і сёньня не разумею. Памятаю момант вызваленьня. Прыйшлі салдаты з зорачкамі на шапках. Адзін зь іх стаў абдымаць жанчыну — аказалася, гэта ягоная маці! Якая вялікая тады была радасьць! Выходзілі гужам — усё замінавана было. Наперадзе чуем выбух. Глядзім — жанчына ляжыць, а на грудзях дзіця... Зайшлі ў вёску Азарычы — усьцяж трупы ляжаць, там бой быў. Жылі потым у зямлянцы. Гэта быў рай для нас — і сьветла, і цёпла. Радаваліся, што выжылі», — кажа Уладзімір Міхайлавіч Мышак.
«Памятаю, як людзі вярталіся пасьля вызваленьня зь лягеру. Вязьні ледзь ішлі, як мёртвыя мухі», — успамінае Ўладзімір Іванавіч Мятлушка.
Ягоная жонка была з суседняй вёскі, але ёй удалося ўцячы ў лес. «Нікому не перадаць, якая радасьць была, калі нас вызвалілі, якая радасьць: ідзём дахаты!», — кажа Людміла Міхайлаўна Мятлушка.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.