Фігура сымбаля Эўрагульняў будзе з матэрыялу, які імітуе газон. Яшчэ аднаго Лесіка паставяць на скрыжаваньні вуліцы Прытыцкага зь Менскай кальцавой дарогай.
«Мінскзелянбуд» замаўляе да Эўрагульняў дзьве фігуры сымбаля гэтых спаборніцтваў — лісяняці Лесіка. Гэта вынікае з тэндэру, які разьмешчаны на сайце дзяржзакупак. Фігуры павінны быць вырабленыя з мэталічнай канструкцыі, якую зьверху будзе пакрываць матэрыял — імітацыя газону. Вырабіць іх павінны не пазьней за 30 красавіка.
Адна фігура сымбаля Эўрагульняў, трохмэтровая, зьявіцца каля менскага стадыёну «Дынама». Другая, двухмэтровая, будзе стаяць на скрыжаваньні кальцавой аўтадарогі з вуліцай Прытыцкага.
На пытаньне карэспандэнта Свабоды пра кошт абедзьвюх фігур у «Мінскзелянбудзе» сказалі, што гэта будзе вядома пасьля завяршэньня конкурсу на выкананьне закупкі. Цяпер жа ў інфармацыі пра закупку кошт не пазначаны.
Вядома, што на Эўрагульні ў Менску патрацяць мінімум 72 мільёны даляраў. Адкрыцьцё і закрыцьцё будуць разам каштаваць 12 мільёнаў даляраў. Аднаразовы посуд для афіцыйных удзельнікаў абыдзецца ў 171 тысячу даляраў.