Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая дыета спрыяе прыгажосьці


Сёньня пагаворым пра тое, як простымі сродкамі захаваць прыгажосьць.

Вядома, у кожнага свае густы і ўяўленьні пра тое, што такое прыгажосьць. Але мала хто паспрачаецца з тым, што важны складнік прыгажосьці — гэта добры, здаровы выгляд скуры і валасоў. Як сьведчаць сучасныя дасьледаваньні, для падтрыманьня іх у добрым стане трэба ўжываць пэўныя прадукты харчаваньня, якія зьяўляюцца крыніцай серы.

Сера і прыгажосьць

Чаму менавіта сера садзейнічае падтрыманьню здаровага выгляду скуры і валасоў? Справа ў тым, што сера адыгрывае важную ролю ў фармаваньні так званых калагенавых валокнаў, якія выконваюць ролю каркасу скуры і валасоў.

Калі з узростам скура чалавека пакрываецца зморшчынамі, становіцца бляклай, калі валасы губляюць бляк — у гэтым вінаватыя зьмены ў калагенавых валокнах. Цягам узросту яны разбураюцца, і менавіта гэта адыгрывае вялікую ролю ў тым, што завецца ўзроставымі зьменамі.

Як гэта працуе

Калагенавыя валокны могуць мяняцца таксама пры наяўнасьці ў чалавека разных хваробаў. Мы ўжо абмяркоўвалі праблему жалезадэфіцытнай анэміі. Дык вось тыповым праяўленьнем гэтага хранічнага захворваньня зьяўляецца блякласьць валасоў і крохкасьць пазногцяў — і ўсё з прычыны дэградацыі калагенавых валокнаў.

Сера важная таксама і таму, што яна ўваходзіць у склад спэцыяльных фэрмэнтаў, якія бароняць арганізм ад акісьляльных рэакцый. Яны становяцца вельмі актыўнымі, у тым ліку, пры ўплыве разнастайных фактараў вонкавага асяродзьдзя, такіх як выхлапныя выкіды аўтамабіляў, выкіды буйных прадпрыемстваў, павышаны радыеактыўны фон.

Дзякуючы дастатковаму паступленьню серы абарончыя рэакцыі нашага арганізму працякаюць больш актыўна і плённа, што таксама садзейнічае больш прывабнаму выгляду скуры і валасоў.

Дзе серы найболей

З прадуктаў харчаваньня найбольшая колькасьць серы знаходзіцца ў расьлінах з групы крыжакветкавых, а болей усяго серы ў нашай звычайнай беларускай капусьце. Досыць вялікая колькасьць серы знаходзіцца ў такіх расьлінах як цыбуля, шпінат, часнок, хрэн, бабовыя культуры. Шмат яе ў пладах авакада і ў больш даступных для нас бананах.

Парада

Менавіта ў самай звычайнай капусьце знаходзіцца вялікая колькасьць серы, якая вельмі неабходная для падтрыманьня здаровага і прывабнага выгляду скуры і валасоў. Варта часьцей ужываць капусту ў сьвежым выглядзе, бо падчас кулінарнай апрацоўкі сера губляцца. Капуста карысная яшчэ і таму, што гэта крыніца вялікай колькасьці харчовых валокнаў, якія неабходныя для нармальнага функцыянаваньня тоўстай кішкі і выдаленьня з арганізму таксынаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG