Усё больш беларусаў атрымліваюць вышэйшую адукацыю за мяжой. Аднак усё менш выпускнікоў прэстыжных заходніх ВНУ вяртаюцца пасьля завяршэньня вучобы ў Беларусь. А калі і вяртаюцца, толькі 17% працуюць па спэцыяльнасьці, а 20% наагул не паказваюць свае замежныя дыплёмы.
У Менску прэзэнтавалі пілётнае сацыялягічнае дасьледаваньне ад агенцтва «Тваё заўтра» — аб праблеме працаўладкаваньня выпускнікоў замежных унівэрсытэтаў і стыпэндыяльных праграм.
Вярнуцца ў Беларусь маюць намер 40% выпускнікоў замежных ВНУ, фактычна ж вяртаюцца значна менш
Паводле старшыні Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць» Іны Кулей, колькасьць беларусаў, якія пасьля заканчэньня вучобы на Захадзе хочуць вярнуцца ў Беларусь, зьменшылася ў параўнаньні з 2016 годам на 10–12%. Цяпер вяртацца зьбіраюцца каля 40% тых, хто вучыцца за мяжой.
Толькі 17% з тых, хто вярнуўся, працуюць па той спэцыяльнасьці, па якой вучыліся. Астатнія — дзе патрапяць працаўладкавацца.
Каля 20% тых, хто вярнуўся, наагул не паказваюць свае замежныя дыплёмы.
Аўтар дасьледаваньня «Праблемы сацыяльнай і прафэсійнай рэінтэграцыі і працаўладкаваньня на радзіме беларускіх выпускнікоў заходніх унівэрсытэтаў» — прафэсар Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, доктар паліталягічных навук Анатоль Лысюк.
Прафэсар апавёў, што былі апытаныя 55 экспэртаў з чатырох асноўных сфэраў: дзяржаўныя службоўцы, працаўнікі сыстэмы адукацыі, прадстаўнікі бізнэсу і «лідэры думак», а таксама 505 звычайных грамадзянаў Беларусі.
Меркаваньні экспэртаў і простых беларусаў па некаторых пытаньнях істотна розьніліся.
Да прыкладу, на пытаньне «Дзе можна атрымаць больш якасную адукацыю — за мяжой ці ў Беларусі?» і экспэрты, і грамадзяне адказвалі: гледзячы па якой спэцыяльнасьці і ў якой замежнай ВНУ. Адназначны адказ, што за мяжой адукацыя больш якасная, далі 30% экспэртаў і 23% выпадковых грамадзянаў. А вось што беларуская адукацыя лепшая, лічаць 7% экспэртаў і 15% шараговых беларусаў.
Галоўныя заганы беларускай адукацыі — бюракратызацыя і ідэалягізацыя
На думку экспэртаў, атрыманьню якаснай адукацыі ў Беларусі перашкаджае ў першую чаргу бюракратызацыя навучальнага працэсу, а таксама яго ідэалягізацыя. Так лічаць 57%.
На другім месцы — адсутнасьць матывацыі ў выкладчыкаў (49%). Далей ідуць абмежаваныя сувязі беларускіх унівэрсытэтаў з заходнімі, нізкі ўзровень выкладаньня ў цэлым і невысокі ўзровень выкладаньня замежных моў, слабая вучэбная і тэхнічная база, адсутнасьць падрыхтоўкі па некаторых сучасных спэцыяльнасьцях.
Плюсы і мінусы вучобы за мяжой
Станоўчымі момантамі навучаньня беларусаў за мяжой экспэрты назвалі магчымасьць атрымаць добрую эўрапейскую адукацыю, «балёнскі дыплём», тое, што такія студэнты «пажылі ў эўрапейскіх краінах, далучыліся да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, авалодалі замежнымі мовамі». І ў апошнюю чаргу — «патэнцыйная, а ў некаторых выпадках рэальная магчымасьць папрацаваць на краіну».
Мінусы — «уцёкі мазгоў» з краіны. Для асобных беларускіх студэнтаў, акрамя цяжкасьцяў адаптацыі, абмежаваньня кантактаў зь сям’ёй, сябрамі, вельмі істотнымі аказваюцца цяжкасьці з далейшым працаўладкаваньнем — і ў дзяржавах Эўразьвязу, і ў Беларусі.
Што зрабіць, каб выпускнікі заходніх унівэрсытэтаў вярталіся?
Паводле вынікаў сацыялягічнага дасьледаваньня, у цэлым у дзяржавы няма зацікаўленасьці, каб выпускнікі замежных ВНУ вярталіся на радзіму.
Каб выпускнікі заходніх унівэрсытэтаў вярталіся, яны павінны бачыць пэрспэктывы разьвіцьця краіны і сваёй кар’еры. Яны павінны быць упэўненыя, што для іх знойдуцца на радзіме працоўныя месцы, а аплата працы будзе прыстойная.
Экспэрты мяркуюць, што ўсё будзе залежаць ад эканамічных і сацыяльна-палітычных зьмен у дзяржаве. У краіне павінна быць пабудаваная рынкавая эканоміка. Дзяржава павінна быць зацікаўленая ў разумных, адукаваных, высокакваліфікаваных беларусах.
Простыя ж грамадзяне на першае месца ставяць павышэньне ўзроўню даходаў.
Аднак у дух патрыятызму, у тое, што выпускнікі будуць вяртацца з-за мяжы дзеля патрыятычных памкненьняў, дзеля тугі па радзіме, ня вераць ні экспэрты, ні простыя грамадзяне.
Хто павінен займацца працаўладкаваньнем выпускнікоў замежных ВНУ?
На думку экспэртаў, дзяржаўная праграма па стымуляваньні вяртаньня выпускнікоў замежных унівэрсытэтаў у ідэале павінна быць.
Аднак экспэрты ня вераць, што Мінадукацыі, выканкамы ды іншыя дзяржаўныя органы будуць займацца гэтымі пытаньнямі.
Працаўладкаваньнем выпускнікоў замежных ВНУ павінна, на іх думку, займацца спэцыялізаванае агенцтва, лепш недзяржаўнае. Аднак могуць існаваць агенцтвы, створаныя пры Саюзах прадпрымальнікаў і нават пад дахам дзяржавы.
Незалежны экспэрт: «Выпускнікі павінны самі браць за сябе адказнасьць, а не чакаць патэрналізму»
Вадзім Мажэйка, экспэрт BISS (Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў) перакананы, што часьцяком малады чалавек, які імкнецца трапіць на вучобу за мяжу, ня мае дакладнага ўяўленьня пра сваю будучую спэцыяльнасьць, наколькі яна запатрабаваная на рынку працы Беларусі. І прывёў у прыклад Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт і некаторыя польскія ВНУ, у якіх дзясяткі беларусаў навучаюцца на аддзяленьнях паліталёгіі ці філязофіі. На яго думку, відавочна, што дзясяткі палітолягаў, якія штогод выпускаюцца з ЭГУ, Беларусі не патрэбныя.
«Але тыя, хто арганізоўвае адукацыйныя праграмы для Беларусі, і тыя, хто едзе зь Беларусі навучацца на Захад, павінны думаць над тым, як пасьля заканчэньня вучобы выпускнікі будуць працаўладкоўвацца. Бо, як вынікае з дасьледаваньня, большасьць разьлічвае, што ім дапаможа ці то дзяржава, ці то нейкая прыватная некамэрцыйная агенцыя.
А было б клясна, каб маладыя беларусы самі разумелі, што ім давядзецца браць на сябе адказнасьць за сваю будучыню, каб яны не чакалі патэрналізму, што ім дапаможа ці то NGO, ці то дзяржава — хоць беларуская, хоць замежная. А каб яны разумелі, што калі ты паступаеш на паліталёгію і плянуеш вярнуцца, трэба падумаць, што ж ты такое будзеш рабіць у Беларусі.
Таму браць на сябе адказнасьць — гэта адзін з галоўных момантаў, які трэба зразумець таму, хто зьбіраецца вучыцца за мяжой. Калі малады чалавек гэтага не разумее, яму не дапаможа ні дзяржава, ні агенцтва „Тваё заўтра“, ні хто-небудзь яшчэ. Адказнасьць за сябе — гэта вельмі складана, але бяз гэтага — нікуды», — перакананы Вадзім Мажэйка.