Раніцай 28 лютага каля Першамайскага раённага суду Менска міліцыянты затрымалі актывістку Маю Навумаву.
«Мяне павязуць у Цэнтральнае РУУС, будуць афармляць пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі», — пасьпела паведаміць журналістам Мая Навумава.
26 лютага актывістка ўдзельнічала ў пікеце салідарнасьці з палітвязьнямі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Напярэдадні, 27 лютага, затрымалі яе сябра Леаніда Кулакова. Мая Навумава да вечара прачакала яго ў Першамайскім раённым судзе і раніцай зноў прыйшла туды, як яна сказала, на «вахту».
«Сказалі, што тут сёньня судоў ня будзе, хутчэй за усё, у Цэнтральным раённым судзе»,— сказала Свабодзе Мая Навумава перад затрыманьнем.
Пакуль няма зьвестак і пра суды над актывістами Зьмітром Паліенкам і Настай Гусевай.
«26 лютага іх затрымалі супрацоўнікі Заводзкага РУУС, і ад таго часу на сувязь яны не выходзяць», — паведаміў Свабодзе актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў.