Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўразьвязу працягнула абмежавальныя меры ў дачыненьні да Беларусі на год


Квартал Брусэлю, у якім месьцяцца штаб-кватэры эўрапейскіх інстытуцыяў
Квартал Брусэлю, у якім месьцяцца штаб-кватэры эўрапейскіх інстытуцыяў

ЭЗ працягнуў да 28 лютага 2020 году абмежавальныя меры ў дачыненьні да Беларусі, у прыватнасьці — эмбарга на пастаўкі зброі і тэхнікі, а таксама візавыя санкцыі супраць чатырох беларускіх грамадзян.

Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на сайт Рады ЭЗ.

У паведамленьні ЭЗ гаворыцца, што «меры ўключаюць у сябе эмбарга на пастаўкі зброі і тэхнікі, якія могуць быць выкарыстаныя для рэпрэсій унутры краіны», а таксама «замарожваньне актываў і забарону на паездкі для чатырох чалавек, якія лічацца датычнымі да нераскрытых зьнікненьняў двух апазыцыйных палітыкаў, бізнэсоўца і журналіста ў 1999 і 2000 гадах».

«Рада таксама працягнула замарожваньне абмежавальных мер, якое дазваляе экспартаваць біятлённы рыштунак і абмежаваную колькасьць спартовых стрэльбаў і спартовых пісталетаў спэцыяльнага прызначэньня ў Беларусь, якія па-ранейшаму падлягаюць папярэдняму дазволу нацыянальным кампэтэнтным органамі ў кожным канкрэтным выпадку» — адзначаецца ў паведамленьні ЭЗ.

Міністэрства замежных спраў Беларусі выказала шкадаваньні праз увядзеньне санкцый.

Першапачаткова ў санкцыйны сьпіс ЭЗ уваходзілі чатыры беларускія чыноўнікі — Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка. Па меркаваньне ЭЗ яны маюць дачыненьне да зьнікненьня ў Беларусі апанэнтаў улады ў 1999-2000 гадах.

У сьнежні 2004 году, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, па вынікам якога Аляксандар Лукашэнка атрымаў права абірацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў, сьпіс папоўнілі кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палку міліцыі спэцпрызначэньня Юры Падабед.

У 2006 годзе сьпіс пашырыўся да 41 чалавека, якія, па меркаваньні ЭЗ, былі адказныя за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У сьпіс быў уключаны і Аляксандр Лукашэнка.

У кастрычніку 2008 года санкцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў былі прыпыненыя.

Дзеяньне санкцый ЭЗ у дачыненьні да Беларусі было адноўленае і пашыранае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, якія завяршыліся жорсткім разгонам мірнай дэманстрацыі ў Менску, арыштам большасьці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты і масавымі рэпрэсіямі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці.

На працягу наступных пяці гадоў «чорны сьпіс» ЭЗ неаднаразова мяняўся: некаторыя фізычныя асобы і кампаніі зь яго выключаліся, іншыя — уносіліся. Акрамя гэтага, у 2011 годзе ЭЗ увёў эмбарга на пастаўкі зброі ў Беларусь.

15 лютага 2016 году Рада ЭЗ прыняла рашэньне скасаваць абмежавальныя меры ў дачыненьні да 170 фізычных асоб і 10 кампаній. Пад санкцыямі засталіся Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка. Таксама было захавана эмбарга на пастаўкі зброі і забарона на экспарт тавараў для ўнутраных рэпрэсій.

У лютым 2017 году гэтыя санкцыі былі працягнутыя на год. Пры гэтым ЭЗ дазволіў экспарт у Беларусь біятлённага абсталяваньня.

Чарговым разам абмежавальныя меры ў дачыненьні да Беларусі Рада ЭЗ працягнула ў лютым мінулага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG