Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«МУС павінна быць гатовае да трупаў на асфальце» — якая можа быць рэакцыя на «гінэкалягічныя даносы»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Абмяркоўваем рашэньне МУС, паводле якога мэдыкі пасьля плянавых мэдаглядаў будуць паведамляць міліцыі пра сэксуальнае жыцьцё беларусак да 16 гадоў. Паводле прадстаўнікоў міліцыі гэта робіцца дзеля таго, каб «выявіць злачынствы супраць полавай недатыкальнасьці непаўнагадовых». Як такая практыка стасуецца зь лекарскай таямніцай, правамі дзіцяці, як на яе могуць зрэагаваць падлеткі, ці дапаможа яна выкараніць пэдафілію ды іншыя злачынства, абмяркоўваюць сямейны псыхоляг і псыхатэрапэўтка Вольга Андрэева, культуроляг і пісьменьніца Юлія Чарняўская і адной зь ініцыятарак грамадзянскай кампаніі «Недзіцячая справа» супраць дэкрэту № 18, прыёмная маці Наталія Янушкевіч.

Сьцісла:

  • Андрэева: Адным з нэгатыўных наступстваў будзе рост падлеткавых суіцыдаў.
  • Чарняўская: Я назваю гэта «гінэкалягічным даносам». І ён — супраць мэдыцынскай этыкі.
  • Янушкевіч: Я гадую двух непаўналетніх дзяцей, і наша сям’я так вырашыла, што мы ня будзем хадзіць з клясам, натоўпам, на так званыя плянавыя мэдагляды.

«Можам сутыкнуцца з тым, што дзяўчынка можа проста выкінуцца за акна»

Ганна Соўсь: Вольга Андрэева, вы ў свой час працавалі ў Менскім гарадзкім сэксалягічным цэнтры. З вашай практыкі, з сусьветнага досьведу, ці гэта эфэктыўны спосаб?

Вольга Андрэева
Вольга Андрэева

Вольга Андрэева: Катэгарычна не. Калі прачытала навіну пра гэта, была агаломшаная, бо гэта павінна выходзіць пад рубрыкай «нарочно не придумаешь». Межы чалавечага глупства бясконцыя. Тут настолькі не ўлічваецца псыхіка чалавека і іншыя чалавечыя патрэбы. Таму тут толькі абурэньне і прагназаваньне нэгатыўных наступстваў. Адным з нэгатыўных наступстваў будзе рост падлеткавых суіцыдаў. Мы можам сутыкнуцца з тым, што дзяўчынка можа проста выкінуцца за акна з высокага паверху. МУС павінна быць гатовае да гэтых трупаў на асфальце.

Я магу прывесьці прыклад з маёй практыкі ў Менскім гарадзкім сэксалягічным цэнтры. Вельмі добрая настаўніца прывяла да мяне дзяўчынку пасьля мэдагляду. Тады ня трэба было ў міліцыю дакладаць, калі гінэколяг выкрыла, што дзяўчынка-падлетак не цнатлівая. Яна сказала пра гэта настаўніцы, а настаўніца, вельмі добрая і спагадлівая жанчына, прывяла дзяўчынку ў сэксалягічны цэнтар на кансультацыю. У дзяўчынкі не было траўматызацыі з прычыны гэтага вопыту, ён быў зь яе згоды. Яна была закаханая ў маладога чалавека.

Я — праціўніца абавязковых, прымусовых мэдаглядаў.

Я ў яе спытала: «А чаму ты ня з мамай прыйшла? Ці ў цябе кепскія адносіны з мамай?» Яна кажа: «Не, у мяне добрая мама. Але яна балбатлівая. Калі б яна пра гэта даведалася, даведаліся б яе сяброўкі, ведалі б яе калегі на працы, яна б прыйшла і сказала, ой, у мяне такая падзея, мая дачка не цнатлівая!» І мамы не заўсёды ўмеюць захоўваць сакрэты сваіх дачок. Патэнцыйную шкоду ад гэтага рашэньня можна прагназаваць як вельмі сур’ёзную. Гэта права дзіцяці дазволіць гэты мэдагляд ці не дазволіць. Я — праціўніца абавязковых, прымусовых мэдаглядаў.

«Ахвярамі гэтага стануць хлопчыкі»

Ганна Соўсь: Юля Чарняўская, вы вырасьцілі дачку, маеце цудоўную ўнучку. Як многія з нас, напэўна сутыкаліся з так званай «карнай гінэкалёгіяй» за савецкім часам. Проста ўявіць плянавы гінэкалягічны агляд для дзяўчатак-падлеткаў, то гэта ўжо моцная псыхалягічная траўма. Ды чаго можа прывесьці такая практыка?

Юлія Чарняўская
Юлія Чарняўская

Юлія Чарняўская: У крайніх выпадках яна можа прывесьці да падлеткавага суіцыду. І хоць суіцыдаў хлопчыкаў у нас у Беларусі па статыстыцы больш удвая, чым суіцыдаў дзяўчат, сытуацыя атрымліваецца такая: дзяўчынка аказваецца ў пастцы. Зь ёй размаўляюць нейкія дарослыя сур’ёзныя дзядзі ў форме, яе цягаюць да псыхоляга, замучанага гэтай колькасьцю дзяўчынак, якую яму раптам сталі пастаўляць.

Што тычыцца самога гінэкалягічнага агляду і «карнай гінэкалёгіі», то і самі фразы «Што ты так ёрзаеш», «Што вам балюча? Вы ж ужо ведзяце палавое жыцьцё» — яны прыніжаюць чалавека. Розьніца ёсьць паміж сэксуальнай блізкасьцю і мэталічным халодным люстэркам ці нейкім іншым інструмэнтам, які ў цябе ўстаўлены. Вось як гэта будзе ўспрымаць дзіця, калі дарослая жанчына гэта ўспрымае жахліва?

Для дзяўчынкі, якая яшчэ жыве дзіцячым, а часткова спрабуе дарослае жыцьцё, гэта псыхалягічны надлом. І я хацела б яшчэ сказаць, што ахвярамі гэтага стануць хлопчыкі. Вельмі канкрэтна ў інтэрвію ад прадстаўніка міліцыі прагучала, што будуць запытваць, зь кім, калі, чаму і навошта. І калі, напрыклад, хлопчыку 18, а дзяўчынцы 15 з палавінай, то хлопчык ужо на мяжы турмы. Таму суіцыдаў хлопчыкаў таксама можа стаць больш.

Мы маем яшчэ такую сытуацыю, якую я назвала для сябе «гінэкалягічным даносам». І вось гэты «гінэкалягічны данос» — супраць мэдыцынскай этыкі і дэанталёгіі. Існуе лекарская таямніца: лекар (як сьвятар) павінен ведаць, што трэція асобы не павінны быць у курсе. А тут лекар ставіцца ў сытуацыю абавязанага несьці начальніку раённага УВД гэтыя зьвесткі. Каго мы зробім з гэтых лекараў? Адмовіцца таксама страшна, таму што гэта будзе пагражаць санкцыямі.

«Ня ўсе дзеці ведаюць, што ў іх таксама ёсьць права адмовіцца ад такога мэдагляду»

Ганна Соўсь: Наталія Янушкевіч, вы працавалі пэдагогам, маеце прыемных дзяцей, вы вопытная спэцыялістка па сацыяльнай праце. У свой час і вашу сям’ю спрабавалі абвінаваціць у гвалце над дзецьмі, у тым ліку сэксуальным. Як гэтая практыка, з вашага досьведу, можа стаць чарговым інструмэнтам для адабраньня дзяцей, для гвалтоўнага ўмяшаньня ў жыцьцё сямʼі, дзе ёсьць як свае, так і прыёмныя дзеці?

Наталія Янушкевіч
Наталія Янушкевіч

Наталія Янушкевіч: Любы варыянт барацьбы з гвалтам, прымяняючы іншы гвалт — тупіковы і абсурдны шлях. Я яшчэ зьвярну ўвагу, як гэта тычыцца яшчэ аднаго заканадаўчага акту, пастановы Савета міністраў пра крытэрыі пра пастаноўку ў «сацыяльна небясьпечнае становішча». Там пазначана, што пад такія крытэры падпадаюць бацькі, якія сыстэматычна не выконваюць рэкамэндацыі мэдыцынскіх работнікаў па дыягностыцы, лекаваньні ці мэдыцынскай рэабілітацыі дзіцяці, адпаведна калі бацькі будуць адмаўляцца ад мэдагляду ў гінэколяга... Як мне ўжо растлумачыў адзін са спэцыялістаў, які займаецца пытаньнямі дзіцячага гвалту, гэтым бацькам будзем задаваць асобныя пытаньні.

Ня ўсе дзеці ведаюць, што ў іх таксама ёсьць права адмовіцца ад такога мэдагляду. Мы ня ведаем, як гэта павернецца ў адносінах да дзяцей. У той жа час павінны ведаць бацькі, павінны ведаць дзеці, што нягледзячы на тое, што ёсьць такая пагроза іх перасьледу за адмову, права на адмову ў іх ёсьць. Але і рызыка таго, што сям’ю пасьля гэтага будуць ціснуць, таксама ёсьць.

«Дзеці павінны быць дасьведчанымі, а ў нас сэксуальную адукацыю згарнулі зусім»

Ганна Соўсь: Як мне падаецца, у міліцыі выклікае занепакоенасьць сытуацыя з пэдафіліяй, згвалтаваньнем непаўнагадовых, там ведаюць рэальную статыстыку (магчыма, гэта мы ня ведаем рэальную сытуацыю), і яны такім чынам спрабуюць змагацца з гэтым. Гэта сапраўды праблема і небясьпека. Як абараніць падлеткаў, як хлопчыкаў, так і дзяўчынак? Як ня стаць ахвярай? Якія спосабы тут могуць быць эфэктыўнымі?

Вольга Андрэева: Не трэба вынаходзіць ровар. Калі я працавала ў сэксалягічным цэнтры, у нас была высокапрафэсійная каманда сацыяльных пэдагогаў, якія займаліся псыхалягічнай і сэксуальнай асьветай дзяцей-школьнікаў, якіх прыводзілі да нас на лекцыі ў адпаведнасьці зь іх узроставымі асаблівасьцямі. Дзеці павінны быць дасьведчанымі, а ў нас сэксуальную адукацыю згарнулі зусім. Гэта сур’ёзная згуба для дзяцей.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сьвеце зараз актыўна выкарыстоўваецца праграма навучаньня недвухсэнсоўным паводзінам. То бок дзяцей вучаць упэўнена гаварыць «не» і абазначаць свае цялесныя межы любому іншаму чалавеку — незнаёмаму ці сваяку, вучаць задаваць пытаньне пра яго намеры. Аднойчы мяне на вуліцы папрасіла дзяўчынка-першаклясьніца: «Калі ласка, вы можаце мяне давесьці да маёй кватэры?» І я зь ёй разам увайшла ў пад’езд, паднялася ліфтам да яе паверху і давяла да дзьвярэй яе кватэры. І я адчула захапленьне яе бацькамі, якія навучылі яе бясьпечным паводзінам: не заходзіць у ліфт зь незнаёмым дзядзем. І дзяўчынка праявіла актыўнасьць, зьвярнулася да жанчыны. Ёсьць прыкметы гвалту і на цялесным, і на эмацыйным узроўні, пра якія ведаюць прафэсіяналы, якія працуюць зь дзецьмі. І ёсьць спосабы, як назіраць за дзецьмі і як абараняць дзяцей рознага ўзросту, як навучаць бясьпечным паводзінам.

Ёсьць, як мінімум, дзьве небясьпекі прапанаванай міліцыяй ініцыятывы. Першая — траўматызацыя дзіцяці падчас распытваньня, сьледзтва. Я сутыкалася з дзяўчынкамі, якія былі ахвярамі гвалту (пры чым гэта былі не падлеткі, а цалкам паўналетнія) і якія траўмаваліся менавіта ў міліцыі — тым спосабам, якім зь імі размаўлялі. І другі аспэкт. Мы можам меркаваць, што ня ўсе дзяўчынкі аднолькава добрыя, прыстойныя і гэтак далей. Можа быць нейкая дзяўчынка, ня вельмі добрая, ці пакрыўджаная, ці траўмаваная, якая можа выкарыстаць сытуацыю, каб агаварыць хлопчыка, які яе не палюбіў. І яму будзе вельмі цяжка апраўдацца.

Каб гаварыць пра рэальны сэксуальны гвалт, то патрэбная доказная база, захаваны біялягічны матэрыял. А як будуць «выбіваць» прызнаньне ў гэтага хлопчыка, якога дзяўчынка можа агаварыць, гэта ўжо сур’ёзнае пытаньне. Так многа непрадуманага і небясьпечнага ў гэтым праекце, што я катэгарычна супраць яго і думаю, што бацькоўская супольнасьць, і самі дзеці, і настаўнікі павінны быць супраць.

«А вось хлопчыкаў ніхто ня будзе "ратаваць" ад пэдафіліі, таму што ў іх штогадовых гінэкалягічных аглядаў няма»

Ганна Соўсь: Я ўзгадваю 80-я гады, калі я вучылася ў школе. У нас была адна дзяўчынка, якая рана пачала сустракацца з хлопцам. Настаўнікі, калі яна, напрыклад, не прыйшла на заняткі, проста заходзілі дадому і правяралі, што яна робіць. У выніку, настаўнікі сабралі асобна дзяўчынак і асобна хлопчыкаў, і ўсім паведамілі, што гэтая дзяўчынка ўжо не цнатлівая, што потым стала прычынай для яе цкаваньня ў школе — яе нават зьбівалі. Забойства ў Стоўбцах актуалізавала дыскусію пра праблемы падлеткаў, пра гэты вельмі стрэсавы і небясьпечны ўзрост, асабліва калі падлетак хавае ў сабе свае праблемы, крыўды, намеры. Якія наступствы можа мець такая міліцэйская «гінэкалягічная ініцыятыва» ў гэтым кантэксьце?

Юлія Чарняўская: І хлопчыкі могуць стаць ахвярамі. Дарэчы, тут цікавы момант, бо дзяўчынак будуць вось такім дзікім чынам «ратаваць» ад пэдафіліі. А хлопчыкаў ніхто ня будзе ратаваць ад пэдафіліі, таму што ў іх штогадовых гінэкалягічных аглядаў няма, праўда? Хлопчыкі аказваюцца ў небясьпецы, іх па сутнасьці ігнаруюць. Пэдафілаў, якія зьдзекуюцца з хлопчыкаў, ігнаруюць. Хлопчыкі аказваюцца ўразьлівымі з абодвух бакоў. Я думаю, што будзе ўзрастаць колькасьць самазабойстваў хлопчыкаў. Дапусьцім, агаварылі ці рэальнае каханьне — і ўсё рушыцца, выплывае на паверхню. Усе ведаюць, што ты сьпіш з непаўнагадовай. Пачынаюцца зьдзекі з гэтага хлопчыка. І вось ён якраз лягчэй «выйдзе з вакна», чым дзяўчынка — проста статыстыка такая. Удвая часьцей канчаюць з сабой хлопчыкі, а ўдвая часьцей спрабуюць пакончыць з сабой дзяўчынкі, але не заканчваюць.

Гэты ўказ страшны, таму што воз паставілі наперадзе каня. Трэба ўсяго толькі сачыць за дзецьмі. Нават не за тым, ці ёсьць у іх блізкі сябар, і не лезьці да іх у ложак. Трэба ўсяго толькі глядзець, ці не пачала дзяўчынка папраўляцца, апранаць непрыгожае адзеньне, хаваць сваё цела, ці не пачала ў яе пагаршацца вучоба, ці не перастала яна камунікаваць зь сяброўкамі? Дзяўчынкі вельмі часта таўсьцеюць, пакрываюцца прышчамі — іх цела робіць усё, каб да іх не прыставалі тыя, хто прыстаюць — пэдафілы. Прафіляктыка, толькі прафіляктыка.

«У кабінэт да гінэколяга запускалі па тры дзяўчынкі»

Ганна Соўсь: Я працытую камэнтар журналісткі Ірыны Чарняўкі ў суполцы «Толькі жанчыны»: «Ужо даўно мэдагляды з гінэколягам абавязковыя для дзяцей 3,6, 15,16,17 год. Дактары абавязаныя паведамляць і паведамляюць у міліцыю пра супрацьпраўныя дзеяньні ў дачыненьні непаўнагадовых. Паглядзіце ўсе гэтыя гісторыі цяжарных "Джульет" — яны заўсёды пачыналіся з заявы гінэколяга ў міліцыю пра сэксуальнае выкарыстаньне непаўнагадовай». Ці можна адмовіцца ад плянавых мэдаглядаў? Якія правы маюць бацькі, каб абараніць сваіх дзяцей ад умяшаньня ў іх прыватнае жыцьцё?

Наталія Янушкевіч: У людзей, якія жывуць у Беларусі, на шчасьце, яшчэ ёсьць правы, у тым ліку ў дзяцей. І ёсьць такое права гаварыць «не». Насамрэч не існуе абавязку ў дзяцей праходзіць мэдагляд, як і ў дарослых не існуе такога абавязку. Гаворка ідзе пра плянавы мэдагляд, які мэдыкі абавязаны прадставіць нам, пацыентам, бясплатна. Усё, што ўваходзіць у гэты сьпіс, павінна быць даступна. І гэта абавязаны мэдыкі прадставіць, а не грамадзяне абавязаны бегчы і праходзіць кожнага лекара ў агавораны час.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Я гадую двух непаўналетніх дзяцей, і наша сям’я так вырашыла, што мы ня будзем хадзіць з клясам, натоўпам, на так званыя плянавыя мэдагляды. Пры гэтым я не адмаўляюся ад мэдыцынскага абслугоўваньня дзяцей у звычайных раённых паліклініках. Скажам так, паслугамі ня ўсіх лекараў я карыстаюся. Некаторых лекараў я наведваю ў платных установах, паколькі так больш карэктнае абыходжаньне, асабліва ў адносінах да дзяцей. Дзесьці вышэй кваліфікацыя, дзесьці ў нас проста лекара такога няма, а замяняе абсалютна іншы.

У мяне яшчэ вельмі сьвежае ў памяці, як мы праходзілі ў школе так званыя мэдагляды за савецкім часам. У кабінэт да гінэколяга запускалі па тры дзяўчынкі. Пра якое прыватнае жыцьцё можна ў гэтым выпадку разважаць, калі ўсе робяцца сьведкамі таго, што адбывалася? Асабліва, калі гэта ўпершыню ў жыцьці адбываецца ў дзяўчынкі? Я не ўпэўнена, што такое не адбываецца зараз, таму што пазьней я з падобным сутыкалася падчас праходжаньня плянавых мэдаглядаў, калі працавала пэдагогам, і гэта было вельмі непрыемна.

Усе дзяўчынкі ў нас адразу трапляюць пад падазрэньне патэнцыйнай ахвяры.

Я палічыла, што маё дзіця, якое мае ўжо пэўныя праблемы з паводзінамі, з настроем, не павінна мець такі стрэс. Я спакойна пра гэта паведаміла кляснаму кіраўніку, што маё дзіця пройдзе мэдагляд у індывідуальным парадку. А калі ў мяне спыталі, а дзе ж вынікі? Прабачце, гэта вынікі нашы, майго дзіцяці — навошта яны школе? Школе трэба толькі ведаць рост — куды пасадзіць дзіця, і групу па фізкультуры. Гэтыя зьвесткі школа атрымала. Ну і пра прышчэпкі, якія неабходныя. Усё. Астатняе школе абсалютна няважна ведаць.

Што тычыцца лекарскай таямніцы. Тут згадваецца, што і раней гэта ўсё паведамлялася. Сапраўды, калі любому грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, становіцца вядома пра тое, што ў адносінах да непаўнагадовага адбылося правапарушэньне, злачынства, ён абавязаны паведаміць у праваахоўныя органы. І натуральна, перш за ўсё ён абавязаны паведаміць законнаму прадстаўніку і ўпэўніцца ў тым, што зьдзейсьнена злачынства. А ня так, як мяркуецца зараз: не высьвятляючы ані абставінаў, ані прычын, ані крыніц, усе дзяўчынкі ў нас адразу трапляюць пад падазрэньне патэнцыйнай ахвяры. І адпаведна ўсе хлопчыкі і наогул усе асобы мужчынскага полу адразу трапляюць пад падазрэньне патэнцыйных злачынцаў.

Слухаць дыскусію цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG