- Прэзыдэнты Лукашэнка і Пуцін дамовіліся, што не дамовіліся: Масква не дамагаецца паглыбленьня інтэграцыі, Менск не прэтэндуе на дадатковую эканамічную дапамогу
- Двухсэнсоўна прагучалі словы Лукашэнкі наконт таго, што ён і Пуцін пакінуць дзецям, з улікам адмысловага статусу ў Беларусі Мікалая Лукашэнкі
- Публічнае баўленьне часу разам — спроба дэманстрацыі, што паміж кіраўнікамі захоўваюцца прыязныя адносіны
Дык пра што размаўлялі Лукашэнка і Пуцін у Сочы на працягу трох дзён? Напярэдадні сустрэчы і беларускія і расейскія афіцыйныя прадстаўнікі даволі выразна фармулявалі парадак дня сустрэчы двух лідэраў — падатковы манэўр і далейшая інтэграцыя. У пятніцу Лукашэнка паведаміў, што і слова такога манэўр не ўжывалі за тры дні. І пра сувэрэнітэт не гаварылі, паводле яго, «гэта сьвятое».
Дык а што ж рабілі? Каталіся на лыжах, сьнедалі разам, адпачывалі, расслабляліся. Кантраст зь леташняй сустрэчай у Сочы, калі Лукашэнка адмовіўся застацца на хакей. Гэтым разам, так выглядае, быў суцэльны хакей — дэманстрацыя прыязных, сяброўскіх адносінаў. Не адным манэўрам людзі жывуць — як сказаў Лукашэнка. А Пуцін падчас ціхіх спартовых радасьцяў патлумачыў журналістам, што пытаньні інтэграцыі не цярпяць тлуму.
А тэмы гутарак, якія ўсё ж, паводле Лукашэнкі, абмяркоўваліся, былі філязофскія: мы ж ня вечныя, а што пасьля нас будзе, а што дзецям пакінем, як яны працягнуць нашую палітыку? Апошняе пытаньне ў вуснах Лукашэнкі — даволі двухсэнсоўнае з улікам заўсёднай прысутнасьці разам з бацькам сына Колі.
Лукашэнка таксама папрысутнічаў на сустрэчы з прэзыдэнтамі Ірану і Турэччыны. Супольнае піцьцё гарбаты з гасьцямі і суразмоўцамі Пуціна — яшчэ адна дэманстрацыя з боку прэзыдэнта Расеі, што стасункі зь беларускім саюзьнікам зусім не сапсаваліся.
Дык а што ж наконт самых вострых пытаньняў двухбаковых адносінаў, якія ня вырашаць ніякія ўрадавыя рабочыя групы?
Лукашэнка неабавязкова быў шчырым, калі казаў, што яны не абмяркоўваліся. Можна меркаваць, што бакі сышліся на варыянце Б, на які, ня выключана, Масква і ад пачатку разьлічвала, вылучаючы «ультыматум Мядзьведзева» пра працяг інтэграцыі. Варта прыгадаць, што тады, у сярэдзіне сьнежня, прэм’ер Расеі прапанаваў насамрэч два шляхі — ці больш шчыльная інтэграцыя, з агульнай валютай і мытняй і шчодрай падтрымкай Беларусі, ці кансэрватыўны варыянт, з захаваньнем цяперашняга ўзроўню інтэграцыі і цяперашняга ўзроўню расейскай дапамогі.
Ня выключана, што бакі проста выбралі кансэрватыўны варыянт. Масква спрабавала дамагчыся ад Менску згоды на варыянт А, на паглыбленую інтэграцыю. Дамагчыся не атрымалася.
І філязафічная Лукашэнкава заўвага, што не ў манэўрах шчасьце, можа азначаць згоду на тое, што расейскія субсыдыі добра калі не паменшацца, а разьліку на іх павелічэньне ўжо няма.
Як і ў Пуціна — згода на тое, каб цягнуць інтэграцыйную гуму вечна, як яно і раней было.
Ну і плюс дэманстрацыя ўзаемных добрых адносінаў, Лукашэнка вось нават не паехаў на Мюнхэнскую канфэрэнцыю ў пытаньнях бясьпекі. Апошнімі гадамі ён некалькі разоў устрымліваўся ад паездак на Захад, куды яго пасьля зьняцьця санкцыяў ужо і запрашалі.
Такая дэманстрацыя ляяльнасьці галоўнаму саюзьніку. Што можа быць канвэртавана ўсё ж у дапамогу. Пра манэўр можа і не гаварылі, але маглі гаварыць, скажам, пра новыя крэдыты. А крэдыт і кампэнсацыя за манэўр — гэта грошы, якія не адрозьніваюцца адны ад адных.
Вонкава ідылічная хада трохдзённай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы не азначае, што канфліктаў ня будзе і ў будучыні. Але выглядае, што гэтым разам у Сочы адбылася нічыя, ці, карыстаючыся мовай прэфэрансу — распасы. Масква не згуляла гульню «інтэграцыя», Менск не згуляў гульню «новыя расейскія субсыдыі».
Але, як кажуць у такіх выпадках, — яшчэ ня вечар.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.