Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскай пратэстанцкай царкве «Новае жыцьцё» рэкамэндавалі шукаць новую пляцоўку


Пратэстанцкая царква «Новае жыцьцё» ў Менску, 2017 год
Пратэстанцкая царква «Новае жыцьцё» ў Менску, 2017 год

Адміністрацыя Фрунзэнскага раёну Менску падвяла вынікі грамадзкага абмеркаваньня забудовы былой вёскі Сухарава.

З 79 дамоў у прыватным сэктары пакінуць 19, а 50 зьнясуць. Царкве хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» рэкамэндавана шукаць новую пляцоўку — на месцы ранейшага памяшканьня заплянавана ўзьвесьці школу з басэйнам. Вернікі дамагаюцца сустрэчы са старшынём Менгарвыканкаму Анатолем Сіваком.

Рэстарацыі ня будзе

Само грамадзкае абмеркаваньне праекту дэталёвай забудовы раёну, якое прайшло 16 студзеня, было вельмі гарачым і эмацыйным.

На сайце адміністрацыі Фрунзэнскага райвыканкаму апублікаваны выніковы пратакол.

Зь яго відаць, што ўсяго паступіла 349 электронных зваротаў, 111 пісьмовых (зь іх 12 калектыўных), а таксама 61 зварот у журнале рэгістрацыі пісьмовых заўваг і прапаноў. З 521 звароту ў 459 было выказана нязгода з праектнымі рашэньнямі, прапанаванымі архітэктарамі. Ніводзін чалавек не падтрымаў «пэрспэктыўных прапаноў» аўтараў праекту.

З 79 прыватных будынкаў, якія меркавалася зьнесьці, 19 рэкамэндавана захаваць. Адмовіліся ўлады ад ідэі пабудаваць у жылым масіве рэстарацыю на 100 наведнікаў.

Замест царквы хочуць збудаваць школу

Плян забудовы Сухарава, на контуры царквы «Новае жыцьцё» паказвае стрэлка
Плян забудовы Сухарава, на контуры царквы «Новае жыцьцё» паказвае стрэлка

​Найбольш вострую дыскусію на грамадзкіх слуханьнях выклікала прапанова зьнесьці царкву «Новае жыцьцё», якая ўжо больш за 25 гадоў разьмяшчаецца ў будынку былога кароўніку, які вернікі прывялі ў парадак. На месцы храма прапанавана пабудаваць школу на 1241 вучня з басэйнам.

Паводле намесьніка начальніка ўпраўленьня архітэктуры і будаўніцтва Фрунзэнскага раёну Паўла Тумаса, «выкарыстаньне кароўніка ў якасьці культавага будынка супярэчыць дзейнаму заканадаўству».

Таму «рэкамэндавана распрацоўшчыку праекту разгледзець разьмяшчэньне царквы „Новае жыцьцё“ па-за межамі гэтага праекту», фактычна ў іншым месцы.

Адміністратар царквы «Новае жыцьцё» Віталь Антончыкаў сказаў Свабодзе, што вернікі спадзяюцца на сустрэчу з новым старшынём Менгарвыканкаму — яны напісалі ліст на імя Анатоля Сівака і атрымалі адказ, што неўзабаве вернікаў запросяць на сустрэчу.

Віталь Антончыкаў у царкве, 2017 год
Віталь Антончыкаў у царкве, 2017 год

«Мы спадзяёмся на цывілізаваны шлях далейшага разьвіцьця падзей — што нам пакінуць гэты будынак. Бо выкідваць царкву, куды мы ўклалі столькі сіл, намаганьняў, фінансаў, несправядліва. Нікому канфлікт не патрэбен. Таму працягваем маліцца. Так што пакуль усе спадзяваньні — на старшыню Менгарвыканкаму Анатоля Сівака», — кажа Віталь Антончыкаў.

У 2002 годзе царква «Новае жыцьцё» выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку гораду, адрамантавала яго, і з 2004 году там адбываюцца набажэнствы. У 2005-м гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстаньня зямельным участкам, які раней быў выдзелены царкве бестэрмінова.

У 2006 годзе, каб прыцягнуць увагу да праблемаў царквы, вернікі правялі галадоўку-пост, якая доўжылася каля месяца. Сытуацыя вакол царквы набыла шырокі грамадзкі розгалас і міжнародны рэзананс.

У 2009 годзе суд пазбавіў суполку права ўласнасьці на будынак царквы па вуліцы Кавалёва, 72.

Цяперашні ўласьнік будынка, ЖРЭА Маскоўскага раёну Менску, ня раз зьвяртаўся ў эканамічны суд з патрабаваньнем прымусіць царкву «Новае жыцьцё» вызваліць памяшканьне.

Згодна з новым плянам забудовы раёну, на месцы царквы вырашана пабудаваць школу з басэйнам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG