Амаль кожнае пятае дзіця на Зямлі расьце ў зоне ўзброеных канфліктаў. У 2017 годзе ў раёнах, закранутых узброенымі канфліктамі і войнамі, пражывала 420 мільёнаў дзяцей (18% усіх дзяцей у сьвеце), што на 30 мільёнаў больш, чым у папярэднім годзе.
Такія вынікі прыводзяцца ў дакладзе па выніках новага дасьледаваньня, праведзенага на замову гуманітарнай арганізацыі «Выратуйце дзяцей» (Save the Children).
Аўганістан, Емэн, Паўднёвы Судан, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Дэмакратычная Рэспубліка Конга (ДРК), Сырыя, Ірак, Малі, Нігерыя і Самалі — краіны, дзе дзеці ў найбольшай ступені пацярпелі ад канфлікту ў 2017 годзе.
Сама меней 550 тысяч дзяцей загінулі ў выніку ўзброенага канфлікту паміж 2013 і 2017 гадамі ў гэтых дзесяці краінах, пераважна з-за наступстваў канфліктаў, такіх як голад, разбураная інфраструктура і шпіталі, недастатковы доступ да мэдычнай дапамогі і антысанітарыя. А калі ўлічваць дзяцей ва ўзросьце да пяці гадоў, дык агульная колькасьць загінулых дасягае 870 тысяч, гаворыцца ў дакладзе.
Для параўнаньня, за гэты ж пяцігадовы пэрыяд ва ўзброеных канфліктах былі забітыя 175 тысяч байцоў, непасрэдных удзельнікаў баявых сутыкненьняў.