Згодна з рэформай аўтарскага права ў Эўразьвязе, агрэгатары і сацсеткі, выкарыстоўваючы матэрыялы СМІ, будуць ім плаціць грошы, паведамляе Deutsche Welle.
У будучыні эўрапейскія выдаўцы прэсы атрымаюць больш пераваг перад буйнымі інтэрнэт-агрэгатарамі, напрыклад Google. Прадстаўнікі Рады Эўразьвязу, Эўракамісіі, а таксама Эўрапарлямэнту 13 лютага дасягнулі пагадненьня наконт рэформы аўтарскага права ў Эўразьвязе.
У прыватнасьці, рэформа прадугледжвае, што СМІ павінны атрымліваць ўзнагароджаньне, калі іхныя матэрыялы паўторна выкарыстоўваліся агрэгатарамі ці сацыяльнымі сеткамі, напрыклад Google або Facebook.
Акрамя таго, узнагароджаньне мусяць атрымліваць і ўладальнікі правоў або стваральнікі кантэнту, калі іхныя песьні ці відэаролікі распаўсюджваюцца праз онлайн-парталы. Гэты артыкул рэформы закране ў першую чаргу YouTube.
Рэформа, сутнасьць якой палягае ў мадэрнізацыі аўтарскага права ў эпоху лічбавых тэхналёгій, абмяркоўваецца ў Эўразьвязе з 2016 году. Вакол законапраекту вяліся гарачыя дыскусіі. Буйныя інтэрнэт-кампаніі, у тым ліку Google і Wikipedia, выказваліся супраць некаторых артыкулаў рэформы.
У ліпені 2018 году Эўрапарлямэнт адхіліў законапраект у сувязі з тым, што шэраг яго палажэньняў выклікаў крытыку адмыслоўцаў.
Для набыцьця сілы рашэньне, прынятае 13 лютага, павінны яшчэ ухваліць прадстаўнікі ўсіх краін –сяброў Эўразьвязу і Эўрапарлямэнт. Як зазначае агенцтва DPA, гэтыя працэдуры ў падобных выпадках часьцей за ўсё носяць фармальны характар.
У Беларусі правілы выкарыстаньня тэкстаў і фота ў інтэрнэце рэгулююцца законам «Аб аўтарскім праве», а таксама законам «Аб сродках масавай інфармацыі».