Цяперашняе «паўстаньне масаў» у Эўропе — заканамерны вынік адарванасьці палітычных і інтэлектуальных элітаў ад інтарэсаў большасьці эўрапейцаў.
Сьцісла
- Пасьля падзеньня камунізму эўрапейскія эліты паверылі ў «канец гісторыі», у тое, што найлепшае грамадзтва ўжо пабудавана.
- У эўрапейскіх грамадзянаў гадамі мацнела перакананьне, што палітычныя эліты не прадстаўляюць іхнія інтарэсы, кіруюцца ідэалягічнымі ўстаноўкамі, а не рэальнымі праблемамі людзей.
- Адбылося «паўстаньне масаў», якое насьпявала гадамі і стала аб’ектыўным працэсам, вынікам той самай адарванасьці палітычных і інтэлектуальных элітаў ад інтарэсаў большасьці эўрапейцаў.
Напрыканцы студзеня 30 усясьветна вядомых гісторыкаў і пісьменьнікаў, у тым ліку беларуская нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, апублікавалі ў шэрагу ўплывовых выданьняў сьвету (сярод якіх брытанская газэта Guardian) маніфэст-папярэджаньне супраць росту папулізму і нацыяналізму. Інтэлектуалы заяўляюць, што Эўропа як ідэя «развальваецца на нашых вачах». Галоўная пагроза, на думку аўтараў, паходзіць ад папулістаў, якія заклікаюць аднавіць «нацыянальны дух» і «страчаную ідэнтычнасьць».
Прызнаюся, у мяне кардынальна іншае ўяўленьне пра прычыны і гісторыю зьяўленьня сёньняшніх праблемаў Эўропы з папулізмам, — уяўленьне, якім я хачу падзяліцца.
Пасьля падзеньня камунізму ў канцы 80-х, пасьля пасьпяховага ўмацаваньня і пашырэньня Эўразьвязу эўрапейскія эліты паверылі ў «канец гісторыі». У тое, што далей ня можа і нават не павінна ўзьнікнуць ніякай ідэйнай і палітычнай альтэрнатывы. У тое, што найлепшае грамадзтва ўжо пабудавана, і тыя, хто гэта ставіць пад сумнеў, — дзівакі ці рэтраграды, на чыю думку можна не зьвяртаць увагі.
Тым самым адбыўся адыход ад галоўнага прынцыпу, на якім трымалася дэмакратычная Эўропа, — разнастайнасьць ідэалёгіяў, палітычны плюралізм. Не абвяшчаючы гэтага адкрыта, эліты вырашылі, што ідэалягічным дыскусіям фактычна прыйшоў канец. Ужо дасягнута ідэальная форма чалавечага існаваньня — левалібэральная дэмакратыя — і пытаньне толькі ў тым, наколькі хутка да яе прыйдуць іншыя нацыі. Паліткарэктнасьць, якая стала замяняць свабоду слова, вызначала, пра што можна казаць, а пра што нельга, і якіх тэмаў «лепей не чапаць». Усё гэта спалучалася з палітычнай цэнтралізацыяй унутры Эўразьвязу, ростам ролі Брусэлю і зьніжэньнем паўнамоцтваў нацыянальных урадаў.
Да таго ж — у эканамічным сэнсе левыя сілы, якія панавалі шмат у якіх краінах Эўропы ў 90-я — нулявыя гады, аказаліся нейкімі дзіўнымі левымі. У выніку іх кіраваньня багатыя багацелі, а бедныя і сярэдняя кляса бяднелі. Калі здарыўся эканамічны крызіс 2008 году, яны нярэдка бюджэтнымі грашыма ратавалі банкі і карпарацыі, а звычайным грамадзянам зьніжалі пэнсіі і заробкі. Левыя, якія дзесяцігодзьдзямі змагаліся супраць капіталу, у 21-м стагодзьдзі зьліліся з тым самым капіталам у адзінае глябалісцкае цэлае і замест змаганьня за бедных і рабочых сталі змагацца за паліткарэктнасьць і правы мігрантаў.
У выніку шмат у каго з эўрапейскіх грамадзянаў гадамі мацнела перакананьне, што палітычныя эліты не прадстаўляюць іхніх інтарэсаў, кіруюцца хутчэй нейкімі ідэалягічнымі ўстаноўкамі, а не рэальнымі праблемамі людзей.
Натуральна, што гэта не магло ня выліцца ў нейкі заканамерны палітычны пратэст. Паўсюль пачалі ўзьнікаць антысыстэмныя і немэйнстрымныя палітычныя сілы. Прэса і эліты адразу ж сталі называць іх «ультраправымі», «фашыстамі» — незалежна ад іхняй рэальнай палітычнай праграмы. Адным зь першых такіх «ультраправых» быў нідэрляндзкі гей і лібэрал Пім Фартэйн. Ён выказаў «крамольную» для 2002 году рэч — мусульманскія мігранты павінны паважаць сацыяльныя, культурныя і маральныя нормы сваёй новай эўрапейскай радзімы. За такое яго імгненна выгналі з партыі. Ён стварыў новую, зь якой адразу выйграў мясцовыя выбары. За два тыдні да агульнанацыянальных выбараў у 2002-м Фартэйна забіў левы радыкал, а ў 2004 годзе падчас тэлевізійнага галасаваньня ў рамках праекту «Найвялікшы галяндзец» Фартэйн заняў першае месца.
У 2010-я гады такія партыі пачалі ўзьнікаць фактычна ва ўсіх краінах Эўропы. Іх забаранялі, байкатавалі — але з кожным годам яны набіралі ўсё больш галасоў. Адбылося «паўстаньне масаў», якое насьпявала гадамі і, на маю думку, стала аб’ектыўным працэсам, вынікам той самай адарванасьці палітычных і інтэлектуальных элітаў ад інтарэсаў большасьці эўрапейцаў. Ня менш заканамерна і тое, што традыцыйныя левыя партыі, якія яшчэ гадоў 20 таму стабільна набіралі па 20–30 працэнтаў — на выбарах апошніх гадоў атрымліваюць па 5–10.
Вядома, нельга адмаўляць, што ў гэтым «паўстаньні масаў» прысутнічаюць і ксэнафобскія, антылібэральныя матывы. Але наяўнасьць невялікага працэнту сапраўдных ксэнафобаў у такіх партыях не павінна засланяць сутнасьць гэтага палітычнага працэсу. Людзі пратэстуюць супраць схемы, паводле якой «ня важна, за каго вы галасуеце, мы ўсё роўна зробім па-свойму, бо мы лепш за вас ведаем, як трэба». Людзі пратэстуюць супраць таго, калі іхнія абраньнікі прадстаўляюць нейкія наднацыянальныя інтарэсы, а не інтарэсы сваіх выбарнікаў.
Слухацца сваіх выбарнікаў — гэта, дарэчы, і называецца дэмакратыя, «улада народу». І так, варта зноў нагадаць: «канца гісторыі» няма.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.