Ініцыятары прапановы «Аб уключэньні ў школьную праграму для старэйшых клясаў пазнавальных экскурсій ва ўрочышча Курапаты» атрымалі афіцыйны адказ зь Міністэрства адукацыі Беларусі.
Як вынікае з дакумэнту, які прыйшоў на імя грамадзкага актывіста Алега Корбана, само Мінадукацыі не гатовае ладзіць экскурсіі па месцах сталінскіх рассстрэлаў. Фармальна — з прычыны «адсутнасьці атэставаных экскурсаводаў» для гэтага маршруту, а таксама «адсутнасьці аб’екта ў пераліку экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў», рэкамэндаваных для наведваньня навучэнцамі па вучэбных прадметах.
Але ведамства паведаміла, што такія экскурсіі ў Курапаты дазволеныя факультатыўна ў рамках навучальнай праграмы па беларускай літаратуры і гісторыі Беларусі.
«Для больш поўнага вывучэньня тэмы «Максім Гарэцкі» па прадмеце «Беларуская літаратура» падчас правядзеньня вучэбных і факультатыўных заняткаў, выхаваўчых мерапрыемстваў прапануецца наведваньне экскурсійнага аб’екту «Крыж Максіму Гарэцкаму ва ўрочышчы Курапаты», — гаворыцца ў адказе з подпісам намесьніцы міністра адукацыі Раісы Сідарэнкі.
Што тычыцца прадмету «Гісторыя Беларусі», то міністэрствам ухваляецца правядзеньне вучэбных заняткаў «Наш край», якія дазволяць пазнаёміць вучняў з асаблівасьцямі гістарычнага разьвіцьця таго ці іншага рэгіёну, у тым ліку і з наведваньнем урочышча Курапаты.
«Наколькі рэалістычныя такія экскурсіі ў фармаце дадатковага вывучэньня тэмы Максіма Гарэцкага, пакажа час, — камэнтуе Свабодзе ліст адзін з ініцыятараў прапановы Алег Корбан. — Відавочна, што правядзеньне падобных экскурсій таксама залежыць ад сумленьня і волі саміх настаўнікаў, якія нават пры наяўнасьці дазволу адважацца наведваць Курапаты ў рамках факультатыўных заняткаў».
Увосень 2018 году актывісты грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» сабралі больш за 2 тысячы подпісаў пад зваротам да Міністэрства адукацыі Беларусі з прапановай уключыць у школьную праграму прадмета «Гісторыя Беларусі» пазнавальныя экскурсіі ў Курапаты — месца масавага пахаваньня ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў.