Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія за байкот выбараў як рытуал


Пікет у Віцебску, 23 сакавіка 2014
Пікет у Віцебску, 23 сакавіка 2014

Як толькі ўзьнікае пагалоска пра набліжэньне выбараў, адразу ж пачынаюць гучаць галасы — «толькі байкот». Сёлета гэтую думку выказалі філёзаф Уладзімер Мацкевіч і палітолягі Павал Вусаў і Андрэй Ягораў.

Сьцісла

  • Кампанія за байкот узьнікае заўсёды пры набліжэньні выбараў
  • Цяпер пераважная частка апазыцыі мае намер ісьці на прэзыдэнцкія выбары
  • Спробы байкоту ў Беларусі ніколі ня мелі посьпеху
  • Нават на выбарах 2015 году, дзе выбар быў сьціплы, яўка істотна перавышала 50%
  • Кампаніі за байкот у Беларусі — такі самы рытуал, як і выбары. Яго мэта — яднаньне прыхільнікаў, тых, хто верыць у гэты рытуал

Гэтым разам, праўда, і пра выбары і адпаведна пра байкот размовы пачаліся неяк вельмі загадзя. Падставай таго, што выбары адбудуцца раней за восень 2020 году, зьяўляюцца шматлікія намёкі старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра тое, што або парлямэнцкія, або прэзыдэнцкія выбары варта правесьці раней — або ў канцы гэтага году, або на пачатку наступнага.

І ўсе ёй неяк паверылі. І адразу ж зьявілася плойма палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, якія ўжо цяпер абвясьцілі пра намер паспаборнічаць з Аляксандрам Лукашэнкам за прэзыдэнцкую пасаду.

Хто пойдзе на прэзыдэнцкія выбары?

Пра гэта абвясьціў, у прыватнасьці, лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч, старшыня ТБМ, дэпутатка палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, кампанія «Гавары праўду» ніколі не хавала, што мае намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах (там адзіная інтрыга — пойдзе на іх Тацьцяна Караткевіч ці Андрэй Дзьмітрыеў). Правацэнтрысцкая кааліцыя мае намер правесьці праймэрыз для вызначэньня найлепшага кандыдата. Кандыдата на што? Ну зразумела ж, на прэзыдэнцкія выбары.

Бывалі гады, калі значная, калі не пераважная, частка апазыцыі ад пачатку выбараў практыкавала байкот. Гэта было на парлямэнцкіх выбарах 2000 і 2012 гадоў. Не сказаць, каб гэта дало тады нейкі плён: тое, што на выбары тады прыйшло менш за 50%, афіцыйна прызнана не было, дый неафіцыйна гэта было спрэчным, ніякага грамадзкага руху байкатыстаў тыя кампаніі байкоту не спарадзілі.

Часам байкот быў не канцэптуальным рашэньнем, а вынікам хады кампаніі. У 2015 годзе не была зарэгістраваная нават ініцыятыўная група для вылучэньня Міколы Статкевіча, Анатоль Лябедзька ня здолеў сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысячаў подпісаў. Пасьля гэтага абодва яны былі за байкот. Але таму, што яны не былі зарэгістраваныя, а не таму, што выбараў няма, што гэта фарс і непрыстойна ў іх удзельнічаць.

У 2015 годзе выбар і сапраўды быў даволі сьціплым. Апазыцыйнасьць Тацяны Караткевіч тады ставілася многімі пад сумнеў. Але ні гэтыя сумневы, ні заклікі да байкоту на грамадзкія настроі ніякага асаблівага ўплыву не зрабілі. Яўка тады і рэальна, а ня толькі паводле зьвестак ЦВК, заўважна перавышала 50%, што прызналі і тагачасныя адэпты байкоту.

Выбараў няма, як не было і раней

Ну а што цяпер? Нічога падобнага ні на 2000, ні на 2012 год не назіраецца і блізка. Апазыцыянэры пераважнай часткай дружна зьбіраюцца ісьці на прэзыдэнцкія выбары. Заўважым, што зьбіраюцца і некаторыя з тых, хто раней ня раз агітаваў за байкот. Бо выбараў няма. А зараз будуць? Прыкладна ў той самай ступені, што і раней.

Нават ня надта цікава абмяркоўваць, чаму тады яны казаліі рабілі так, а цяпер інакш. Зафіксуем факт — цяпер дарослыя людзі з палітычным досьведам, значна большым, чым у філёзафаў і палітолягаў, вырашылі на выбары ісьці. З чаго яны раптам зьменяць сваё рашэньне? Ад аргумэнтаў, якія сто разоў чулі, а некаторыя і самі ня раз паўтаралі?

Ну а на практыцы: калі ў прэзыдэнцкіх выбарах ці ў 2019-м ці ў 2020 годзе будуць удзельнічаць, скажам, Анісім, Статкевіч, Севярынец — ці многія будуць браць пад увагу аргумэнт, што, маўляў, выбараў усё роўна няма, таму нецікава і ніяк нас не датычыць?

Ці шмат людзей будзе так разважаць нават у «ФБ-бурбалцы»? Нават сярод іх — няшмат. А ўжо сярод беларускага народу, сярод 7 мільёнаў выбаршчыкаў... ды яны проста не пачуюць гэткіх заклікаў. А калі нейкім цудам пачуюць, дык прапусьцяць міма вушэй.

Чаму байкот няўміручы?

Калі так, то чаму ж заклікі да байкоту абавязкова зьяўляюцца па меры набліжэньня выбараў? Парадаксальна, але беларускія заклікі да байкоту вельмі падобныя на беларускія выбары. Выбараў няма, гэта адно рытуал? Дык тое самае і байкот. І байкоту няма, і ніколі спробы яго зладзіць не былі пасьпяховымі. І як і выбары, нічога ён ня зьменіць.

Бабуля ў Клімавічах ці рабацяга ў Наваполацку ідуць на выбары пераважна не таму, што так ужо спадзяюцца на перамогу апазыцыянэра або вераць, што хаця б галасы там падлічаць сумленна. Хутчэй са стэрэатыпу пра народаўладзьдзе, з уяўленьня, што калі яны беларусы — дык трэба ім на беларускія выбары ісьці. Паложана — што тут беларусу яшчэ далей тлумачыць?

Рытуал, які выконваюць шмат людзей, ніколі не бывае зусім ужо пустым. Яго сэнс хаця б у аб’яднаньні, гуртаваньні людзей, якія яго выконваюць. Адносна беларускіх выбараў — ён пераважна менавіта ў гэтым.

Дык і ў закліках да байкоту, у кампаніях за байкот — толькі ў гэтым. Адэпты байкоту і самі ведаюць, што мільёны іх голас проста не пачуюць, ня кажучы ўжо што падтрымаюць. Ведаюць таксама, што ніколі той байкот у Беларусі ня быў пасьпяховым і блізка. Ну і што? Іх высілкі, іх кампанія мае сэнс у іх яднаньні з аднадумцамі на гэты конт.

У маштабах краіны гэта вельмі няшмат. Але ў маштабах «ФБ-бурбалкі» — гэта армія, гэта мора. Для некага гэта — сьведчаньне ўласнай маральнай дасканаласьці. Але гэта і лайкі, і шэры, і камэнты падтрымкі: і я за байкот, і я. Бачыце, пераважная большасьць за. Ну так, у «ФБ-бурбалцы». А хіба ёсьць яшчэ нейкая Беларусь, акрамя яе?

Ну і вера ў цуд. А раптам нас усё ж пачуе ня толькі свая фрэндстужка, а народ. Так і сапраўды часам здараецца. Дарэчы, і ў хаджэньні на выбары ёсьць, прынамсі, у некаторых, гэты элемэнт веры ў цуд. Бываюць жа ў сьвеце так званыя «перакульныя выбары», якія дыктатары ладзяць, каб праштампаваць чарговы раз сваю перамогу, але ў выніку прайграюць.

Рытуалы і рэальнасьць

І ў гэтым два беларускія рытуалы вельмі падобныя. Праўда, у адным рытуале — выбарах — удзельнічаюць мільёны, у другім — у кампаніях байкоту — істотна менш.

Але высьвятляецца, што і людзі, як сказана ў Пісаньні, «простыя і някніжныя», і вытанчаныя інтэлектуалы насамрэч адрозьніваюцца адны ад адных менш, чым ім самім здаецца. Формы іх рытуалаў часам і адрозьніваюцца, сэнс, прадвызначэньне рытуалаў — прыкладна аднолькавыя.

Дык ці варта дакараць людзей за тое, што яны абʼядноўваюцца вакол рэчаў, якія на першы погляд ня маюць ніякага дачыненьня да рэальнасьці? Іх адзінства — гэта іх рэальнасьць. Магчыма, адзіная ім даступная.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG