З пачатку году нормы ўвозу ў Беларусь тавараў для ўласнага карыстаньня з-за мяжы зьменшыліся. Што цягам апошняга дзесяцігодзьдзя рабілі з горадзенскім рэгіёнам зьмены мытнага і памежнага рэжымаў?
Пацярпяць найперш «звычайныя беларусы»
З 1 студзеня 2019 году бязмытна можна ўвозіць тавары для ўласнага карыстаньня на суму ня больш за 500 эўра і вагой ня больш за 25 кіляграмаў. Для тых, хто езьдзіць часьцей, чым раз на тры месяцы, абмежаваньне складае 300 эўра і 20 кіляграмаў. Дагэтуль дзейнічала абмежаваньне ў 1500 эўра і 500 кіляграмаў, часьцей за тры месяцы — таксама 300 эўра і 20 кіляграмаў. Як гэта паўплывае на жыцьцё беларусаў?
На думку жыхара Горадні Ежы Грыгенча, які часам робіць у Польшчы «закупы», ад зьменаў нормаў найперш пацярпяць «звычайныя беларусы», якія езьдзілі, каб набыць тавары для ўласнага карыстаньня.
«Газавыя пліты, лядоўні, пральныя машыны ня пройдуць цяпер па вазе», — адзначае мужчына.
Па ягоных падліках, з Польшчы выгадна вазіць у сям’ю ўсё, пачынаючы ад туалетнай паперы. Нават цукар там у два разы таньнейшы, чым у Беларусі.
Росквіт для рыначнікаў прыпаў на канец 1990-х
Зьмена нормаў істотная для прадпрымальнікаў, упэўнены старшыня Рады прадпрымальнікаў Паўднёвага рынку Горадні Андрэй Шасьцерыкоў. Ад іх залежыць, колькі тавару можна будзе правезьці празь мяжу і, адпаведна, частата паездак у Варшаву, Лодзь або Беласток.
Прадпрымальнік успамінае, што росквіт для перавозу тавараў з-за мяжы прыпаў на канец 1990-х — пачатак 2000-х.
«Вазілі будматэрыялы, мэблю. Не было праблем пры мытным афармленьні матэрыялу. Усё было прасьцей, таньней... Потым суцэльнае ўзмацненьне кантролю», — кажа Шасьцерыкоў.
Аднак, на думку суразмоўцы, сыход прадпрымальнікаў з рынкаў і гандлёвых цэнтраў у асноўным не зьвязаны з абмежаваньнямі на мяжы. На гэта ўплываюць пераважна зьмены ў беларускім заканадаўстве, напрыклад абавязковая сэртыфікацыя тавараў лёгкай прамысловасьці, павышэньне аплаты за арэнду гандлёвых месцаў.
Па словах прадпрымальнікаў, цяпер з Польшчы возяць тавар усяго каля 20% ІП, аднак, як і раней, ня ўсе легальна. Рэчы правозяць як для ўласнага карыстаньня. Мыта павысіць цану тавару на 20-30%.
Прадпрымальніца Алена плянавала вазіць тавар з Польшчы, але прыйшла да высновы, што з увядзеньнем сэртыфікацыі ў 2016 годзе гэта зусім ня выгадна.
«Спачатку трэба набыць 3-4 курткі, прывезьці ў Беларусь, зрабіць у санстанцыі сэртыфікат. Яны ж парэжуць адну куртку падчас праверкі. Потым зноў ехаць па вялікую партыю, плаціць мыта на мяжы, плаціць за склад часовага захоўваньня (СЧЗ)», — кажа жанчына.
Яна падлічыла, што афармленьне дакумэнтаў на партыю з 50 куртак, кожная па 30-40$, абыдзецца прыкладна ў 350 даляраў. У Маскве тыя ж сэртыфікаты на курткі выдаюць бясплатна.
Мінулі часы, калі на цыгарэтах будавалі катэджы
Крыніца з Горадні ананімна расказала Свабодзе, што раней найлепш можна было зарабіць на нелегальна правезеных у Польшчу цыгарэтах. У легкавік кантрабандыста зьмяшчалася 700 блёкаў цыгарэт, у мікрааўтобус — 2 тысячы. За адну паездку ў Кузьніцу на легкавіку можна было зарабіць 2-3 тысячы эўра.
Але, кажа суразмоўца, гэтыя часы мінулі паўтара года таму, калі палякі пачалі штрафаваць па 400 даляраў за адзін блёк цыгарэт, канфіскоўваць аўтамабілі. Людзі страчвалі за дзень па 3-4 «бусы» разам з таварам.
«Сёньня бабуля на ровары вязе туды два блёкі. Гэта ейныя 20 даляраў. Яна выйграе ў чатыры разы ў параўнаньні зь беларускімі цэнамі на цыгарэты. Заробіць каля 80 даляраў, купіць мяса, іншых харчоў, прывязе дадому», — тлумачыць крыніца.
Пратэст на мяжы пасьля абмежаваньняў для «бэнзавозаў»
Яшчэ адзін сродак даходу — паліва, зьлітае палякам. Раней з аднаго бака можна было зарабіць сто даляраў, цяпер — каля 15, толькі каб акупілася дарога.
У 2011 годзе беларусам абмежавалі выезд за межы Мытнага саюзу на аўтамабілі спачатку да аднаго разу за 5 дзён, а пазьней — да аднаго разу за восем дзён. Тым, хто ехаў часьцей, трэба было заплаціць мыта на паліва.
Абурэньне беларусаў вылілася ў стыхійны пратэст некалькіх соцень кіроўцаў з перакрыцьцём памежнага пераходу Брузгі 12 чэрвеня 2011 года. На перамовы з пратэстоўцамі прыехаў тагачасны кіраўнік Горадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра. Пасьля няўдалай спробы дыялёгу ён загадаў АМАПу разагнаць пратэст. 22 чалавекі затрымалі, 14 зь іх атрымалі штрафы.
У 2016 годзе беларускія ўлады адмянілі абмежаваньні на вываз паліва, а вось польскія ўвялі свае — сталі прапускаць ня болей за 600 літраў паліва на месяц, раней можна было правезьці 900. Ехаць з поўным бакам можна толькі раз на 72 гадзіны; калі часьцей, то дазволена ня болей за 20 літраў.
На падзеньне заробку «бэнзавозаў» паўплывала і павышэньне курсу даляра да злотага амаль у два разы за 10 гадоў: улетку 2008-га ён быў каля 2 злотых, сёньня 3,7 злотага.
«Поле цудаў» для пры самай мяжы амаль зьнікла
З Польшчы ў Беларусь «перакідчыкі», або «таварнікі», вязуць бытавую тэхніку для гаспадароў беларускіх крамаў тэхнікі. За адну рэч цяпер можна зарабіць 50-80 даляраў. Месцы, дзе сустракаюцца бізнэсоўцы (якія набылі тавар для продажу ў Беларусі) і «перакідчыкі» (якія дапамагаюць ім перавезьці тавар празь мяжу, які не праходзіць паводле нормаў на аднаго чалавека), трэба шукаць на беластоцкім рынку. Аналягічнае месца — славутае «поле цудаў» у Кузьніцы пры самай мяжы — ужо амаль зьнікла.
Па словах суразмоўцы, калі раней на памежным гандлі зараблялі на машыны і катэджы, то цяпер толькі на жыцьцё. За паездку максымум сто даляраў, за месяц — да 400-500.
«Езьдзяць 4-5 разоў на месяц пад „свае“ зьмены на мытні. Як нашыя паставілі сканэры, то забіраюць усё, машыны канфіскуюць. Мінулі тыя часы, калі можна было зарабіць», — кажа суразмоўца.
На думку крыніцы, найлепшы час для гандляроў быў 1-2 гады пасьля таго, як толькі ўвялі «шэнген» (з 21 сьнежня 2007 году). Цяпер жа, лічыць суразмоўца, 80-90% тых, хто зарабляў на мяжы, зьехаў некуды на сталае жыцьцё або на заробкі — у Польшчу, ЗША, іншыя краіны. Асноўны адток людзей адбыўся год-два гады таму.
Аўтамабільны бізнэс памёр
Гарадзенец Андрэй (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы), які раней прыганяў з Эўразьвязу аўтамабілі, расказаў, як зьмяніліся ўмовы заробку на гэтым.
Апошні непрыемны сюрпрыз, паводле яго, — утылізацыйны збор, які ўвялі на пачатку 2017 году. Каб паставіць у Беларусі на ўлік аўтамабіль з-за мяжы, трэба заплаціць падатак 250-370 даляраў у залежнасьці ад году выпуску, аб’ёму і вагі машыны.
Галоўнае ж абмежаваньне за апошнія 10 гадоў прыйшло 1 ліпеня 2011 года. Ад таго, што Беларусь уступіла ў Мытны саюз эўразійскай эканамічнай прасторы (з Расеяй і Казахстанам), тут вырасьлі цэны мытнага афармленьня аўтамабіля з-за мяжы.
Машыны тады адразу падаражэлі мінімум на 3-4 тысячы даляраў. Раней за мытнае афармленьне аўтамабіля, не старэйшага за 10 гадоў, плацілі 600-800 даляраў. Пасьля зьменаў мыта на аўта, не маладзейшае за 3 гады і не старэйшае за 5 гадоў, з рухавіком, ня большым за 1,5 літра, складала 3150-3200 даляраў.
Іншыя варыянты былі яшчэ даражэйшыя. За 10-гадовую машыну, якая каштавала 1000 эўра ў Літве, мыта магло скласьці каля 8000 тысяч эўра.
Некаторыя працягвалі прыганяць аўтамабілі з Эўропы пад высокае мыта. Але большасьць пераключылася на ўнутраны рынак: набыць танную машыну з дэфэктам, трошкі яе падрамантаваць, асьвяжыць ды прадаць даражэй. З 2014 году ў Расеі пачалі падаць цэны на машыны. Тады шмат хто пераключыўся на гэты напрамак.
Андрэй перакананы, што найлепей было займацца аўтамабільным бізнэсам менавіта да 1 ліпеня 2011 году. Найбольш папулярнымі тады былі машыны, не старэйшыя за 10 гадоў, бо на іх распаўсюджвалася самае выгаднае мыта.
«Ганялі ўсё! Куплялі ў асноўным „шрот“ (аўта ў кепскім стане), на якім эўрапейцы ўжо ня езьдзілі. На скорую руку зрабіўшы танны рамонт, хутка прадавалі. Часам прыцягвалі пабітыя ўшчэнт машыны, рамантавалі іх, наводзілі вонкавы бляск і „ўпіхвалі“ неразборлівым пакупнікам», — дзеліцца ён сакрэтамі аўтамабільнага бізнэсу.
Калі рухавік трашчаў, залівалі адмысловую «прысадку», — і мелі два тыдні ідэальнай работы. З хітрыкаў таксама адмотвалі прабегі, перашывалі салён і стырно. Прадавалі аўтамабілі толькі дажджом, каб не было відаць, што кепска пафарбаваны.
Праўда, часам гэтаксама маглі падмануць і саміх перакупшчыкаў у Польшчы або Літве. Тады чалавек уваходзіў у вялікі мінус, каб давесьці аўта да ладу.
«Былі выпадкі, калі такія пачаткоўцы куплялі „тапельцаў“ — машыны пасьля паводак з ЗША або Заходняй Эўропы. Звонку ён добры, але ў ім нічога не працуе. Літовец, які прадае машыны, прывезеныя паромам, пераконвае, што згарэў засьцерагальнік, які каштуе 5 даляраў. А там капец усёй праводцы і электроніцы. Бывала, здымае перагоншчык-дылетант абшыўку салёна, а там маркерам напісана карава па-расейску: „Каунас, 2009 год. Машина сварена из 3 частей. Привет от Виргиса“», — пераказвае выпадкі гарадзенец.
Некаторыя спэцыялізаваліся на аўтамабілях «як для сябе»: амаль без праблем, але дарагіх. Такія людзі звычайна працавалі пад замову для «сваіх».
Цяпер аўтамабільны бізнэс, на думку Андрэя, памёр. Засталіся адзінкі, што прывозяць машыны з Эўропы пад вялікае мыта. Працуюць на замову, бо інакш можна прадаваць і паўгода.
Пасьля зьменаў 2011 году, на думку гарадзенца, горш стала ўсім, у тым ліку мытні, страхавым фірмам і ДАІ, бо менш афармляюць машын.
«Былі часы, калі ў горадзенскі аддзел ДАІ стаялі ў чарзе па тыдні. Чаргу прадавалі па 50-100 даляраў, а часам за яе біліся, каб паставіць ці зьняць аўтамабіль з уліку. Аднойчы аўтамабілісты былі настолькі злыя, што выбілі раніцай дзьверы ў ДАІ, калі супрацоўнікі на дзьве хвіліны спазьніліся з адкрыцьцём», — апавядае Андрэй.
Да таго ж перасталі зарабляць людзі, на якіх афармлялі аўтамабілі. На сябе можна было аформіць толькі адно аўта за год, астатнія «вешалі» на знаёмых за грошы. Плацілі за паслугу па 150-200 даляраў.
За тры гады (2009–2012) хлопец разам з бацькам зарабілі 35 тысяч даляраў, прыганяючы аўтамабілі. Максымальны заробак за месяц сягаў 2 тысяч. Пры гэтым, падлічыў суразмоўца, за гэты час яны заплацілі мытных падаткаў прыблізна на 300 тысяч даляраў (іх кампэнсавалі пакупнікі аўтамабіляў у Беларусі).
Андрэй кажа, што аўтарыначнікі пасьля зьмены ўмоваў на мяжы набылі або стварылі свае аўтасэрвісы, перайшлі ў іншы бізнэс, уладкаваліся на легальную працу ў Беларусі.
Як мяняліся правілы на беларуска-польскай мяжы
- 21 сьнежня 2007 — увялі шэнгенскія візы на мяжы з Польшчай. Надгляд стаў больш жорсткі.
- 1 ліпеня 2011 — у Мытным саюзе рэзка падаражэла мытнае афармленьне імпартных аўтамабіляў з Эўразьвязу (да паловы цаны машыны).
- 21 лістапада 2011 — каб зьменшыць вываз аўтапаліва, Беларусь абмежавала (1 раз на 8 дзён) бязмытны выезд на ўласным аўта за межы Мытнага саюзу.
- 1 студзеня 2016 — набыў сілу прэзыдэнцкі ўказ № 222 аб абавязковай сэртыфікацыі прадпрымальнікамі тавараў лёгкай прамысловасьці.
- 14 лістапада 2016 — Польшча ўвяла абмежаваньне на ўвоз паліва да 600 літраў на 30 дзён. Поўны бак можна везьці раз на 72 гадзіны, часьцей — ня болей за 20 літраў.
- 1 студзеня 2019 — зьмяншэньне нормаў бязмытнага ўвозу тавараў для ўласнага карыстаньня да 500 эўра і 25 кіляграмаў, пры паездках часьцей за тры месяцы — да 300 эўра і 20 кіляграмаў.
- 2 студзеня 2019 — Польшча адмяніла папулярныя сярод беларусаў візы «на закупы».