Члены расейскай акадэміі навук выбачыліся перад патрыярхам Кірылам і старшынёй Савету Фэдэрацыі Валянцінай Мацьвіенкай за «памылковую інфармацыю» аб прысваеньні ім званьня ганаровага прафэсара РАН.
Прабачэньні зьявіліся на афіцыйным сайце РАН: «Анонс пасяджэньня прэзыдыюма РАН, абвешчаны апаратам РАН і разасланы прэс-службай РАН 18 студзеня, утрымліваў памылковую інфармацыю аб прысваеньні званьня "Ганаровы прафэсар РАН"... У сувязі з гэтым прыносім свае прабачэньні <...> і спадзяемся на працяг плённага супрацоўніцтва».
Таксама напісана, што ў законах, якія дазваляюць акадэмікам прысвойваць ганаровыя званьні выдатным дзеячам культуры і навукі, могуць унесьці зьмены, паведамляе «Настоящее время».
- 18 студзеня стала вядома, што патрыярх маскоўскі Кірыл уганараваны званьнем ганаровага прафэсар РАН як «вялікі папулярызатар навукі».
- Кіраўнік прэсавай службы РАН Сьвятлана Папова, тлумачачы рашэньне акадэміі, распавяла, што патрыярх не аднойчы ўдзельнічаў у здымках папулярнай тэлеперадачы аб навуцы «Очевидное — невероятное» і ведаў знакамітага савецкага фізыка Пятра Капіцу — ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па фізыцы 1978 году.
- 21 студзеня прэзыдыюм РАН часова адмовіўся ад ідэі прысвоіць патрыярху Кірылу званьне ганаровага прафэсара РАН. Урачыстая цырымонія павінна была прайсьці 22 студзеня.