Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл (Гундзяеў) зьвярнуўся зь лістом да прадстаяцеляў усіх памесных цэркваў, папы Рымскага Францішка, генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша, генсакратара АБСЭ ды палітычнага кіраўніцтва Францыі і Нямеччыны з заклікам абараніць Маскоўскі патрыярхат ва Ўкраіне ад «ціску і перасьледу» з боку ўкраінскай улады.
«На нашых вачах адбываецца грубае ўмяшаньне дзяржаўных уладаў Украіны ў царкоўнае жыцьцё, парушаюцца асноўныя правы чалавека, у тым ліку фундамэнтальнае права на свабоду сумленьня; мае месца відавочная спроба выкарыстаньня царквы ў дасягненьні палітычных мэтаў і перадвыбарчай барацьбе», — заявіў Кірыла.
Паводле яго, улады Ўкраіны «прымушаюць» сьвятароў Маскоўскага патрыярхату да ўдзелу ў аб’яднаўчым саборы, выкарыстоўваючы крымінальнае заканадаўства. Кірыл таксама пераконвае, што ўкраінскія ўлады спрабуюць «пазбавіць Украінскую праваслаўную царкву законных правоў на карыстаньне Кіева-Пячэрскай і Пачаеўскай лаўрамі — галоўнымі манастырамі праваслаўнай Украіны».
Ва Ўкраіне гэты зварот кіраўніка РПЦ расцанілі як абсурдны крок. У прыватнасьці, рэлігіязнаўца, галоўны рэдактар Рэлігійна-інфармацыйнай службы Ўкраіны (РІСУ) Тарас Анташэўскі нагадаў, што ў 2001 годзе патрыярх Маскоўскі адмовіўся ад сустрэчы з папам Рымскім Янам Паўлам II, якую той ініцыяваў у часе свайго візыту ва Ўкраіну:
«Масква заўсёды падрывала аўтарытэт і Ватыкану, і Канстантынопалю, а цяпер зьвяртаецца да іх па абарону.
З аднаго боку, гэта адпавядае духу царквы першага тысячагодзьдзя, бо ў той час усе незадаволеныя зьвярталіся менавіта да папы Рымскага, бо ён быў вярхоўным аўтарытэтам, такім сабе вярхоўным судзьдзёй у розных царкоўных справах. Але калі Масква гадамі падрывае аўтарытэт гэтых двух рэлігійных цэнтраў, а цяпер пры дапамозе іх спрабуе сябе абараніць? Гэта абсурдна і на мяжы нейкага сюррэалізму. Куды яшчэ будзе зьвяртацца патрыярх Кірыл — да кіраўніка Паўночнай Карэі, Вэнэсуэлы? Гэта выглядае вельмі сьмешна».
15 сьнежня ў Кіеве адбудзецца аб’яднаўчы сабор для стварэньня ва Ўкраіне адзінай памеснай праваслаўнай царквы. У ім будуць удзельнічаць тры праваслаўныя царквы — Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату, Украінская аўтакефальная праваслаўная царква і частка сьвятароў Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне.
Агульная колькасьць удзельнікаў не перавысіць 200 асобаў. На саборы маюць ухваліць статут памеснай царквы і выбраць яе першага прадстаяцеля, які 6 студзеня атрымае ад Канстантынопальскага патрыярха томас — дакумэнт, што засьведчыць незалежнасьць Украінскай праваслаўнай царквы ад РПЦ.
Што важна ведаць пра раскол праваслаўных цэркваў
Патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 13 кастрычніка, каб правесьці 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Па выніках сыноду РПЦ спыніла эўхарыстычную лучнасьць з Канстантынопалем.
- Вернікам РПЦ забаронена маліцца ў турэцкіх Стамбуле і Анталіі, грэцкіх Крыце, Родасе, астравах архіпэлягу Дадэканэс, а таксама ў манастырах на грэцкім Афоне.
- «Раскол» тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ. Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ.
- За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы.
- 13 кастрычніка ля сабора Сьвятога Духа патрыярха Кірыла сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма. Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.
- Гэта скрытыкаваў у сваім фэйсбуку сьвятар менскага прыходу Аляксандар Шрамко. 16 кастрычніка сьвятара звольнілі зь менскай эпархіі за крытыку патрыярха.
- Кірыл заявіў, што Беларусь — асаблівая частка Русі, а Белай яе назвалі, мабыць, таму, што яна ніколі не падпадала «пад залежнасьць іншаземных і іншаверных урадаў». Што трэба разумець пад словам «Русь», герарх не патлумачыў.
- На фоне візыту расейскі дыякан Андрэй Кураеў заўважыў, што скасаваньне Канстантынопалем патрыяршай граматы 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву тычыцца як Украіны, так і Беларусі. Бо тады, у XVII ст., да Кіеўскай мітраполіі належала і беларуская тэрыторыя.