Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія абнародавала агентуру КГБ. Публікацыя задала ня менш пытаньняў, чым дала адказаў


Сьветлавая інсталяцыя ў колішняй сядзібе КГБ у Рызе
Сьветлавая інсталяцыя ў колішняй сядзібе КГБ у Рызе

У сьнежні Нацыянальны архіў Латвіі адкрыў доступ да засакрэчаных дакумэнтаў КГБ Латвійскай ССР, публікуючы ў інтэрнэце афіцыйную картатэку больш за 4 тысячы тайных супрацоўнікаў савецкіх чэкістаў.

Апублікаваньне картатэкі выклікала даволі неадназначную рэакцыю ў Латвіі. Чаму? На гэтае пытаньне паспрабаваў адказаць карэспандэнт The New York Times Эндру Хігінс, якому ўдалося паразмаўляць зь некаторымі асобамі, чые імёны знаходзяцца ў згаданай картатэцы.

Ёсьць такія, даволі нешматлікія, якія пацьвярджаюць, што іх імя знайшлося ў картатэцы невыпадкова — яны сапраўды былі інфарматарамі КГБ. «На працягу 12 гадоў я працаваў на іх зь вялікім энтузіязмам», — сказаў Хігінсу 63-гадовы Юрыс Таскаўс. Таскаўс, які быў завэрбаваны ў 1979 годзе, удакладніў, што ён данёс на суседа, які глядзеў парнаграфічныя матэрыялы зь Нямеччыны, і даваў інфармацыю пра паўпадпольную групу экалягічных актывістаў.

Для іншых, аднак, як адзначае карэспандэнт The New York Times, прысутнасьць свайго імя ў картатэцы КГБ стала «траўматычнай нечаканасьцю». «Я шакаваны. Я ня меў паняцьця [што я быў агентам КГБ]», — сказаў амэрыканскаму выданьню Роландс Т’ярвэ, прафэсар Латвійскага ўнівэрсытэту. Т’ярвэ дадаў, што ён зьвернецца ў суд, каб ачысьціць сваё імя.

«Гэта немагчыма, каб КГБ пакінула рэальны сьпіс агентаў на тэрыторыі, якую лічыла варожай», — лічыць Т’ярвэ. Паводле яго, картатэку падрабілі і наўмысна пакінулі ў якасьці «адмысловага падарунку» Латвіі ў рамках спэцапэрацыі па дэзінфармацыі.

Кіраўніца Нацыянальнага архіву Мара Спруд’я таксама мае сумневы, што тычыцца прысутнасьці ў сьпісе агентаў кінаапэратара Андрэса Слапінса, які загінуў у сутычцы незалежніцкіх актывістаў з савецкімі салдатамі ў Рызе ў 1991 годзе. «Ён быў героем, а ня здраднікам. Як ён мог быць агентам КГБ? Гэта ня мае ніякага сэнсу», — сказала Спруд’я.

Пытаньне наконт безагаворачнага даверу да картатэкі выклікае таксама выпадак латвійскага паэта Яніса Ропкелніса, які ў 2017 годзе прызнаўся, што быў тайным супрацоўнікам савецкага КГБ. Прозьвішча Ропкелніса, аднак, чамусьці адсутнічае ў абнародаванай картатэцы.

Індуліс Залітэ, колішні дырэктар латвійскага Цэнтру дакумэнтацыі наступстваў таталітарызму, лічыць, што картатэка КГБ, якая засталася пасьля 1991 году ў Латвіі, наўрад ці была сфальшаваная. «У 1991 годзе быў паўсюдны хаос. Яны не маглі арганізаваць такую глыбокую інтрыгу. Яны былі тады занадта дэзарганізаваныя», — сказаў Залітэ.

Аднак і Залітэ адзначае, што абнародаваныя дакумэнты хутчэй дадаюць новую загадку, чым разгадваюць старую. Картатэка дае толькі імёны, ніякіх падрабязнасьцяў пра тое, што рабілі меркаваныя інфарматары, там няма. Ня выключана, падкрэсьлівае Залітэ, што картатэка адлюстроўвае «фальшывую рэальнасьць», бачаную вачыма афіцэраў-кадравікоў КГБ, якія проста хацелі пахваліцца сваімі посьпехамі і пранікненьнем ва ўсе сфэры жыцьця тагачаснай Латвіі.

93-гадовая Лідыя Ласмане, колішняя латвійская дысыдэнтка, якая тройчы была вязьнем ГУЛАГу, прывітала публікацыю картатэкі, аднак адзначыла, што гэта адбылося запозна, каб людзі ў Латвіі маглі адказаць на фундамэнтальнае маральнае пытаньне: ««Як абсалютна нармальны чалавек становіцца зьверам, гатовым здрадзіць свайму сябру, сваёй сям’і і сваёй краіна?».

Ласмане падкрэсьліла, што яна добра ўсьведамляе, што шмат хто пагадзіўся на супрацоўніцтва з КГБ пад ціскам ці пад пагрозамі, якімі сыстэма карысталася ў адносінах да патэнцыйных агентаў і іх сем’яў. Тым ня менш, як лічыць былая дысыдэнтка, «кожны чалавек мае права выбару, у рэшце рэшт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG