«Кажуць, ваш Лукашэнка раптам перайшоў з расейскай мовы на беларускую?» — тэлефануе мне з Масквы ўсхваляваны калега ў прадчуваньні сэнсацыйнай публікацыі. І расчаравана ўздыхае, калі я расказваю яму, што па-беларуску Лукашэнка прамаўляў усяго толькі дзьве хвіліны, што астатні вялікі выступ на цырымоніі ўручэньня прэміі «За духоўнае адраджэньне» гучаў як звычайна, па-расейску, і што ўвогуле — для цяперашняга беларускага лідэра гэта звыклая практыка: зрэдзьчасу (як правіла, не часьцей чым раз на год) згадваць пра існаваньне беларускай мовы ў сваіх невялікіх публічных выступах. Асабліва калі тэма імпрэзы для гэтага пасуе — як у выпадку з «духоўным адраджэньнем».
Відавочна, некаторую інтрыгу гэтаму эпізоду надалі апошнія непаразуменьні і спрэчкі паміж Менскам і Масквой. Усяго некалькі дзён таму Лукашэнка ледзь не з царкоўнага амбону пагрозьліва папярэдзіў усіх нядобразычліўцаў, што «пад бізуном мы больш ніколі хадзіць ня будзем». І вось цяпер — беларуская мова з высокай трыбуны. Зразумела, што некаторыя насьцярожана напружыліся: ці не паварот гэта ў палітыцы?
Ды які гэта паварот? Стаўленьне Лукашэнкі да беларускай мовы падчас ягонай палітычнай кар’еры заўсёды было пасьлядоўным. Згадваю, як падчас першай прэзыдэнцкай кампаніі ўлетку 1994 году дэпутат Лукашэнка прыйшоў да нас у рэдакцыю газэты «Звязда» (дзе я тады працаваў), каб правесьці «наўпростую тэлефонную лінію» з чытачамі. Размова цягнулася не адну гадзіну. І не адно пытаньне і ад чытачоў, і ад мяне як вядоўцы той «лініі» датычыла лёсу беларускай мовы (на той час, нагадаю — адзінай дзяржаўнай). Лукашэнка на ўсе зададзеныя па-беларуску пытаньні адказваў, як і цяпер, па-расейску. Пра мову выказваўся з павагай, аднак пры гэтым адзначаў, што «ня трэба ламаць людзей праз калена», што ўсё трэба рабіць паступова, а ня «гвалтам», што абедзьве мовы павінны быць раўнапраўныя, што пытаньне гэтае для нашага народу вельмі далікатнае і вырашаць яго трэба акуратна і на працягу многіх гадоў. І што тыя, хто дакарае яго за грэблівае стаўленьне да мовы, ня маюць рацыі. Маўляў, вось міне некалькі гадоў — і вы ўбачыце, хто больш зрабіў для мовы: тыя, хто толькі здольны крычаць пра гэта, ці тыя, хто бяз крыку і гвалту робіць сур’ёзную справу.
У 1995 годзе Лукашэнка выканаў адно са сваіх перадвыбарчых абяцаньняў — правёў рэфэрэндум, адно з пытаньняў якога датычыла статусу мовы. Расейская мова ў Беларусі фармальна атрымала той жа статус, што і беларуская, а фактычна — уся сьціплая «беларусізацыя» пачатку 90-х гадоў была згорнутая, і працягнулася тая ж моўная палітыка, што і ў БССР, пры камуністах.
...З таго часу мінула шмат гадоў. Што зьмянілася за гэтыя чвэрць стагодзьдзя ў стаўленьні ўлады да моўнай праблемы? Па сутнасьці — нічога. Найбольш шчырае выказваньне Лукашэнкі на гэтую тэму, мяркую, утрымліваецца ў выдадзенай у ЗША кнізе прафэсара Грыгорыя Ёфэ «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксьце», пра якую аўтар чатыры гады таму падрабязна распавядаў у інтэрвію беларускай Свабодзе. Вось некалькі цытатаў з гутарак Ёфэ з Лукашэнкам пра мову:
«Я супраць таго, каб гэтую тэму наогул абмяркоўваць. Мова — гэта сьвятое. І ў нас ёсьць усё для таго, каб спакойна — калі трэба, 20 гадоў, каб паставіць беларускую мову ўпоравень з рускай. Усе астатнія пытаньні — да Машэрава... Гэта ня я, разумееце? Ня я. Я атрымаў такую краіну, дзе на рускай мове, а часам на нейкай трасянцы больш размаўлялі, чым на беларускай мове. А я беларускую мову вывучаў у школе. У інстытуце. У мяне цешча выкладала беларускую мову ў школе, каб вы ведалі на ўсялякі выпадак, і я пазнаёміўся зь яе дачкой у 15 гадоў. І з 15 гадоў, акрамя школы, дык яшчэ на беларускай мове размаўлялі і зь цешчай, і з жонкай, і гэтак далей...»
Аляксандра Лукашэнку, які прамаўляе па-беларуску, слухаць прыемна. Мова ў ягоных вуснах гучыць лёгка, нязмушана, арганічна, вымаўленьне — выдатнае. Адразу верыш, што яна для яго — першая і родная. Матчына.
Але ў тое, што настане дзень, калі прэзыдэнт Лукашэнка пачне праводзіць нарады са сваімі чыноўнікамі па-беларуску альбо нешта кардынальна зьменіць у становішчы беларускай мовы ў дзяржаве і грамадзтве, асабіста я ня веру. Як сьведчыць досьвед апошняй чвэрці стагодзьдзя, уся моўная палітыка Лукашэнкі зводзіцца да аднаго тэзісу: праблема гэтая настолькі далікатная, што лепш яе не чапаць. Як ёсьць — няхай так і застаецца.
Хоць ва ўмовах, калі Масква спрабуе рэанімаваць колішнюю імпэрыю, нацыянальная мова ператвараецца ў фактар дзяржаўнай бясьпекі, засьцерагальнік ад пастаяннай пагрозы анэксіі, якая паходзіць з Усходу. Для ўсіх суседзяў Беларусі, якія ў свой час вырваліся з імпэрскіх абдымкаў, гэта відавочна. А для Беларусі? Лукашэнка за апошнія гады ня раз казаў пра тое, што не пацерпіць вяртаньня Беларусі пад «чужы бізун». Але, як сьведчыць гісторыя, «чужы бізун» часта і пачынаецца з адмаўленьня ад уласнай мовы.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.