Амбасадар Беларусі ў Вялікай Брытаніі і па сумяшчальніцтве пры Сьвятым Пасадзе Сяргей Алейнік наведаў Ватыкан.
Беларускі дыплямат узяў удзел у навагодняй аўдыенцыі папы Рымскага Францішка для дыпляматычнага корпусу, акрэдытаванага ў Ватыкане. Падчас візыту адбылася кароткая размова Сяргея Алейніка з пантыфікам.
У рамках візыту беларускі амбасадар правёў сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Сьвятога Пасаду кардыналам П’етрам Паралінам, сакратаром у справах дачыненьняў зь дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыяту Ватыкану (міністрам замежных справаў) арцыбіскупам Полам Галахерам.
Бакі абмеркавалі актуальныя пытаньні далейшага разьвіцьця супрацы, узаемадзеяньня ў міжнародных арганізацыях, абмяняліся думкамі пра сытуацыю ў рэгіёне.
Невядома, ці абмяркоўвалася магчымасьць візыту Францішка ў Беларусь. Падчас візыту ў Ватыкан у траўні 2016 году Аляксандар Лукашэнка прапанаваў папу Рымскаму сустрэцца з патрыярхам Кірылам на беларускай тэрыторыі.
Пасьля сустрэчы з папам Рымскім Лукашэнка заявіў: «Я выказаў думку, што пантыфіку пара прыехаць у Беларусь і разам з нашым патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі». Сваю прапанову ён паўтарыў на сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэньня Рады біскупскіх канфэрэнцыяў Эўропы 28 верасьня 2017 году ў Менску.
У лістападзе летась прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага Аляксандар Волкаў, адказваючы на пытаньне пра візыт пантыфіка ў Беларусь, заявіў, што візыт кіраўніка Каталіцкай царквы папы Францішка ў кананічныя межы Расейскай праваслаўнай царквы «не стаіць у парадку дня дачыненьняў».