Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патрыёт» самавольна расьпісаў казарму Берасьцейскай крэпасьці сталінскімі лёзунгамі 


Скрыншот відэа
Скрыншот відэа

Каардынатар акцыі «Несьмяротны полк»без узгадненьня з уладамі аднавіў савецкія лёзунгі, якія ў канцы 1940-х нанесьлі на адну з казармаў Берасьцейскай крэпасьці. Несанкцыянаваны рамонт прызнаны псаваньнем культурнай каштоўнасьці і цяпер ініцыятару рэканструкцыі пагражае буйны штраф, паведамляе «Настоящее время».

​Берасьцеец Пётар Піцко — каардынатар акцыі «Несьмяротны полк» у сваім горадзе, былы сакратар Берасьцейскага гарадзкога камітэту БРСМ, кіраўнік Моладзевага патрыятычнага цэнтру на тэрыторыі крэпасьці. Ня так даўно ў яго зьявілася ідэя аднавіць адну з закінутых даваенных казармаў насупраць свайго офісу. Піцко вырашыў, што ўзгадненьні на аднаўленчыя працы не патрэбныя.

З групай аднадумцаў кіраўнік моладзевага цэнтру сьпілаваў кусты, пабітыя вокны замяніў на банэры з фотаздымкамі ваенных рэканструктараў у форме салдат Чырвонай арміі. Затым узяўся за аднаўленьне савецкіх лёзунгаў эпохі Сталіна.

Але ідэя спадабалася ня ўсім. Кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі зьвярнуўся ў Міністэрства культуры з патрабаваньнем прыбраць савецкую сымболіку і цытаты Сталіна з будынку крэпасьці. Ён перакананы, што рэканструктары, працуючы без ўзгадненьня, ня толькі парушылі закон, але і спрабуюць рэабілітаваць сталінізм:

«Яны прапагандуюць тую эпоху, якой нам нельга ганарыцца».

Мінкульт і берасьцейскія ўлады пагадзіліся, што самавольны рамонт нашкодзіў гісторыка-культурнай каштоўнасьці і запатрабавалі прыбраць надпісы і банэры з фасаду гістарычнага будынку. Пятру і ягоным калегам пагражае штраф да 6000 даляраў.

Піцко перакананы, што ўсё зрабіў правільна, хоць неўзабаве і пакінуў сваю пасаду ў Моладзевым патрыятычным цэнтры. Сыход ён назваў асабістым рашэньнем, не зьвязаным з канфліктам.

Тым часам савецкія лёзунгі і цытаты Сталіна пакуль застаюцца на сьценах казармы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG