Аляксандар Лукашэнка прысудзіў прэміі «За духоўнае адраджэньне» і спэцыяльныя прэміі дзеячам культуры, мастацтва і спорту, піша прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Свабода паглядзела, каго і за што ўзнагародзілі.
Спэцпрэмію дзеячам культуры і мастацтва 2018 года атрымалі:
- «Міс Беларусь 2018» і «Міс сьвету Эўропа» Марыя Васілевіч «за значны ўклад у разьвіцьцё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, актыўную міжнародную дзейнасьць»;
- Вядучы майстар Купалаўскага тэатру, народны артыст Беларусі Віктар Манаеў «за высокае прафэсійнае майстэрства, значныя дасягненьні ў галіне тэатральнага мастацтва», спэктаклі «Рэвізор» і «Школа падаткаплацельшчыкаў»;
- аўтарскі калектыў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі;
- творчы калектыў былых малалетніх вязьняў фашызму «Лёсы»;
- народны інструмэнтальны ансамбль «Нясьвіскія лыжачнікі»;
- калектывы «Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжу» і «Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва».
Прэмію «За духоўнае адраджэньне» атрымалі:
- За пераклад Новага запавету на беларускую мову – калектыў Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і калектыў Сэкцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакумэнтаў касьцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі;
- Калектыў аўтараў музыкі і тэкстаў Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка «за ўвасабленьне тэмы малой радзімы», «стварэньне цыклю высокамастацкіх вакальных твораў патрыятычнага напрамку»;
- Калектыў дабрачыннай арганізацыі «Беларускі дзіцячы госьпіс» за дзейнасьць у гуманітарнай галіне і арганізацыю працы дзіцячага госьпіса ў пасёлку Вопытны на Меншчыне;
- Калектыў Веснаўскага дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця — за вялікі ўнёсак у «зацьвярджэньне маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства і міласэрнасьці», мерапрыемствы па сацыялізацыі «асоб з абмежаванымі магчымасьцямі».
Спэцпрэмію Лукашэнкі «Беларускі спартыўны Алімп» за 2018 год атрымалі:
- Старшы трэнэр аддзяленьня скачкоў на батуце Гродзенскай спэцыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву № 3 Ірына Бараноўская;
- Намесьнік загадчыка аддзелу спартыўнага вяшчаньня тэлеканалу АНТ Барыс Герстэн;
- Інструктар нацыянальнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы Вольга Мазуронак.
За якія дасягненьні ўзнагародзілі дзеячоў спорту, не называецца.