Усяленскі патрыярх Варфаламей падпісаў томас — дакумэнт, які пацьвярджае кананічны статус новай Праваслаўнай царквы Ўкраіны.
Томас — гэта царкоўны дакумэнт. Раней томасы былі ўказамі, якія выдаваліся з розных прычынаў, але ў апошнія некалькі стагодзьдзяў томас стаў дэклярацыяй незалежнасьці царквы таго ці іншага рэгіёну. Менавіта на падставе томасу новая царква фармуе ўласны статут — царкоўную канстытуцыю.
У праваслаўі цяпер існуе 15 самастойных цэркваў — без Украінскай іх было 14. Частка зь іх сфармавалася ў старажытнасьці, частка — сталі незалежнымі адносна нядаўна, адлучыўшыся ад старажытных цэркваў. Томас маюць толькі восем цэркваў, якія аддзяліліся.
«Настоящее время» параўнала томас Украінскай царквы з аналягічнымі дакумэнтамі іншых праваслаўных цэркваў.
Яго ўнікальнасьць у тым, што ў ім выразна акрэсьленыя межы новай царквы. Мець грамады за межамі Ўкраіны забаронена. Гэта значыць, грамады ўкраінскіх вернікаў у дыяспары (Эўропа, ЗША, Канада) пераходзяць пад кіраваньне Ўсяленскага патрыярхату.
Упершыню ў томасе апісваецца роля Канстантынопальскага патрыярха як найвышэйшай апэляцыйнай інстанцыі ў спрэчных пытаньнях. Раней гэта мелася на ўвазе звычаёва.
У томасе ёсьць пункты, якія не дазваляюць самастойна памяняць статус царквы, тытул яе кіраўніка або статут, паводле якога яна жыве. Гэта можна зрабіць толькі ўзгадніўшы з Канстантынопалем.
Усе томасы адрозьніваюцца. Часам у томасе выкладаецца гісторыя царквы. Так, у сэрбскім томасе вельмі дэталёва апісваецца гісторыя ўзьнікненьня Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў. Падобны пункт ёсьць у томасе для Польскай праваслаўнай царквы, а таксама царквы Чэскіх земляў і Славаччыны.
- Томас Альбанскай царквы, які выдалі ў 1937 годзе, унікальны тым, што там асобна запісана абяцаньне сьвецкай улады гарантаваць свабоду і правы праваслаўных вернікаў. У Альбаніі праваслаўныя — меншасьць, і мясцовыя ўлады дамагліся незалежнасьці сваёй царквы, сярод іншага, дзякуючы гэтаму абяцаньню, упісанаму ў томас.
- У томасе Румынскай царквы, які яна атрымала ў 1885 годзе, асобна адзначана, што аб незалежнасьці мясцовай царквы Канстантынопаль прасіў «яго міласьць кароль Румыніі і яго каралеўскі ўрад».
- У Грэцыі томас выдалі ў 1850 годзе на афіцыйную просьбу ня толькі ўраду, але і мясцовага сьвятарства, а таксама вернікаў. Гэта апісваецца ў томасе царквы. Грэцкі дакумэнт таксама ўнікальны тым, што надае мясцоваму Сыноду паўнамоцтвы рэгістраваць разводы вернікаў. Да гэтага ахвочым разьвесьціся трэба было зьвяртацца ў Канстантынопаль.
- Ва ўкраінскім томасе згадваецца кіраўнік новай царквы Эпіфаній і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.
- У дакумэнтах Грэцкай, Альбанскай, Польскай праваслаўных цэркваў, царквы Чэскіх земляў і Славаччыны пазначана, што яны атрымліваюць спэцыяльны царкоўны алей — міра — толькі ад Канстантынопаля. Міра выкарыстоўваецца, напрыклад, пры хрышчэньні або асьвячэньні новых храмаў. Іншыя цэрквы могуць рабіць алей самі ці атрымліваюць яго ад Канстантынопаля, але ў іхных томасах гэта ня значыцца. Новая Ўкраінская царква будзе атрымліваць алей з Канстантынопаля.
Пры гэтым томасы аб’ядноўвае тое, што ў іх падаецца назва новай царквы, а таксама тытул яе кіраўніка. У большасьці томасаў найвышэйшай уладай надзяляецца сынод, калегіяльны орган зь некалькіх япіскапаў — нешта накшталт кабінэту міністраў.
Ва ўсіх томасах сказана, што пасьля абраньня новага кіраўніка царквы той павінен адправіць лісты кіраўнікам іншых цэркваў — аналяг даверчых граматаў для завязаньня дыпляматычных адносінаў паміж дзяржавамі.
Што такое томас і аўтакефалія — тлумачым папулярна
6 студзеня 2019 году ў Стамбуле Ўсяленскі патрыярх Варфаламей уручыў томас аб аўтакефаліі кіраўніку Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Ўкраіны Эпіфанію.
Што гэта азначае
- Томас (грэц. τόμος) — указ кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы ў важных пытаньнях царкоўнага ўладкаваньня або веравучэньня.
- Аўтакефалія (ст.грэц. αὐτοκεφαλία) — самастойнасьць памеснай царквы, адміністрацыйна незалежнай ад іншых праваслаўных цэркваў, але адзінай зь імі кананічна.
Найноўшая перадгісторыя
- У красавіку 2018 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне і абвясьціў аб намеры стварыць «адзіную памесную царкву». Вярхоўная Рада зварот прэзыдэнта падтрымала.
- 10 верасьня 2018 году патрыярх Варфаламей накіраваў у Кіеў двух экзархаў, якія меліся падрыхтаваць глебу для стварэньня аўтакефальнай царквы.
- 11 кастрычніка сынод Канстантынопальскага патрыярхату ў Стамбуле пазбавіў юрыдычнай сілы свой указ ад 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскве, абвясьціў аб стварэньні свайго падвор’я ў Кіеве і рэабілітаваў лідэраў раней непрызнаных Украінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскага патрыярхату) і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
- 15 сьнежня 2018 году аб’яднаўчы сабор трох праваслаўных цэркваў Украіны абвясьціў аб стварэньні адзінай памеснай праваслаўнай царквы. Яе ў сане мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны ўзначаліў мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі Эпіфаній (Думенка).
Рэакцыя Масквы
- Маскоўскі патрыярхат рэзка адмоўна паставіўся да захадаў Канстантынопальскага патрыярха ў справе стварэньня адзінай памеснай царквы Ўкраіны, разарваў з Канстантынопалем эўхарыстычныя дачыненьні і зьвярнуўся да кіраўнікоў іншых праваслаўных цэркваў сьвету з заклікам не ўступаць у зносіны з створанай ва Ўкраіне новай праваслаўнай царквой.
- Да пазыцыі патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла далучыўся і беларускі экзархат РПЦ. Сынод экзархату выступіў з адпаведнай заявай.
- 2 лістапада 2018 году прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярха пры Сусьветнай радзе цэркваў архіяпіскап Ёў (Геча) заявіў, што не выключае магчымасьці наданьня аўтакефаліі царкве ў Беларусі — калі папросяць царква і дзяржава.
Становішча ў сусьветным праваслаўі
Да наданьня аўтакефаліі Праваслаўнай царкве Ўкраіны ў сьвеце было 14 прызнаных аўтакефальных цэркваў. Паводле праваслаўнага Дыптыху, яны разьмяшчаюцца ў наступнай герархіі:
- Канстантынопальская (больш як 2 млн чалавек)
- Александрыйская (больш як 6,5 млн чалавек)
- Антыяхійская (1 млн 370 тыс. чалавек)
- Ерусалімская (130 тыс. чалавек)
- Руская (найбуйнейшая, каля 130 млн чалавек)
- Грузінская (4 млн чалавек)
- Сэрбская (10 млн чалавек)
- Румынская (16 млн чалавек)
- Баўгарская (8 млн чалавек)
- Кіпрская (420 тыс. чалавек)
- Элядзкая (8 млн чалавек)
- Альбанская (700 тыс. чалавек)
- Польская (500 тыс. чалавек)
- Чэскіх земляў і Славаччыны (150 тыс. чалавек)
Прыклады наданьня томасаў:
- 1686 год — Канстантынопальскі патрыярх Дыянісі IV выдаў томас аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскай патрыярхіі (11 кастрычніка 2018 году сынод Канстантынопальскага патрыярхату скасаваў гэтае рашэньне).
- 1923 год — патрыярх Канстантынопальскі Мялеці IV выдаў томас аб аўтаноміі Эстонскай праваслаўнай царквы і прыняў яе ў сваю юрысдыкцыю.
- 1924 год — патрыярх Канстантынопальскі Грыгор VII падпісаў томас аб наданьні аўтакефаліі Праваслаўнай царкве ў Польшчы (Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна).
- 1994 год — патрыярх Маскоўскі Аляксій II выдаў томас аб наданьні Малдаўскай праваслаўнай царкве аўтаноміі.
- 1998 год — патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей выдаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Чэскіх земляў і Славаччыны.