Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скульптар з райцэнтру вырабіў «помнік бязьвінна забітым парсючкам». Але стаў «дармаедам»


«Помнік сьвіньні» на ўезьдзе ў сьвінакомплекс «Сосны»
«Помнік сьвіньні» на ўезьдзе ў сьвінакомплекс «Сосны»

Паводле кітайскага календара, 5 лютага пачнецца год жоўтай земляной Сьвіньні. На Магілёўшчыне скульптар з Клімавіч Леанід Ячнёў увекавечыў гэтую жывёліну ў скульптурнай кампазыцыі. Гэта першы такі «помнік» у Беларусі.

Прапанаваў Ячнёву зрабіць скульптурную кампазыцыю кіраўнік найбуйнейшай у раёне сьвінагадоўчай гаспадаркі Аляксандар Цішкін. Аб’екты ўпадабалі жыхары Клімавіч, а вось мясцовае чынавенства да ініцыятыва аграрніка паставілася неадназначна.

Сам аўтар ставіцца да свайго твору з гумарам і спадзяецца, што год Сьвіньні, якую ён уганараваў, паспрыяе ўдачы для землякоў і яго самога.

Сьцісла пра Леаніда Ячнёва

Леанід Ячнёў
Леанід Ячнёў

  • Нарадзіўся ў Клімавічах у 1958 годзе, жыве тут. Мастак і скульптар. Малюе пэйзажы і натурморты.
  • Скончыў Бабруйскую мастацкую вучэльню ў 1983 годзе. Працаваў афармляльнікам у «Белбытрэкляме», кінаапэратарам на горадзенскай студыі «Азот», а таксама мулярам на будоўлях.
  • Меў зь дзясятак пэрсанальных выстаў у Беларусі і замежжы. Ягоныя карціны захоўваюцца ў прыватных калекцыях, а таксама ў беларускіх і замежных музэях.
  • У 2017 годзе скульптара залічылі ў «дармаеды».
  • Цяпер працуе ў раённым Доме рамёстваў.

«Каб ня сьвіньні, мы б ня ведалі смаку сала ды мяса»

Скульптурная кампазыцыя з трох сьвіней упрыгожвае ўезд у сьвінакомплекс «Сосны», што за тры кілямэтры ад Клімавіч па шашы з райцэнтру ў суседні Крычаў. Пры дарозе на пастамэнце, які нагадвае кубел, стаіць бэтонная сьвіньня ў натуральную велічыню. Непадалёк, за шэсьцьдзесят мэтраў ад прахадной, яшчэ дзьве жывёліны штодня вітаюць работнікаў прадпрыемства.

Звыклы пэйзаж пасьля зьяўленьня ля праходной сьвінакомплексу кампазыцыі са сьвіньнямі
Звыклы пэйзаж пасьля зьяўленьня ля праходной сьвінакомплексу кампазыцыі са сьвіньнямі

Два гады таму скульптурную групу замовіў мясцоваму мастаку і скульптару Леаніду Ячнёву дырэктар сьвінакомплексу Аляксандар Цішкін. Паводле яго, майстар, які тады падпрацоўваў у гаспадарцы качагарам, у вольны час «вылепіў помнікі». За прамінулы час яны сталі пазнавальным атрыбутам сельгаспрадпрыемства, хоць «ідэя архітэктурнай кампазыцыі ня ўсім спачатку спадабалася», прызнаўся Аляксандар Цішкін.

«Калі б не было сьвіней, дык мы, пэўна, ня ведалі і смаку сала ды мяса», — адзначае кіраўнік гаспадаркі.

Як удалося высьветліць, работнікам сьвінакомплексу забаронена гадаваць сьвіней на ўласных падворках зь меркаваньняў бясьпекі пагалоўя. У недалёкай ад сельгаспрадпрыемства вёсцы Хацень прыватная сьвінагадоўля толькі пачынае адраджацца пасьля таго, як пяць гадоў таму яе зьнішчылі праз пагрозу распаўсюджаньня сьвіной чумы. Вяскоўцы пазьбягаюць гутарак зь незнаёмцамі, ці маюць ва ўласнай гаспадарцы гэтых жывёлаў. Пра «помнік сьвіньні» ля комплексу гавораць са сьмехам.

«Помнік бязьвінна забітым парсюкам»

Аўтара помніка Леаніда Ячнёва ў Клімавічах называюць «мясцовай знакамітасьцю». Апошнія пяць гадоў ён вырабляе скульптуры з бэтону. Ягоныя творы зьмянілі ляндшафт у дзяржаўных лясгасах ды прыватных аграсядзібах. Яны ўпрыгожваюць вуліцы райцэнтру і ягоныя ваколіцы. У розных рэгіёнах краіны ён выштукаваў кампазыцыі з казачнымі пэрсанажамі, жывёламі, абярэгамі, альтанкамі. Даводзілася рабіць і вадаспад.

Па ягоных словах для Беларусі выраб скульптур з бэтону пакуль незвычайны напрамак у архітэктурнай творчасьці. Падобным займаюцца скульптуры ва Ўкраіне, Расеі ды Чарнагорыі.

«Яны ствараюць сапраўдныя шэдэўры. Калі глядзіш на іх, то ня верыш, што перад табой выраб з бэтону. У мяне ж пакуль выходзяць толькі скульптуры з грубымі формамі», — адзначае ён.

Дзьве постаці сьвіней ля альтанкі: загулялая сьвінка і ўзбуджаны яе выглядам парсючок
Дзьве постаці сьвіней ля альтанкі: загулялая сьвінка і ўзбуджаны яе выглядам парсючок

Леанід Ячнёў вынайшаў раствор з уласьцівасьцямі, якія трымае ў сакрэце. Яны робяць матэрыял для скульптур плястычным і прыдатным для апрацоўкі.

«Помнік сьвіньні» таксама зьмяніў ляндшафт прылеглай да сьвінакомплексу пляцоўкі. Пра свой твор аўтар гаворыць з іроніяй і гумарам. Ня ўтойвае, што нярэдка чуе і кпіны.

«Гэта помнік бязьвінна забітым парсючкам», — з усьмешкай адказвае ён на пытаньне журналіста.

«Сьвіньні, як людзі на пляжы»

За прапанову зрабіць «помнік сьвіньні» Ячнёў і ягоны напарнік узяліся з задавальненьнем.

«Абавязковым было патрабаваньне, каб постаці жывёлаў былі зробленыя з гумарам, каб людзі, ідучы на працу, усьміхаліся», — прыгадвае ўстаноўкі кіраўніка сельгаспрадпрыемства скульптар.

Патрэбны для «помнікаў» ракурс ён падбіраў, «гадзінамі назіраючы» за паводзінамі жывёлаў на сьвінакомплексе. Суразмоўца прызнаецца, што звыкнуцца ня мог з пахамі сьвінарніку. Паводзіны пабачаных у ім жывёлаў ён параўнаў «зь людзьмі на пляжы», якія і сталі прататыпам для дзьвюх скульптур ля альтанкі. Яны зробленыя як частка кветніка.

Сьвінка ў макіяжы і ўзбуджаны парсюк нагадваюць мінакам пра «людзей на пляжы»
Сьвінка ў макіяжы і ўзбуджаны парсюк нагадваюць мінакам пра «людзей на пляжы»

«На адной з клюмбаў сьвінка, лежачы на баку, завабліва ўсьміхаецца парсюку, які за колькі мэтраў на суседняй клюмбе. Ён такі ўсхваляваны ды ўзбуджаны, што ягоны лыч чырвоны», — апавядае пра сваю працу Леанід Ячнёў.

Паводле яго, складана было зрабіць вялікую сьвіньню на пастамэнце пры дарозе. Неабходна было захаваць прапорцыі скульптуры, каб постаць выглядала гарманічнай. Подыюм пад ёй меўся нагадваць вялікі кубел, у якім спакон вякоў захоўваюць беларусы сала ды мяса.

На скульптурнай кампазыцыяй Леанід Ячнёў з напарнікам працавалі блізу двух месяцаў. Спачатку зрабілі мэталёвы каркас і абцягнулі яго арматурнай сеткай. Потым наклалі на яе тры пласты «сакрэтнага» раствору. Зробленым засталіся задаволенымі.

«Чыноўнікі не ўпадабалі ініцыятыву»

Архітэктурная кампазыцыя стала дужа папулярнай у жыхароў Клімавіч. Ля гэтых помнікаў ладзяць фатасэсіі, бо такога дзіва ніхто ня бачыў, кажа скульптар.

«Нават вясельныя паязды знарок туды прыяжджалі для фота. У сацыяльных сетках бачыў фатаздымак, на якім малады залез на сьвіньню, а маладая пры ёй стаяла», — дадаў ён.

Леанід Ячнёў апавядае пра свае «помнікі сьвіньням»
Леанід Ячнёў апавядае пра свае «помнікі сьвіньням»

Стаўленьне ж раённага начальства да помніка сьвіньні было неадназначным. Ня ўсе чыноўнікі ўпадабалі такую ініцыятыву, прыгадаў скульптар. Ды пасьля ўмяшаньня Міністэрства сельскай гаспадаркі, якое ўхваліла скульптуру, жарсьці вакол яе ўлягліся.

Сёлета Леаніду Ячнёву прапаноўвалі ў адной з гаспадарак Клімавіцкага раёну ўвекавечыць у скульптурнай кампазыцыі карову. Мастак не выключае, што ў 2019 годзе і гэты помнік паставіць.

«Аўтаматычна трапіў у дармаеды»

Вядомасьць Леаніда Ячнёва не ўратавала яго ад залічэньня ў дармаеды. Як і многія зь беларусаў, у 2017 годзе ён атрымаў «ліст шчасьця». Было гэта пасьля «помніка сьвіньні».

Дыплёмы «дармаеда» Ячнёва
Дыплёмы «дармаеда» Ячнёва

У той час аўтару скульптурнай кампазыцыі давялося скасаваць прадпрымальніцтва (фота, — відэапаслугі) і на паўгода застацца бяз сталага занятку.

«Надышоў крызіс. Людзі перасталі да мяне зьвяртацца. Замоваў не было, — прыгадаў сытуацыю 2017 году суразмоўца. — Калі атрымаў апавяшчэньне сплаціць падатак на дармаедзтва, у мяне была вялікая крыўда. У той год у розных гарадах і краінах прайшло восем маіх выставаў. Я зьвяртаўся да гарадзкой улады і даводзіў ёй, чым займаўся, але „дармаедам“ застаўся. Падатку не плаціў».

Апошні год Леанід Ячнёў працуе ў раённым Доме рамёстваў. У мясцовай студыі выяўленчага мастацтва вучыць дзяцей і рыхтуе моладзь да паступленьня ў мастацкія вучэльні.

Што беларусам пераняць у нарвэжцаў

Леанід Ячнёў прызнаецца, што хацеў бы стаць незалежным у творчасьці, але ў беларускіх рэаліях гэта немагчыма, бо «ўвесь час даводзіцца думаць пра тое, як выжыць». У Клімавічах, дзе цяжка знайсьці працу, гэта асабліва востра адчуваецца, кажа ён. Тутэйшы люд зьнявераны і пэрспэктываў у паляпшэньні сытуацыі ня бачыць.

Суразмоўца прыгадаў першую сваю замежную выставу. Была яна ў нарвэскім Халдэне ў 2003 годзе. Там яго ўразіла паважлівае стаўленьне ўлады да людзей творчасьці. Дзяржава падтрымлівае іх матэрыяльна. Уразіла беларускага мастака і нарвэская нацыянальная галерэя. Тры гадзіны ён разглядаў тамтэйшыя шэдэўры мастацтва.

Раённы Дом рамёстваў, у якім вучыць маляваць мясцовую дзятву Леанід Ячнёў
Раённы Дом рамёстваў, у якім вучыць маляваць мясцовую дзятву Леанід Ячнёў

Мастак, кажа, што трапіў у Нарвэгію праз зьбег абставінаў. Прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі з скандынаўскай краіны прывезьлі былі гуманітарную дапамогу ў Клімавічы і пабачылі ягоныя пэйзажы. Прапанавалі зрабіць выставу ў іх на радзіме. Туды мастак павёз больш за трыццаць сваіх работ. Зь іх палову прадаў. Экспанаваліся яны ў выставачнай залі ордэну храмоўнікаў.

«У нарвэжцаў абсалютна іншы мэнталітэт, — прыгадвае ўражаньні ад паездкі Леанід Ячнёў. — Яны разьняволеныя. Дужа беражліва ставяцца да сваёй краіны і яе сымбаляў. Патрыятычна настроеныя. Заможныя практычна ўсе. З маленства прывучаюць дзяцей да творчасьці».

Леанід Ячнёў у сваім працоўным кабінэце Дома рамёстваў
Леанід Ячнёў у сваім працоўным кабінэце Дома рамёстваў

Мара мастака: аднавіць страчаныя помнікі старасьветчыны ў карцінах

Леанід Ячнёў марыць прысьвяціць цыкль карцін зьнішчаным, закінутым сьвятыням ды помнікам старасьветчыны Клімавіцкага краю.

«У Беларусі шмат зьнішчана, — кажа ён. — Даведацца пра колішнія архітэктурныя славутасьці можна хіба што з фатаздымкаў і архіўных дакумэнтаў. Я хачу намаляваць панарамныя карціны, каб людзі на іх пабачылі сваё роднае, няхай яго ўжо не існуе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG