У горадзе Магнітагорску ў Расеі паводле стану на 09:00 3 студзеня па мясцовым часе паведамілі новую лічбу загінулых, якіх знайшлі пад заваламі жылога дома, дзе 31 сьнежня адбыўся выбух: згодна зь цяперашнімі паведамленьнямі, знойдзеныя 37 целаў.
Сваякі апазналі 22 загінулых з 37, паведаміў прадстаўнік прэс-службы МНС па Чалябінскай вобласьці.
Невядомым застаецца лёс яшчэ чатырох чалавек. Выратавальныя працы працягваюцца безь перапынку; шанцаў выявіць жывых у час, калі маразы ўначы дасягаюць 20 градусаў, практычна няма. 1 студзеня, прыкладна праз 35 гадзінаў пасьля выбуху, ратавальнікі знайшлі жывым 11-месячнага хлопчыка; цяпер сярод загінулых шасьцёра дзяцей.
Выбух у адным з пад’ездаў дзесяціпавярховага жылога дома па праспэкце Карла Маркса, 164 у Магнітагорску Чалябінскай вобласьці Расеі адбыўся раніцай 31 сьнежня. Ён разбурыў практычна ўвесь пад’езд, у якім было 48 кватэр. Ацалела зь іх толькі палова: 24 кватэры, якія знаходзіліся ў цэнтры пад’езда, разбураныя цалкам, іншыя атрымалі пашкоджаньні. Пад’езд склаўся як картачны домік, прыкрыўшы змесьціва кватэр трохмэтровымі плітамі.
У якасьці галоўнай вэрсіі разглядаюць выбух бытавога газу. Па горадзе хадзілі чуткі пра тэракт, аднак згодна з паведамленьнямі праваахоўнікаў, пакуль няма ніякіх дадзеных, якія маглі б сьведчыць на карысьць вэрсіі тэрарыстычнага акту.
2 студзеня ў Чалябінскай вобласьці быў аб’яўлены дзень жалобы.
На прыёме ў губэрнатара ў той жа дзень ўласьнікі кватэр у пацярпелым доме запатрабавалі даць ім іншае жытло. Людзі баяцца жыць у доме, нават у аддаленых пад’ездах. Многіх хвалюе пытаньне бясьпечнай эксплюатацыі будынка. Верыць нядаўняй інжынэрнай справаздачы пра бясьпечнасьць дома магнітагорцы баяцца.
У магнітагорскіх групах у сацсеткі «Ўкантакце» кажуць, што па пад’ездах папаўзла расколіна.