Расея ўжыве захады ў адказ у выпадку зьяўленьня ў Эўропе амэрыканскіх ракет, забароненых Дамовай аб ліквідацыі ракет сярэдняга і меншага дасягу. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў у інтэрвію праграме «Масква. Крэмль. Пуцін», тэкст якога апублікаваны на сайце МЗС РФ.
«На жаль, нашы эўрапейскія калегі, самастойнасьць якіх мы б хацелі бачыць у іх практычных дзеяньнях, пакуль ня вельмі да яе гатовыя і ідуць за ЗША нават у тых выпадках, калі гэта відавочна супярэчыць іх інтарэсам, — адзначыў Лаўроў. — Прывяду прыклад: галасаваньне па расейскай рэзалюцыі ў падтрымку захаваньня Дамовы аб ракетах сярэдняга і меншага дасягу».
«Больш за ўсё хваляваньня з нагоды рашэньня ЗША выйсьці ў аднабаковым парадку з гэтай Дамовы мы чулі ў Эўропе, — зьвярнуў увагу Лаўроў. — Але ўвесь Эўрапейскі зьвяз прагаласаваў супраць нашай прапановы, што значыць, па сутнасьці, за тое, каб Дамова перастаў існаваць, і каб над Эўропай зноў навісла пагроза разьмяшчэньня амэрыканскіх ракет, забароненых паводле гэтай Дамовы».
«Наступным крокам, вядома ж, будуць захады Расейскай Фэдэрацыі ў адказ , - заявіў кіраўнік МЗС РФ. — Гэта ня наш выбар, але не разумець пагрозаў для бясьпекі саміх эўрапейцаў у сталіцах ЭЗ, напэўна, ня могуць».
Паводле яго, немагчыма растлумачыць галасаваньне краін ЭЗ супраць прапановы РФ нічым, акрамя як «памылкова зразуметай салідарнасьцю».